Майстар схематозаў — факты пра арыштаванага ў Конга Аляксандра Зінгмана

Днямі стала вядома пра затрыманне аднаго з самых таемных і пры гэтым уплывовых бізнэсменаў Беларусі — Аляксандра Зінгмана. Некаторыя мяркуюць, што затрыманне ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга адбылося па наводцы або па патрабаванні амерыканцаў — Зінгман мае яшчэ і грамадзянства ЗША. З таго, што фігуруе ў афрыканскай прэсе, ясна, што яго падазраюць у гандлі зброяй, паведамляе “Наша Ніва”.

Зінгман — чалавек, набліжаны да Віктара Шэймана, узначальвае Кіраўніцтва спраў прэзідэнта.

Майстар схематозаў — факты пра арыштаванага ў Конга Аляксандра Зінгмана
Аляксандр Зінгман у гасцях у прэзідэнта Зімбабвэ Эмерсана Мнангагвы

Пра таго ж Зінгмана амаль нічога не вядома, апроч таго, што пісалася пра яго ў афрыканскай прэсе — што ён мае нейкае дачыненне да вывазу каштоўных камянёў, паставак беларускай тэхнікі, а таксама бываў дома ў гасцях у прэзідэнта Зімбабве Мнангагвы.

Дык што гэта за таемны чалавек і як апынуўся ў Мінску?

Бацька адправіў Зінгмана назад у Еўропу

Аляксандр Зінгман — сын эмігранта. Яго бацька нарадзіўся і вырас у раёне Юбілейнай плошчы ў Мінску, скончыў Політэхнічны інстытут (цяпер — БНТУ) і пайшоў працаваць тэхнічным спецыялістам на мінскі завод вылічальных машын імя Арджанікідзэ. А потым, напачатку 80-х, эміграваў у Штаты, прыхапіўшы з сабой жонку і сына, перавучыўся на камп’ютаршчыка і няблага ўладкаваўся. Рос Аляксандр ужо ў ЗША ў забяспечанай сям’і.

Пра гэты перыяд жыцця Зінгмана-малодшага мала што вядома.

Але ў выніку бацька адправіў сына назад у Стары Свет. Аляксандр вярнуўся на гістарычную радзіму і распачаў паход па сябрах бацькі, якія ўжо сталі буйнымі фігурамі ў Маскве і Мінску.

Крымінальныя грошы ў «Фальконэ»?

Імаверна, у якасці аднаго з крокаў для ўваходу ва ўплывовыя асяродкі СНД у 2007-м Зінгман з помпай адкрыў у Мінску рэстаран «Фальконэ», які на доўгі час стаў самым элітным месцам беларускай сталіцы.

Там працаваў першы ў Беларусі мішленаўскі повар, на адкрыццё прывезлі Тота Кутуньё.

Майстар схематозаў — факты пра арыштаванага ў Конга Аляксандра Зінгмана
Аляксандр з Елізаветай Зінгман у «Фальконе»

Салігорская жонка Зінгмана стала знанай сталічнай свецкай львіцай праз тое, што круцілася сярод высокай публікі «Фальконэ», куды ўплывовыя бізнесмены і чыноўнікі прыводзілі сваіх фаварытак.

Праўда, мала хто дакладна ведае, на якія грошы будаваўся рэстаран.

Злыя языкі казалі, што сродкі на ўзвядзенне фешэнебельнага месца былі сумнеўныя, а канкрэтна — з імі быў звязаны адзін з вядомых злодзеяў у законе, у якога ў свой час працаваў адзін з сяброў дзяцінства Зінгмана-старэйшага.

Меў праблемы з законам у Беларусі

Зінгман меў праблемы з законам, гісторыя датычыць скандалу з размеркаваннем зямлі пад Сілічамі. У выніку ажно да самага зняцця міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава і вяртання Шэймана з апалы Зінгман хаваўся за мяжой.

Майстар схематозаў — факты пра арыштаванага ў Конга Аляксандра Зінгмана

Участак Зінгмана — справа, а не злева. Фота: sb.by

Дарэчы, фота шыкоўнага дома Зінгмана ў Раўбічах за 4-метровым плотам апублікавала «СБ» у абвінаваўчым артыкуле «Сцяна разладу». Імаверна, кіраўніцтва рэдакцыі проста не зразумела, супраць каго выступіла. Журналістаў «СБ» прыслуга Зінгмана тады адфутболіла.

Спрычыніўся да падзення Чыжа

Адной з бізнэс-схем Юрыя Чыжа быў продаж беларускай тэхнікі ў Афрыцы па схеме кансігнацый — браў з заводаў на рэалізацыю бясплатна, а потым да вызначанай даты пераводзіў грошы назад, пакідаючы сабе прэмію.

Акурат тады нейкія іншыя бізнэсы пачалі даваць збой і, як кажуць, Чыж пачаў затыкаць «тэхнічнымі» грашыма ўласныя дзіркі.

Маўляў, менавіта Зінгман звярнуў увагу кіраўніцтва краіны на нясвоечасовыя плацяжы, што ў значнай меры паўплывала на наступны гаротны лёс Чыжа. Як бы там ні было, але пасля гэтай гісторыі адказным за пастаўкі тэхнікі ў Афрыку стаў ужо сам Зінгман — афрыканскія СМІ называюць яго галоўным бенефецыярам кампаніі Aftrade DMCC, якая пастаўляе ў Афрыку прадукцыю МАЗ, МТЗ, БЕЛАЗ, Гомсельмаш, МЗКТ.

Майстар схематозаў — факты пра арыштаванага ў Конга Аляксандра Зінгмана

Злева — Віктар Шэйман, справа — Аляксандр Зінгман.

Пра яго гаварыў Байпол

Як паведамлялася, нядаўна амерыканскія дыпламаты сустракаліся з лідарамі беларускіх эмігранцкіх асяродкаў у Варшаве і Вільні. Сярод іншага, дыпламаты цікавіліся асобамі, якія могуць быць замяшаныя ў спецыфічных схемах. Сярод іншых, магло гучаць і прозвішча Зінгмана. Ці ёсць сувязь паміж гэтым фактам і затрыманнем Зінгмана, пакуль няясна.

Праўда, мяркуючы па інфармацыі ў афрыканскіх СМІ, Зінгмана затрымалі не ў аэрапорце па прылёце ў Кіншасу, а пасля сустрэчы з былым прэзідэнтам краіны Жазэфам Кабілай.

Блізкая да Адміністрацыі прэзідэнта Дэмакратычная Рэспублікі Конга крыніца пацвердзіла факт затрымання Зінгмана. Яна сказала, што пасля сустрэчы з Кабілай Зінгман вылецеў з Кіншасы ў Лубумбашы, дзе быў дапытаны паліцыяй аб яго бізнэсе ў ДРК. Крыніца сцвярджае, што ён не змог растлумачыць прычыну знаходжання ў Конга.

Паводле звестак СМІ, Зінгман мае падвойнае грамадзянства ЗША і Беларусі. Па словах кангалезскіх крыніц, урады Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і Зімбабвэ аказвалі ціск з мэтай яго вызвалення. Аднак кангалезскі чыноўнік сказаў, што яны «пакуль будуць утрымліваць яго».

Іншая крыніца ў ДРК сцвярджае, што Зінгман прапаноўваў прадаць зброю былому прэзідэнту, адносіны якога з яго пераемнікам напружаныя.

Поделиться ссылкой: