Дзмітрый Піневіч. Фота: TUT.BY

Не пакрывім душой, калі скажам: раней, калі каранавірусная эпідэмія толькі распаўзалася па ўсіх рэгіёнах Беларусі, прэтэнзіі ў людзей былі перш-наперш да тагачаснага міністра аховы здароўя У.Караніка. І невыпадкова. Многія трывожныя факты ім замоўчваліся, ён, як і Лукашэнка, казаў адно: не хвалюйцеся, усё у нас нармальна.

Мінае месяц за месяцам, а інфекцыйная зараза не знікае. Наадварот, яна ахапіла ўвесь свет, ператварыўшыся ў пандэмію. Здавалася б, нічога не схаваеш, народу трэба гаварыць толькі ПРАЎДУ. А ў нас што з гэтым? Караніку Лукашэнка аддаў Гродзенскую вобласць, а на яго месца прызначыў Дзмітрыя Піневіча. І зноў усе бачаць: новы міністр таксама не раскрывае ўсіх карт, калі размова заходзіць пра сітуацыю з каранавірусам у краіне. Вядома ж, гэта выклікае абурэнне людзей, іх крытычныя стрэлы ляцяць ва ўсе бакі. Рэдакцыя «Народнай Волі» атрымлівае шмат нараканняў з нагоды той інфармацыі, якую афіцыйна дае Міністэрства аховы здароўя і якая, паводле меркавання грамадскасці, не адпавядае сапраўднасці.

Так, 29 снежня 2020 года ў нашай газеце быў надрукаваны ліст Рэгіны Кубай пад назвай «Дайце статыстыку па рэгіёнах». (Каб не пераказваць змест, публікуем яго сёння паўторна.) Паколькі аўтаркай востра пастаўлена пытанне аб тым, што Міністэрства аховы здароўя недастаткова аргументавана падыходзіць да інфармавання насельніцтва ў сувязі з цяжкай эпідэмічнай сітуацыяй, то рэдакцыя вырашыла накіраваць пісьмо Рэгіны Кубай на разгляд непасрэдна Дз.Піневічу. А паколькі так атрымалася, што з канца лістапада газета вымушана выдавацца толькі ў электронным варыянце, дык той артыкул «Дайце статыстыку па рэгіёнах» быў дадаткова раздрукаваны на прынтары і прыкладзены да ліста на адрас міністра.

Спадар Піневіч, не хавайце ад людзей ПРАЎДУ!Не думаем, што рэдакцыйны зварот не трапіў у рукі Дзмітрыю Леанідавічу. Мяркуем, міністр добра знаёмы і з існуючым заканадаўствам – на публікацыі сродкаў масавай інфармацыі трэба рэагаваць у належныя тэрміны. Але вось час, адведзены для гэтага, мінуў, а ад спадара Піневіча – ні слова, ні паўслова. Ствараецца ўражанне, што ён, як і раней Каранік, усе свае здольнасці скіраваў на супакаенне грамадскасці, не даючы дастатковай інфармацыі. А калі яна няпоўная, то і не можа быць праўдзівай. Пра што, дарэчы, сведчаць і адкрытыя выказванні вядомага інфекцыяніста Мікіты Салаўя, якія мы вырашылі ўключыць у гэтую падборку. Зыходзячы з надзвычай вострай праблемы і таго права, якое рэдакцыі нададзена заканадаўствам, яшчэ раз звяртаемся да міністра аховы здароўя Дз.Піневіча. Калі ласка, разгледзьце ліст Р.Кубай, а таксама звярніце ўвагу на меркаванні М.Салаўя. Не той выпадак, калі можна адмоўчвацца. Мільёны людзей, падаткаплацельшчыкаў, хочуць ведаць ПРАЎДУ (і толькі!), калі пад пагрозай апынаюцца іх жыцці.

Рэдакцыя газеты
“Народная Воля”

***

Дайце статыстыку па рэгіёнах

Памятаю расказ на старонках “Народнай Волі” адной беларускай дзяўчыны, якая жыве за мяжой і працуе ў шпіталі. Аказваецца, у той еўрапейскай краіне зусім не так, як у нас, падаюць статыстыку аб захворванні людзей на каранавірус. Кожны дзень па тэлебачанні транслююцца звесткі па кожным рэгіёне, кожным горадзе. Па-першае, ніхто не хавае рэальных лічбаў, а па-другое, такая падрабязная інфармацыя дае ўяўленне, дзе небяспека заражэння большая, а дзе меншая. Чалавек выбірае, куды можна ехаць для вырашэння тых ці іншых праблем, а куды лепш не трапляць, паколькі там бушуе пандэмія.

Я лічу, вопыт замежных калег павінны пераняць беларускія медыкі. Інфармацыя нашага Міністэрства аховы здароўя настолькі куцая, што нельга зразумець, якая сітуацыя з каранавірусам, скажам, у Брэсце ці Віцебску, Гомелі альбо Магілёве, не кажучы ўжо пра раённыя цэнтры, вёскі. Ёсць усе падставы думаць, што наогул падаецца фальшывая статыстыка. Глядзіце, вось ужо каторы тыдзень паведамляецца, што ад эпідэміі ў нас памірае ў суткі 8–9 чалавек. Ну не можа быць такой стабільнасці на працягу доўгага перыяду! Калі б інфармацыя прадстаўлялася па рэгіёнах, вялікіх і малых гарадах, то, верагодна, карціна была б зусім іншая.

Можна сцвярджаць, ашуканства ідзе на дзяржаўным узроўні. Такім чынам праблема, а дакладней – небяспечная хвароба, заганяецца ўсё глыбей і глыбей. І не трэба Лукашэнку ездзіць па бальніцах, лепш кажыце людзям праўду, а не займайцеся хлуснёй.

Рэгіна КУБАЙ

***

«…Лічба смяротнасці па краіне мусіць быць як мінімум у 5–6 разоў вышэйшая за афіцыйныя лічбы»

Інфекцыяніст Мікіта Салавей – пра статыстыку захворвання

Спадар Піневіч, не хавайце ад людзей ПРАЎДУ!

– У першую хвалю афіцыйна ў нас было не больш за 1000 хворых у суткі, цяпер, у другую, не больш за 2000. І да 10 памерлых у суткі. Вы верыце ў гэтыя лічбы?

– Не, канечне. І не хаваю, гаварылася не раз, што гэтыя лічбы штучныя.

Мы ж таксама лечым пацыентаў, бываем у розных стацыянарах. І мы разумеем, што нават у Мінску гэтая лічба большая, асабліва на піку захворвальнасці.

– Якія лічбы тады, на вашу думку, больш ці менш адпавядаюць рэчаіснасці? Проста на ваша суб’ектыўнае меркаванне.

– На мой погляд, за дзень лічба смяротнасці па краіне мусіць быць як мінімум у 5–6 разоў вышэйшая за афіцыйныя лічбы. Не выключаю, што ў рэгіёнах смяротнасць можа быць вышэйшая, чым у Мінску, бо магчымасці дапамагаць пацыентам розныя.

Па захворвальнасці складаней сказаць, бо там шмат нюансаў, звязаных з рэгістрацыяй. Можа, вынік аналізу атрымаюць сёння, а апрацуюць у Цэнтры гігіены і эпідэміялогіі толькі праз некалькі дзён, і тады гэты выпадак трапіць у афіцыйную статыстыку пазней.

– А вы гэтыя лічбы спрабавалі неяк давесці да чыноўнікаў Міністэрства аховы здароўя?

– Гэта праца Міністэрства аховы здароўя – збіраць актуальную статыстыку па захворвальнасці і смяротнасці. І цалкам магчыма, што яны яе і маюць. Тое, як яны яе рэгіструюць і агучваюць, – іх праблемы. Нашы праблемы як клініцыстаў – аказваць адэкватную медыцынскую дапамогу пацыентам.

Але я ведаю, што ў нашай клініцы мы падаём як ёсць: калі чалавек памёр ад каранавіруснай інфекцыі, то мы і рэгіструем гэты выпадак як каранавірусную інфекцыю. Як яно ўлічваецца далей – праблема адміністрацыйнага ўзроўню.

– На вас няма ціску, як «правільна» запісваць смерць чалавека?

– Не, ніякага ціску. І мяркую, што ў большасці ўстаноў аховы здароўя такога ціску на дактароў няма. Праблема не ў дактарах, дактары часцей за ўсё ставяць дыягназы як ёсць. Але мы не ведаем, што адбываецца далей, як шыфруюцца пасмяротныя дыягназы аддзеламі статыстыкі, як падае гэтыя дадзеныя адміністрацыя ўстановы і пасля вышэйстаячыя інстанцыі.

(З інтэрв’ю «NN».)

Публікацыя – з № 22 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: