Ганна Калупаха
Ганна Калупаха

Суддзя Жлобінскага раённага суда Наталля Качалава 24 сакавіка пакарала маладаю гараджанку Ганну Калупаху 10 суткамі арышту. Яна прызнана вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Такім “мерапрыемствам” стаўся відэазварот, у якім напярэдадні Ганна публічна выказалася разам з іншымі двума гараджанамі, былымі працаўнікамі Беларускага металургічнага завода.

У відэазвароце, змешчаным у тэлеграм “Свабодны Жлобін”, “тройка” звольненых не так даўно з БМЗ працаўнікоў падзякавала ўсім, хто дапамог ім у цяжкі час, калі яны засталіся без працы пасля пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў. Раіла таксама звольненым працаўнікам беларускіх заводаў не падаць духам.

“Нас звольнілі за актыўную грамадзянскую пазіцыю, але мы не здаёмся. Мы працягваем актыўна выражаць сваю нязгоду ўсімі законнымі спосабамі. Жыццё не стаіць на месцы, яно працягваецца і развіваецца. Выражаем падзяку ўсім, хто дапамагае нам у гэты цяжкі час. Нас не разбiць, нас не спынiць, нас не стрымаць. Жыве Беларусь!”, – такі тэкст агучылі ў відэазвароце былыя металургі.

Ганна працавала на БМЗ аператарам ЭВМ, яе паплечнікі – на вытворчасці.

Міліцыянеры ўчора забралі дзяўчыну на “прафілактычную гутарку”, а потым прэвентыўна адправілі ў ізалятар.

Сёння пасля суду Ганну ужо на законных падставах вярнулі за краты “даседжваць” яшчэ дзевяць сутак.

Поделиться ссылкой: