Пенсіянерку асудзілі на 1,5 гады
Святлана Панамарова каля суда. Фота spring96.org

Пенсіянерку Святлану Панамарову суд пакараў аднім годам і шасцю месяцамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. А таксама пастанавіў спагнаць з абвінавачванай на карысць пацярпелага амапаўца 1500 рублёў, паведамляюць праваабаронцы.

У судзе Несвіжскага раёна 23 сакавіка пачаўся крымінальны працэс у дачыненні да 65-гадовай Святланы Панамаровай, якую вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса.

Справу вяла суддзя Вольга Крупец, бок абвінавачвання прадстаўляла памочніца пракурора Алена Каменка. Пацярпелым па справе праходзіў старэйшы сяржант АМАП Мінаблвыканкама Віталь Фёдараў.

Паводле абвінавачвання, Святлана Панамарова 26 кастрычніка 2020 года пакінула каментар: “Застраліся, с**а” пад фатаздымкам Віталя Фёдарава ў фэйсбуку з мэтай прынізіць гонар і годнасць як асабіста пацярпелага, так і ўсяго МУС агулам. Гэта быў адзін са 112 каментароў.

Падсудная сваю віну не прызнала. Жанчына адмовілася ад адваката і абараняе сябе сама. Святлана Панамарова не можа з пэўнасцю сцвярджаць, што каментар пакінула менавіта яна, бо не памятае ці пісала каментар і ці карысталася Фэйсбукам у той дзень увогуле. На папярэднім следстве падцвердзіла, што каментар пакінула яна, але на судзе ўказвае, што сказала так, бо тады разгубілася.

Пры гэтым пацярпелы заявіў грамадзянскі іск на кампенсацыю маральных пакутаў на 2000 рублёў. Віталь Федараў сцвярджаў, што пасля таго, як даведаўся пра абразлівы каментар, перажываў больш за месяц, але да псіхолага не звяртаўся. На пытанне Панамаровай, ці не перашкаджае такая тонкая душэўная арганізацыя службе ў АМАП, адказаў – дакладна не.

Пацярпелы выказаў намер перавесці грашовую кампенсацыю на дабрачыннасць, на што Святлана прапанавала ёй гэтыя грошы і пакінуць, бо яны ўтрымлівае прытулак для жывёл, а гэта як раз з’яўляецца дабрачыннасцю.

“Пры вызначэнні сумы кампенсацыі маральнага ўрону патрэбна зыходзіць з яе разумнасці”, — заявіла ў судзе абвінавачаная, якая атрымлівае пенсію ў 540 рублёў.

Пракурор запрасіла для Святланы Панамаровай 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Таксама прасіла суд задаволіць пазоў пацярпелага, але вызначыць сумму кампенсацыі Фёдараву самастойна.

Прысуд быў агучаны ў 9 гадзін раніцы 24 сакавіка.

Суддзя Вольга Купец прызнала віну Святланы Панамаровай даказанай і прызначыла ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў. Таксама яна пастанавіла спагнаць з абвінавачванай на карысць пацярпелага амапаўца Віталя Фёдарава 1500 рублёў у якасці кампенсацыі нанесенай маральнай шкоды.

Поделиться ссылкой: