Ігар Барысаў

Затрыманне Ігара Барысава выклікала вялікі рэзананс. Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў выступіў з заявай, у якой запатрабаваў тэрмінова вызваліць лідара БСДП.

Старшыня партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук, які сябруе з Барысавым, таксама патрабуе «неадкладна вызваліць Ігара і спыніць пераслед палітычных апанентаў». На навіну пра затрыманне Барысава імгненна адрэагавалі не толькі беларускія, але і замежныя палітыкі.

«Мы глыбока занепакоены паведамленнямі пра арышт старшыні Беларускай сацыял дэмакратычнай партыі (Грамада)…

Партыя еўрапейскіх сацыялістаў… асуджае гэтыя палітычныя арышты і заклікае беларускія ўлады неадкладна вызваліць Ігара Барысава і іншых палітвязняў…» – гаворыцца з заяве кіраўніцтва Партыі еўрапейскіх сацыялістаў.

Жонка Ігара Барысава распавяла «Народнай Волі» пра тое, як затрымлівалі мужа: «Уявіце карціну: ты едзеш за рулём, і тут нейкі кіроўца наперарэз табе пад колы кідаецца!»

Алена Барысава знайшла мужа у адным з РАУСаў. Ні яе, ні адваката да Ігара не пусцілі. Аднак жанчына ўсё ж змагла перадаць мужу таблеткі: «У яго трэці дзень мігрэнь, і мне было важна перадаць яму лекі ад галаўнога болю. Што адчувае жанчына, калі на яе вачах невядомыя ў масках літаральна выкрадаюць мужа? Напэўна, у такія моманты няма нічога немагчымага. Адвакат справабавала паразмаўляць з дзяжурным, ёй адказалі, што яго зараз будуць вывозіць. Я перахапіла гэты бус. Ігар усміхаўся, нягледзячы на тое, што быў пад канвоем».

Суд адбываўся праз скайп. Міліцыянты сведчылі: пры затрыманні Ігар чапляўся рукамі за капот аўтамабіля і не хацеў ісці.

Сведкай выступіла жонка. Яе паказанні супалі з паказаннямі Ігара: супраціўлення людзям у масках ён не аказваў. Тым не менш прысуд – 15 сутак арышту.

Публікацыя – з № 22 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: