Яўген Малікаў

Гісторыя звальнення «пратэстнага» выкладчыка

Асоба ў горадзе У Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту на факультэце прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва Яўген Малікаў выкладаў гісторыю архітэктуры 16 гадоў. Карэнны гамяльчанін, паводле першай адукацыі гісторык – скончыў Гомельскі ўніверсітэт імя Францішка Скарыны. Потым вучыўся ў аспірантуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы па спецыяльнасці
«Выяўленчае і дэкаратыўнапрыкладное мастацтва і архітэктура», абараніў на такую ж тэму кандыдацкую дысертацыю, выдаў манаграфію.

Яўген Малікаў – прыкметная асоба ў горадзе. Ён быў у шэрагах абаронцаў унікальнай драўлянай забудовы Гомеля, ашчаднага стаўлення да палацава-паркавай тэрыторыі, выступаў разам з іншымі гараджанамі за ўшанаванне памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій у Шчакатоўскім і Бутулінскім лясах паабапал Чарнігаўскай шашы. Ва ўніверсітэце выкладчык кіраваў студэнцкім навуковым таварыствам гісторыі архітэктуры і краязнаўства імя Станіслава Шабунеўскага, выбітнага гомельскага архітэктара, які загінуў у гады сталінскіх рэпрэсій. 19 лістапада мінулага года Малікава звольнілі, як напісана ў загадзе рэктара ўніверсітэта Юрыя Кулажанкі, «у сувязі са здзяйсненнем амаральнага ўчынку, несумяшчальнага з працягам дадзенай працы, п.3 арт.47 Працоўнага кодэкса».

Трыумвірат у сярэдзіне семестра

Дык які «амаральны ўчынак» здзейсніў дацэнт кафедры архітэктуры і будаўніцтва Яўген Малікаў, што яго неабходна было звальняць з універсітэта ў сярэдзіне семестра?

Сам Яўген спачатку розуму не мог дабраць. 11 верасня яго затрымала міліцыя паблізу дома, калі ён вяртаўся з тэхнічнага ўніверсітэта імя Сухога, дзе падтрымаў калег, якія ладзілі пікет супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту з боку сілавікоў.

Трое сутак выкладчык сядзеў, што называецца, без суда і следства ў ізалятары, а 14 верасня суд пакараў яго пяцісутачным арыштам за ўдзел у акцыі пратэсту 6 верасня. Паказальна, што на чарговым пратэстным маршы, што праходзіў у Гомелі, былі плакаты ў падтрымку мастацтвазнаўца і гісторыка Яўгена Малікава. Апроч таго, у дзень суда некалькі дзясяткаў студэнтаў БелДУТ правялі пікет салідарнасці са сваім выкладчыкам, які адбываў суткі ў ізалятары.

Удзел у пратэстнай акцыі і стаўся тым «амаральным учынкам», пакладзеным у аснову загаду на звальненне.

17 верасня, калі Малікаў пасля ізалятара выйшаў на працу, яго выклікаў да сябе рэктар Кулажанка. У прысутнасці двух прарэктараў, Юрыя Самадума і Галіны Чаянковай, адбылася працяглая, але досыць карэктная размова пра затрыманне і адміністрацыйны арышт. Калі ўсе дзіды і стрэлы былі паламаны, рэктар запытаўся ў выкладчыка, як ён мае намер надалей будаваць свае адносіны з універсітэтам.

«Калі вы лічыце, што адміністрацыйны арышт – гэта прагул, звальняйце. Калі не, я гатоў ісці на лекцыю», – адказваў Малікаў.

Пярэчанняў не было, і Яўген адправіўся на кафедру выконваць абавязкі дацэнта. Яму здавалася, што на гэтым прэтэнзіі рэктарата з прычыны яго ўдзелу ў акцыях пратэсту скончыліся.

«Выстаўлю адзін вус»

Зацішша цягнулася амаль два месяцы. Яўген працягваў выкладаць студэнтам гісторыю архітэктуры, куратарстваваць у групе трэцякурснікаў, будучых архітэктараў. І тут на выкладчыка наваліўся кавід, хатняя самаізаляцыя, а дома, як на бяду, заставаўся няскончаны майстрамі рамонт ды іншыя побытавыя клопаты.

Падчас хваробы і каранціну ў 42-гадовага выкладчыка адраслі барада і вусы. Бараду Яўген пагаліў, а вусы пакінуў і нават зрабіў сэлфі. Свой новы імідж выкладчык дапоўніў каментарыем у Facebook: «Я вось думаю: калі нашы мясцовыя аграфеадалы баяцца не законаў, а чувака з вусамі, можна мне і пакінуць гэтыя вусы – буду апанентаў пужаць імі, як таракан. Прыспушчу маску, выстаўлю адзін вус вонкі і грозна выдам: «Шо вы сказалі???».

Разважанні Малікава закранулі «рабаўладальнікаў», «цяжкую артылерыю» 1930-х гадоў ды некаторыя іншыя гістарычныя моманты. Допіс у Facebook праз нейкі тыдзень заўважылі ва ўніверсітэце і ўспрынялі як спробу дыскрэдытацыі. Прынамсі, загадчык кафедры «Архітэктура і будаўніцтва» прафесар Ігар Малкоў напісаў дакладную, у якой абвінаваціў Малікава ў «хамстве, грубасці і паклёпе ў дачыненні службовых асоб універсітэта».

Дэкан факультэта прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва Анатоль Ташкінаў у сваёй дакладной на падставе суб’ектыўных меркаванняў успрыняў пост выкладчыка ў сацыяльнай сетцы як «паклёпніцкі матэрыял, які ў грубай і абразлівай форме ганьбіць кіраўніцтва кафедры, факультэта і ўніверсітэта, называючы іх рабаўладальнікамі і аграфеадаламі. Загадчыка кафедры прафесара, доктара архітэктуры Малкова І.Г. ён яшчэ называе «цяжкай артылерыяй», праўда, яшчэ даваеннай, 1930-х гадоў выпуску, закліканага (паводле допісу) для «канчатковага вырашэння праблемы з Малікавым».

Ляцелі на адрас выкладчыка і «снарады» значна большага калібру: «…у паўсядзённай педагагічнай рабоце адсутнасць палажэнняў дзяржаўнай ідэалагічнай дактрыны, у аснове якой мір і спакой, і прамая падтрымка студэнтаў, што сеюць у розумах іншых збянтэжанасць і беспарадкі».

11 лістапада рэктар БелДУТ вынес Малікаву вымову, як сказана ў загадзе №292л, «за парушэнне п.29 Правілаў унутранага працоўнага распарадку, што выразілася ў незахаванні маральных і этычных норм у частцы моўнай дысцыпліны пры размяшчэнні 30.10.20 інфармацыйнага паведамлення ў сацыяльнай сетцы».

Падобна, што гэта наогул першая ў Беларусі вымова, зробленая выкладчыку за пост на яго старонцы ў сацыяльнай сетцы.

Грозны ліст

Выпадкова ці не, але ўжо на наступны дзень ва ўніверсітэце быў зарэгістраваны ліст з Чыгуначнага РАУС за подпісам намесніка начальніка Віктара Сцепаненкі – ён інфармуе, што выкладчык Малікаў браў удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, чым парушыў артыкул 23.34 КаАП. У катэгарычнай форме намеснік начальніка патрабаваў разгледзець факт здзяйснення выкладчыкам правапарушэння на сходзе калектыву, патлумачыць яму патрабаванне заканадаўства, якое вызначае парадак правядзення масавых мерапрыемстваў, а таксама растлумачыць адказнасць паводле артыкулаў 17.1, 23.4, 23.34 КаАП. Трэці пункт у лісце: цягам месяца пісьмова праінфармаваць аддзел міліцыі наконт прынятых мер.

У вышэйшай навучальнай установе адказырнулі. Ужо 17 лістапада рэктар Юрый Кулажанка падпісаў загад №701к – звольніць з універсітэта Яўгена Малікава з 19 лістапада «ў сувязі са здзяйсненнем амаральнага ўчынку, несумяшчальнанага з працягам дадзенай працы, п.3 арт.47 Працоўнага кодэкса». Выкладчыку не далі нават дапрацаваць апошнія два дні, асцерагаючыся яго мажлівага негатыўнага ўплыву на выхаваўчы працэс са студэнтамі.

З «партызанаў» – у суд

Праз дзесяць дзён пасля звальнення Малікава прызвалі на вайсковыя зборы. Ён нават пажартаваў: «Арышт у ізалятары замянілі на 25 сутак збораў». Але дзіва дзіўнае: вайсковыя зборы ў 42-гадовага кандыдата мастацтвазнаўства цягнуліся ўсяго адзін дзень. У вайсковай часці асцерагаліся «партызан», якія бралі ўдзел у акцыях пратэсту.

Вярнуўшыся дадому, Яўген падрыхтаваў іск у суд, у якім абскардзіў сваё звальненне з працы паводле «амаралкі». Заадно выкладчык аспрэчваў і рашэнне камісіі па працоўных спрэчках – яна адмовілася на яго заяву скасаваць загад рэктара №292л на вымову «за парушэнне п.29 Правілаў унутранага працоўнага распарадку». Прасцей кажучы, той самы загад на вымову за допіс у Facebook. Апроч таго, звольнены выкладчык патрабаваў аплату за вымушаны прагул і кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры адной тысячы рублёў.

«Я асабіста перакананы, – зазначаў адразу пасля падачы заявы ў суд выкладчык Малікаў, – што ў дадзенай судовай спрэчцы законнасць цалкам на маім баку. Але хто ж яго ведае, як яно там, у судзе, пойдзе, якія дадатковыя «контраргументы» выставіць супрацьлеглы бок». І дадаваў пры гэтым, што ў Беларусі «часам і нямыя лозунгі крычаць, і бязрукія ў далоні пляскаюць».

Мараль і права

Іск звольненага выкладчыка разглядаў суд Чыгуначнага раёна Гомеля. Адказчыкі па даверанасці – начальніца арганізацыйнага аддзела і юрыдычнай работы БелДУТ Алена Кавалёва і прарэктар па вучэбнай працы Мікалай Казакоў – прэтэнзіі выкладчыка да кіраўніцтва ўніверсітэта не прызналі.

Прарэктар Казакоў, адказны ва ўніверсітэце за адукацыйны працэс, у размове з журналістам «Народнай Волі» адмаўляў звальненне выкладчыка з ідэалагічных прычын ды дзеля перастрахоўкі. Раіў слухаць, што будзе гаварыцца ў судзе.

Адбыліся чатыры пасяджэнні суда. У якасці сведак былі дапытаны кіраўнікі аддзела кадраў, кафедры архітэктуры і будаўніцтва, дэканата прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва, члены прафкама ды некаторых іншых структур вышэйшай навучальнай установы.

У прыватнасці, Алена Кавалёва тлумачыла ў судзе, што Малікаў дапусціў парушэнне працоўнай дысцыпліцы «шляхам размяшчэння ў сацыяльнай сетцы інфармацыйнага паведамлення, якое ўтрымлівае выказванні, што выражаюць непавагу да ўніверсітэта ў цэлым, а таксама палітычныя перакананні, погляды адносна Беларусі з выкарыстаннем двухсэнсоўных, неадназначных выразаў». Усё гэта даступна шырокай публіцы, у тым ліку і студэнтам. Выкладчыкі ж, маўляў, мусяць падаваць прыклад не толькі ў сценах універсітэта, яны наогул «не павіненны дапускаць дзеянняў на публічнае абмеркаванне ўніверсітэта». Трэба дбаць пра імідж навучальнай установы, аўтарытэт педработніка, заяўлялі прадстаўнікі ўніверсітэта на судзе. Таго патрабуе і Кодэкс аб адукацыі.

Выкладчык Малікаў не пярэчыў згаданым пастулатам, але здзіўляўся: а пры чым тут зроблены ў непрацоўны час пост у Facebook, дзе няма ні імёнаў, ні празвішчаў, ні назвы ўстановы? Няма нават слова «ўніверсітэт».

Дысцыплінарная адказнасць, паводле працоўнага заканадаўства, наступае за «супрацьпраўнае, вінаватае невыкананне альбо неналежнае выкананне работнікам сваіх працоўных абавязкаў». Таму Малікаў і здзіўляўся: якія такія працоўныя абавязкі ён выконваў, седзячы ўвечары 30 кастрычніка ў сябе дома, калі пісаў пост? Допіс ў сацыяльнай сетцы ніяк не падпадае пад парушэнне працоўнай дысцыпліны.

Дык ён жа калег абразіў, назваў іх «рабаўладальнікамі», «аграфеадаламі»! – абураліся прадстаўнікі ўніверсітэта.

Непасрэдны кіраўнік звольненага выкладчыка загадчык кафедры, доктар архітэктуры Ігар Малкоў, выступаючы ў судзе, заявіў: «Я фігурую ў допісе ў якасці «артылерыі 30-х гадоў». З гадамі вы (Малікаў) угадалі. Канечне, для мяне гэта абразліва. Тое, што выкладваецца ў інтэрнэце, – гэта лухта для людзей такога ўзроўню (прафесар абазначыў рукой невысока ад падлогі)».

85-гадовы загадчык кафедры ўдзельнічаў у камісіі, якая вызначала, што ўчынкі выкладчыка Малікава амаральныя і яго трэба звольніць. Ісцец і запытаўся ў сведкі, якія ж дзеянні той лічыць амаральнымі.

– Яўген Раманавіч, мы колькі з табой гаварылі! – наўпрост звярнуўся загадчык да звольненага калегі. – Калектыў кафедры – 48 чалавек, ты заўсёды быў сам па сабе. Якая мараль? Хоць бы тое, што ты не праводзіў палітыку дзяржавы, якую патрабуюць ад кожнага выкладчыка.

– Што менавіта амаральнага ў маім учынку? – прасіў удакладніць Малікаў.

– Я пра гэту класіфікацыю не скажу, не ведаю, – адказаў прафесар Малкоў.

Тут дарэчы заўважыць, што выкліканы ў суд эксперт, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францішка Скарыны Святлана Вяргеенка, абвергла наяўнасць парушэння маральных і этычных нормаў у інтэрнэтным допісе Малікава з пункту гледжання моўнай дысцыпліны – у ім няма «лексічных адзінак, якія абражалі б гонар альбо годнасць хоць кагосьці». Тэкст нейтральны, словы літаратурныя. Няма ў паведамленні выкладчыка і «слоў, якія нейкім чынам дыскрэдытавалі б Беларусь», пра што пыталіся ў судзе адказчыкі з БелДУТ. Спецыяліст убачыла ў допісе меркаванне чалавека, так ці інакш звязанага з гісторыяй. А за меркаванне заканадаўства не прадугледжвае пакарання.

«Рабаўладальнікі» і верш на дзвярах аўто

– Правілы моўнай дысцыпліны прымяняюцца (выкладчыкі абавязаны іх захоўваць) не толькі ў працоўны час, не толькі на занятках. Ёсць яшчэ другая палова дня. А ці можа моўная дысцыпліна ўтрымліваць немаральныя формы? Узяць тэкст – прыгожы, каліграфічны, прыкладам, верш Якуба Коласа, напісаны на дзвярах чужой машыны, на сцяне ўніверсітэта. Ці можна казаць, што гэта невыкананне моўнай дысцыпліны? – задаваў пытанне спецыялісту-філолагу прарэктар БелДУТ Мікалай Казакоў.

– Гэта сфера юрыспрудэнцыі, паколькі нанесена шкода машыне, сцяне… А моўная дысцыпліна не можа разглядацца як парушэнне этыкі, яна – дысцыпліна, – тлумачыла Святлана Вяргеенка.

– Проба пяра (Малікаву) удалася – пэўна, трыста людзей пачыталі, а цяпер ужо, можа, і тысяча. Таму тэрмін «суб’ектыўна» я ўжо выкарыстоўваць не магу. Два паважаныя чалавекі допіс дацэнта Малікава лічаць абразлівым, – разважаў прарэктар.

– Гэта іх асабістае меркаванне… Кожны чалавек у сілу сваёй пісьменнасці можа інтэрпрэтаваць тэкст так, як яму намысліцца, – заўважыла Вяргеенка.

– «Рабаўладальнікі» – гэта гістарычны тэрмін, але ў яго ёсць пэўны негатыўны сэнс. Наймальнік, загадчык кафедры, непасрэдны кіраўнік, чытаючы гэты тэкст і ведаючы, што ў іх канфліктныя дачыненні, маглі ўспрыняць на сябе гэты тэкст? – пацікавілася ў сваю чаргу прадстаўніца пракуратуры, якая ўдзельнічала ў працэсе.

– Калі наймальнік лічыць сябе рабаўладальнікам, то мог, – быў адказ спецыяліста-філолага.

Дэкан факультэта ПГБ Анатоль Ташкінаў, якога суд таксама апытваў у якасці сведкі, перакананы, што допіс выкладчыка наконт «рабаўладальнікаў» і «аграфеадалаў» недарэчны і датычны кіраўніцтва і кафедры, і ўніверсітэта – сам ён на той час быў на бальнічным. А падставай для іранічнага паста сталася дакладная запіска загадчыка кафедры пра хібы ў выкладчыцкай дзейнасці Малікава – і стэнд ён не аформіў, і метадычны дапаможнік не выдаў, і публікацый па прадмеце ў яго бракуе.

Аднак амаральным учынкам, з прычыны якога дэкан Ташкінаў даў згоду на звальненне Яўгена Малікава, стаўся ўдзел апошняга ў пратэстнай акцыі, за што міліцыя праз суд пакарала выкладчыка ў верасні адміністрацыйным арыштам.

– Любы выкладчык нашага ўніверсітэта, вольна ці нявольна, прыклад для студэнтаў, іхніх паводзін… Удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве лёг у аснову таго, што я даў згоду на звальненне Малікава з працы за амаральны ўчынак, – сведчыў дэкан.

– Вы падпісалі акт, у якім гаворыцца, што факт прыцягнення Малікава да адміністрацыйнай адназнасці з’яўляецца амаральным учынкам. Не ўдзел у акцыі пратэсту, а факт прыцягнення да адказнасці? – пытаўся ісцец.

– А я не бачу тут прынцыповай розніцы, – быў адказ.

– А ці ёсць розніца паміж супрацьпраўным і амаральным паступкам? – пацікавіўся Малікаў.

– Ёсць розныя правапарушэнні. Напрыклад, на чырвонае святло няўмысна праехаў. Але іншая справа, калі дэманстратыўна, не адчуваючы сваёй адказнасці за студэнтаў, для якіх вы з’яўляецеся прыкладам. І ў многім не таму, што вы валодаеце нейкімі асабістымі і прафесійнымі якасцямі, а таму, што вы з’яўляецеся выкладчыкам універсітэта і ганьбіце яго, – даваў водпаведзь дэкан Ташкінаў, паставіўшы, так бы мовіць, вагон наперадзе паравоза.

І ўжо на пытанне прарэктара Казакова, адказчыка па справе, дадаваў, што ў «адукацыйным працэсе выхаванне займае не менш за 50 працэнтаў ад навучання».

«Паводзіны… пад лупОй»

Да такіх жа прапорцый схілялася і сведка па справе, прарэктар па выхаваўчай працы ўніверсітэта транспарту Галіна Чаянкова, называючы выхаваўчую функцыю выкладчыка адной з галоўных. І працягвала, звяртаючыся да Малікава:

– Вашы паводзіны – яны заўсёды знаходзяцца пад лупОй (вымаўлена з націскам на апошнім складзе. – Аўт.). І не толькі вашы, але і мае, і ўсіх тых выкладчыкаў, якія працуюць. Сярод разнастайных метадаў выхавання, што прымяняюцца да студэнтаў, асабісты прыклад выкладчыка іграе вялікую ролю. Вы як выкладчык і куратар павінны падаваць прыклад сваім студэнтам, павінны выхоўваць, праводзіць з імі работу з пункту гледжання прафілактыкі няўдзелу, дакладней недапушчэння хоць якіх правапарушэнняў і злачынстваў. Павінны выхоўваць іншыя грамадзянскія якасці, павінны выхоўваць ў іх мараль і гэтак далей і таму падобнае.

Як ісцец Яўген Малікаў запытаўся ў Галіны Міхайлаўны, у чым жа выявілася «амаральнасць» яго ўчынку.

– Калі выкладчык выходзіць, скажам так, на несанкцыянаванае мерапрыемства з кракадзілам і адпаведным надпісам, то гэта як? Гэта ўласціва выкладчыку БелДУТ? Вы, калі ішлі, вы думалі пра гонар, імідж універсітэта? Мяркую, што не. Супрацьпраўны ўчынак для выкладчыка – гэта ўжо амаральны ўчынак.

Чаянкова заявіла таксама, што і з пасады намесніка дэкана Малікаў быў зняты ў свой час, бо «досыць актыўна праяўляў сваю пазіцыю, якую многім у горадзе спрабаваў навязаць. Нагнала аскому прозвішча «Малікаў». Раз Малікаў так лічыць, значыць, і кіраўнікі горада, універсітэта і архітэктары павінны так лічыць».

Сітуацыя і гуманітарная адукацыя

За разглядам іску Яўгена Малікава ў судзе назіраў рэгіянальны прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта, дацэнт аднаго з універсітэтаў горада Віктар Адзіночанка. Паводле яго слоў, працэс яму быў цікавы як праваабаронцу і выкладчыку.

Нашага суразмоўцу асабліва закранула пытанне матывіроўкі звальнення Яўгена Малікава – як тлумачылі прадстаўнікі БелДУТ, за амаральны ўчынак.

– На мой погляд, гэта сведчыць пра страшны заняпад гуманітарнай адукацыі ў нашай краіне. Людзі проста не разумеюць, што такое мараль, маральнасць. Загад абсалютна непісьменны. Прадстаўнікі ўніверсітэта не могуць толкам патлумачыць: у чым амаральнасць учынку выкладчыка менавіта з пункту гледжання маралі? – кажа Адзіночанка.

Праваабаронца не выключае, што была ўстаноўка – звольніць актыўнага выкладчыка, адлучыць яго назаўсёды ад універсітэта.

– Заяўляюць, – працягвае праваабаронца, – што вось ён там удзельнічаў, гэта амаральна, яго пакаралі. Гэта памылкова. Маральнасць паводле іншых крытэрыяў ацэньваецца. Розніца паміж мараллю і правам прапісана ў падручніках. Ці амаральна паступіў выкладчык, узяўшы ўдзел у пратэстах? Ён жа тым самым выказаў сваю грамадзянскую пазіцыю! Калі з яго боку не было нейкіх антычалавечых, расісцкіх поглядаў, праяў дыскрымінацыі, то мы не можам казаць, што яго ўчынак амаральны. Выкладчык не спажываў алкаголь, не ўжываў наркотыкі, не біў вітрыны, не хуліганіў нейкім іншым чынам. Магчыма, прыхільнікі ўлады з яго поглядамі і не згодныя, але гэта ўжо палітычны аспект. Выкладчык удзельнічаў у мірнай акцыі, што гарантавана Канстытуцыяй.

На думку дацэнта Адзіночанкі, склалася парадаксальная сітуацыя: грамадзяне не згодны з вынікамі выбараў, яны маюць свае погляды, адрозныя ад афіцыйных, а выразіць іх не маюць магчымасці, апроч як праз мірныя пратэсты. Улады за гэта караюць.

– Альбо ты сядзіш дома і не адчуваеш сябе грамадзянінам Беларусі, што не ёсць прыкметай высокай маралі, альбо выходзіш на вуліцу. Яшчэ Платон заўважыў, што грамадзянская пасіўнасць спараджае ўладу злачынцаў, – зазначае Віктар Адзіночанка.

Праваабаронца, сам ісцец і яго прадстаўнікі з Белпрафтранса звяртаюць таксама ўвагу, што пры звальненні выкладчыка рэктарат БелДУТ парушыў патрабаванні заканадаўства: пісьмовы запыт наконт дачы згоды на звальненне ў прафкам не накіроўваўся, прафкам пасяджэння не праводзіў, пастановы не прымаў. Дапытаны ў судзе старшыня прафкама ўніверсітэта транспарту Віктар Рыжанкоў паясняў у судзе, што ён даваў згоду ад імя прафкама, подпіс яго ёсць пад загадам. Некаторыя іншыя члены прафсаюзнага камітэта, паводле слоў Рыжанкова, сваю згоду пацвердзілі подпісамі пад запіскай: хто ў дзень выдання загада рэктара, хто напярэдадні.

Грамадскі актывіст і палітык Васіль Палякоў, які сочыць у горадзе за пераследам удзельнікаў пратэстных акцый, а таму наведвае суды, звяртае ўвагу на відавочную паспешлівасць у звальненні выкладчыка Малікава пасля ліста з міліцыі. Ідзе маштабная кампанія пераследу іншадумства, і тут любое лыка вяжуць у строчку. У дадзеным выпадку – амаральным робяць удзел выкладчыка ў мірнай акцыі пратэсту грамадзян супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і гвалту з боку сілавікоў.

– Я бачу, – дадае Палякоў, – чым менш ва ўчынках людзей маралі, тым больш яны імкнуцца пра гэта гаварыць. Маральная перавага на баку Яўгена Малікава – ён заявіў пра сябе як грамадзянін, ён не абыякавы да таго, што адбываецца ў краіне, ён скарыстаўся сваім канстытуцыйным правам на мірныя сходы. А прадстаўнікі ўніверсітэта кажуць у судзе, што гэта няправільна, што гэта супраць маралі. Прыкра гэта ўсё слухаць, бо гэта не той узровень, які варты выкладчыка вышэйшай навучальнай установы.

Дык хто які прыклад студэнтам падае?

***

P.S. Cуддзя суда Чыгуначнага раёна Гомеля Кацярына Календа сваім рашэннем адхіліла іск Яўгена Малікава да рэктарата БелДУТ наконт аднаўлення на працы, скасавання вымовы за допіс у Facebook і выплаты маральнай шкоды. Звольнены выкладчык вырашыў аспрэчыць вырак у вышэйшай інстанцыі. Абласны суд пакінуў вердыкт К.Календы ў сіле. Застаецца звярнуцца з апеляцыяй у Вярхоўны суд.

Публікацыя – з № 22 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: