Вольга Калацкая

У залі суду прысутнічае пацярпелы Рыгор Азаронак. Калацкая віну прызнае цалкам. Працэс разглядаюць у Фрунзэнскім судзе Менску. Перакладчыцу абвінавачваюць у тым, што яна пабіла супрацоўніка каналу СТВ Рыгора Азаронка. На працэс прыйшлі некалькі дзясяткаў сяброў Вольгі і журналістаў, перадае “Радыё Свабода”.

Паводле матэрыялаў справы, Вольга Калацкая 15 лістапада двойчы ўдарыла Рыгора Азаронка, дэманструючы такім чынам непавагу да грамадзтва.

Пракурор просіць пакараць Калацкую абмежаваньнем волі на два гады без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») і вызваліць у залі суда.

Вырак Вользе Калацкай чакаецца 24 сакавіка а 16.00.

«15 лістапада грамадзянка Калацкая на вуліцы Прытыцкага, дзейнічаючы адкрыта і супрацьпастаўляючы сябе інтарэсам грамадзтва, мэтанакіравана нанесла ня менш за адзін удар у вобласьць твару Азаронку, прычыніўшы яму фізычны боль, — зачытала пракурор матэрыялы абвінавачаньня. — Яна ж 15 лістапада, знаходзячыся на вуліцы Пушкіна, адкрыта супрацьпастаўляючы сябе інтарэсам грамадзтва, неапраўдана праяўляючы агрэсію, нанесла Азаронку ўдар у вобласьць твару».

Азаронак прызнаўся, што справу супраць перакладчыцы Калацкай ініцыяваў Следчы камітэт. Пракурор просіць два гады «хатняй хіміі»
Рыгор Азаронак у судзе

Дзеяньні Вольгі Калацкай кваліфікаваныя як злоснае хуліганства.

«Віну сваю прызнаю ў поўным аб’ёме, — паведаміла сама Вольга суду. — 12 лістапада 2020 году памёр пабіты Раман Бандарэнка. Я вельмі смуткавала і была ў глыбокай жалобе з нагоды сьмерці гэтага чалавека. Я глыбока спачувала яго маці. Тое ж адчувалі ўсе мае сябры і знаёмыя. 15 лістапада я вырашыла зьезьдзіць на Заходнія могілкі, дзе пахаваны мой бацька».

Па словах Вольгі, па дарозе на могілкі яна пабачыла, што грамадзкі транспарт не курсуе. Яна чакала каля 30 хвілінаў, пасьля чаго на прыпынак пад’ехала маршрутка і Вольга даехала на ёй да станцыі мэтро «Пушкінская». Каля гэтай станцыі мэтро яна пабачыла Азаронка, які задаваў пытаньні людзям.

«Ён пытаўся ў людзей, чаму яны туды прыйшлі, — расказала Вольга на допыце, — ці ведаюць яны імя па бацьку Рамана Бандарэнкі. Людзі не маглі яму адказаць на гэта, на што Азаронак сказаў, што яны ня могуць смуткаваць, бо ня ведаюць імя па бацьку Рамана. Я была глыбока абураная гэтым. Па словах Азаронка выходзіла, што людзі ня могуць спачуваць родным і блізкім Рамана Бандарэнкі. Гэта мяне глыбока абразіла. У стане эмацыйнага ўзрушэньня я наблізілася да яго і дала поўху Азаронку. Я не магла спыніцца. Я не хацела прычыніць яму боль, гэта быў чыста сымбалічны жэст».

Пасьля гэтага, па словах Вольгі Калацкай, яна пайшла дадому.

Пацярпелы Азаронак просіць спыніць перасьлед перакладчыцы Калацкай

Рыгор Азаронак у залі суду расказаў, што 15 лістапада працаваў у раёне станцыі мэтро «Пушкінская», дзе рыхтаваў матэрыял для свайго тэлеканала СТВ.

«Я накіраваўся на асьвятленьне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства па заданьні рэдакцыі СТВ, — сказаў Азаронак. — Там зьбіраліся людзі. Для таго, каб правесьці несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Са мной быў мой апэратар, там таксама былі калегі з іншых каналаў, з „Советской Беларуси“ (маецца на ўвазе выданьне „Беларусь сегодня“. — РС). Група людзей абступіла мяне, пачала гучна крычаць. У тым ліку нецэнзурную лексыку. Яны хацелі мяне абразіць, але мяне гэта не закранала. Я не лічу сябе абражаным».

Азаронак прызнаўся, што справу супраць перакладчыцы Калацкай ініцыяваў Следчы камітэт. Пракурор просіць два гады «хатняй хіміі»
Рыгор Азаронак здымае сюжэт з акцыі пратэсту ў Менску 15 лістапада 2020

Па словах Азаронка, ён задаваў «стандартныя пытаньні для несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў»: «Для чаго вы сюды прыйшлі, зь якой мэтай?». Пацярпелы не адмаўляе, што распытваў у прысутных пра Рамана Бандарэнку, у тым ліку пра яго імя па бацьку. Рыгор Азаронак сьцьвярджае, што проста працаваў і ня меў жаданьня некага абразіць.

«Мяне абступіла група грамадзян, я спрабаваў наладзіць дыялёг, — расказаў Азаронак. — Мяне пачалі хапаць за куртку. У той жа момант падышла абвінавачаная і ўдарыла мяне. Ударыла і адразу адышла. Потым у тэлеграм-канале зьявілася відэа, на якім я пабачыў абвінавачаную. Першапачаткова я яе ня бачыў. Затым натоўп пайшоў вуліцай Прытыцкага. Я, адпаведна, ішоў за ім».

Азаронак расказвае, што бачыў, як людзі спрабавалі перакрыць дарогу. Па яго словах, ён працягваў рыхтаваць рэпартаж. Празь нейкі момант сытуацыя паўтарылася. Яго акружылі, а Калацкая падышла са сьпіны і ўдарыла яго ў твар. Рыгор Азаронак кажа, што хацеў высьветліць у Калацкай, чаму яна яго выцяла, аднак было шмат людзей і ён ня змог пагаварыць з Калацкай. Азаронак таксама сьцьвярджае, што заявы на Вольгу Калацкую не пісаў. Крымінальная справа супраць яе была ініцыятывай СК.

«Я напісаў хадайніцтва аб спыненьні крымінальнага перасьледу Вольгі Калацкай, — сказаў Азаронак. — На ўсіх допытах казаў, што прэтэнзій да яе ня маю. Правам выставіць прэтэнзіі аб кампэнсацыі маральнай шкоды скарыстацца не хачу. Прэтэнзій да Калацкай ня маю, не лічу, што яна мяне абразіла. Я падтрымліваю сваё хадайніцтва аб спыненьні крымінальнага перасьледу Калацкай».

Вольга Калацкая гаворыць, што памятае толькі адзін з удараў, нанесеных Рыгору Азаронку. Перакладчыца кажа, што другі свой удар бачыла толькі на відэа, сама яна яго ўспомніць цяпер ня можа праз эмацыйны стан.

«Калі спадар Азаронак прызна́е, што людзі, прысутныя там, шчыра выказвалі свой смутак, — я папрашу ў яго прабачэньня. — сказала Вольга Калацкая суду. — Я хачу ведаць яго пазыцыю. Я шкадую, што не змагла ўтрымацца. Адназначна. Але мае выбачэньні перад ім залежаць ад таго, ці спачувае Азаронак маці Рамана Бандарэнкі».

Вольгу Калацкую затрымалі 15 студзеня ў сваёй кватэры. Пазьней адвакату паведамілі, што яна праходзіць паводле крымінальнага артыкулу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Аднак 19 студзеня ёй прад’явілі абвінавачаньне па частцы 1 артыкулу 339 (хуліганства). 4 лютага ў кватэры 89-гадовай маці Калацкай прайшоў ператрус, а праз 10 дзён адзін са сьледчых паведаміў ёй, што справа дачкі завершаная і будзе перададзеная ў суд.

Маці Вольгі Калацкай патрабуе штодзённага догляду.

Поделиться ссылкой: