Мінгарвыканкам афіцыйна забараніў дэманстрацыю і мітынг 25 сакавіка ў Мінску

Арганізатарамі запланаванай на 25 сакавіка ў Мінску масавай акцыі з нагоды 103-гадавіны незалежнасці (Дзень Волі) атрыманы ліст Мінгарвыканкама пра афіцыйную забарону мерапрыемства.

Мінгарвыканкам афіцыйна забараніў дэманстрацыю і мітынг 25 сакавіка ў Мінску

Мінгарвыканкам афіцыйна забараніў дэманстрацыю і мітынг 25 сакавіка ў МінскуПадставамі для забароны стала адсутнасць у заяўнікаў дамовы з органамі ўнутраных справаў на ахову правапарадку падчас акцыі – з красавіка мінулага года заключэнне такіх дамоваў з’яўляецца абавязковым да падачы заяўкі ці ўведамлення пра правядзенне акцыі. Таксама Мінгарвыканкам у заяўцы спасылаецца на тыя абставіны, якія ўчора былі выкладзеныя ГУУС Мінгарвыканкама як падставы для забароны акцыі: неадпаведнасць месца правядзення акцыі патрабаванням закона, пандэмію каранавіруса – на падставе рэкамендацыі міністэрства аховы здароўя Мінгарвыканкам лічыць непажаданым правядзенне масавых мерапрыемстваў на тэрыторыі сталіцы.

Адмову Мінгарвыканкам каментуе старшыня Грамадскага абʼяднання БНФ «Адраджэнне» Рыгор Кастусёў:

– Пасля адмовы міліцыі ахоўваць парадак на акцыі 25 сакавіка, пра якую стала вядома ўчора, рашэнне Мінгарвыканкама пра забарону акцыі было прадказальным. Але вельмі дзіўна што гарадское начальства спасылаецца на рэкамендацыі міністэрства аховы здароўя – менавіта з службамі аховы здароўя мы дамовы акурат заключылі, з іх боку пярэчанняў не было.

Што да нашых далейшых дзеянняў – то ў цяперашніх умовах мы, грамадскае абʼяднанне БНФ «Адраджэнне», не маем права заклікаць людзей на масавую акцыю. Ва ўмовах забароны масавага мерапрыемства кожны грамадзянін самастойна вырашае якім чынам яму адзначыць святочную дату ў прыватным парадку ці ў коле сяброў і паплечнікаў.

Менгарвыканкам усклаў на заяўнікаў абавязак спыніць падрыхтоўку да дэманстрацыі і мітынгу і «прыняць меры па інфармаванню магчымых удзельнікаў аб адмене правядзення 25.03.2021 масавых мерапрыемстваў у Менску». Мы неадкладна паведамім ў службы хуткай дапамогі пра тое, што акцыі не адбудзецца і дамовы з імі не набудуць моц, а таксама перадаем у СМІ змест рашэння Мінгарвыканкама.

Безумоўна, мы ня згодныя з забаронай акцыі, лічым яе безпадстаўнай і незаконнай – скаргі ў суды на незаконныя дзеянні ГУУС Мінгарвыканкама і на самое рашэнне ўладаў пра забарону акцыі будуць пададзеныя неадкладна. Але, нажаль, іх разгляд адбудзецца ўжо пасля 25 сакавіка.

Поделиться ссылкой: