Валерый Карбалевіч
Валерый Карбалевіч

Дзясяткі тысяч беларусаў былі прыцягнуты да адказнасьці за удзел у “несанкцыянаваных акцыях” паводле сумна знакамітага артыкулу 23.34 закону аб масавых мерапрыемствах. Суды па гэтаму артыкулу працягваюцца па ўсёй краіне, піша ў сваім Telegram-канале палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч.

Несанкцыянаванымі масавымі мерапрыемствамі улады лічаць сумеснае распіцьцё гарбаты ў двары, бел-чырвона-белы сьцяг на балконе, чытаньне беларускай літаратуры у электрычцы і інш. Пры гэтым улады апэлююць да зразумелага для абывацеля пастулату, што трэба выконваць закон, у краіне павінен быць парадак.

Па БТ бясконца паказваюць сюжэты, як у Эўропе паліцыя разганяе несанкцыянаваныя мітынгі і шэсьці. Маўляў, у гэтым сэнсе Беларусь нічым не адрозьніваецца.

І вось напярэдадні Дня Волі лідэры афіцыйна зарэгістраваных у Беларусі арганізацый упершыню за доўгі час падалі афіцыйную заяўку з просьбай дазволіць санкцыянаваную вулічную акцыю.

Улады не проста адмовілі. Адначасова затрымалі і пасадзілі на суткі аднаго з заяўнікаў, кіраўніка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Ігара Барысава. Каб зразумеў, што прэтэндаваць на легальную акцыю ў сёньняшняй Беларусі – гэта нахабства.

У тым-та і адрозьненьне Беларусі ад эўрапейскіх краін, што тут легальная, санкцыянаваная вулічная акцыя немагчымая. Любы пратэст штучна крыміналізуецца. І апэляцыя да закону – вялікі цынізм.

Поделиться ссылкой: