За «збіццё» Азаронка перакладчыцы пагражае да 6 гадоў турмы
Вольга Калацкая

Працэс над перакладчыцай Вольгай Калацкай распачнецца ў аўторак, 23 сакавіка, а 10:30 у судзе Фрунзенскага раёна Мінска. Суд можа прайсці за адзін дзень. Вользе пагражае да 6 гадоў зняволення, паведамляе БАЖ.

Перакладчыцу Вольгу Калацкую вінавацяць у злосным хуліганстве (арт. 339 Крымінальнага кодэкса) — нібыта падчас адной з акцый пратэсту Вольга нанесла некалькі ўдараў супрацоўніку СТВ Рыгору Азаронку.

Вольгу Калацкую затрымалі 15 студзеня падчас заняткаў па ангельскай мове. Паводле ч.2 арт. 339 Вользе Калацкай пагражае арышт альбо абмежаванне волі да 3 гадоў, альбо пазбаўленне волі да 6 гадоў.

Затрыманне Вольгі Калацкай выклікала шырокі розгалас у коле беларускай інтэлігенцыі. Спадарыня Вольга выкладчыца англійскай мовы і вядомая перакладчыца. Яна пераклала на беларускую мову дзясяткі фільмаў, серыялаў і кніг, у тым ліку Вірджыніі Вулф, Тэнэсі Ўільямса, Уільяма Голдынга, Пола Остэра, Тоні Парсанза, Артура Голдэна, “Гладыятар”, “Шрэк”, “Сямейку Смітаў” ды іншыя.

З патрабаваннем неадкладна вызваліць Вольгу выступіў Амерыканскі ПЭН (PEN America) і вядомая канадская пісьменніца Маргарэт Этвуд.

Да затрымання Вольга Калацкая жыла ў Мінску з 89-гадовай маці, якой патрабуецца дагляд. Цяпер дапамагаць маці адгукнуліся сябры і вучні Вольгі.

Поделиться ссылкой: