Фота: pixabay.com
Фота: pixabay.com

У Калінкавічах і Мазыры ў апошнія два дні праходзяць маштабныя затрыманні жыхароў, якія так ці інакш выяўлялі сваю грамадзянскую пазіцыю на мінулых прэзідэнцкіх выбарах і пасля іх.

24 сакавіка з Калінкавіцкай раённай бальніцы міліцыя забрала сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Елісеева, які праходзіў там стацыянарнае лячэнне. Праваабаронцы паведамілі, што Аляксандр ляжаў пад кропельніцай, аднак гэта не спыніла міліцыянераў. Яны паказалі пастанову на ператрус у доме актывіста ў межах крымінальнай справы пра паклёп – паводле артыкула 188 Крымінальнага кодэкса. Падставай стала паведамленне ў тэлеграм-канале “Мозыр для жизни”.

Аляксандр Елісееў быў падчас выбараў 2020 года незалежным назіральнікам ад кампаніі «Праваабронцы за свабодныя выбары». Фота palesse.press
Аляксандр Елісееў быў падчас выбараў 2020 года незалежным назіральнікам ад кампаніі «Праваабронцы за свабодныя выбары». Фота palesse.press

І сёння а 7-й гадзіне раніцы міліцыя ўчыніла ператрус у кватэры Мікалая і Марыны Міхеевых. Пасля гэтага іх забралі ў мясцовы РАУС.

Вобшук зроблены і ў Мікалая Судаса. У яго канфіскавалі тэлефон і абвінавацілі ў абразе супрацоўнікаў міліцыі. Ён да гэтага часу ў райаддзеле ўнутраных спраў.

Напярэдадні сілавікі Мазыра прыходзілі з вобшукам да Уладзіміра Неўмяржыцкага, мясцовага сябра “Народнай грамады” (партыя Статкевіча). Паводле пастановы следчага, Уладзімір названы “сведкам у крымінальных справах”, але менавіта якіх – не сказана.

Уладзімір Неўмяржыцкі
Уладзімір Неўмяржыцкі

Сілавікі падчас ператрусу забралі ў Неўмяржыцкага тры тэлефоны, у тым ліку і кнопкавы, сістэмны блок кампутара, бел-чырвона-белую стужку, тканевыя шаўроны “Пагоня”. Пасля гутаркі ў аддзеле СК Уладзіміра адпусцілі. Неўмяржыцкі перакананы, што ператрусы ў яго ды іншых жыхароў звязаны са святкаваннем 25 сакавіка Дня Волі.

Паводле звестак ад праваабаронцаў, ператрусы ў Мазыры прайшлі таксама ў Валянціны Кулыбы, Мікалая Карасёва, Ігара Шуканава. У іх канфіскавалі кампутарную тэхніку.

Тым часам у Гомелі шэраг актывістаў атрымалі позвы на 24-25 сакавіка ва ўпраўленне СК. У прыватнасці, незалежную журналістку Ларысу Шчыракову сёння а 14 гадзіне выклікаў старшы следчы Кузмін у якасці сведкі, але па якой справе – таксама не ўказана.

Поделиться ссылкой: