У судзе над Шмігельскім, Патрушавым і Шаўчуком. Фота: spring96.org

Суддзя Жлобінскага раёна Мікалай Сергіевіч 22 сакавіка пакараў мясцовых жыхароў Віктара Шмігельскага, Іллю Патрушава і Андрэя Шаўчука двума з паловай гадамі няволі ў калоніі агульнага рэжыму.

Яны прызнаныя вінаватымі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама ў гвалце ці пагрозе гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў адпаведна артыкулам 342 і 364 Крымінальнага кодэкса. Абвінавачванне падтрымліваў намеснік раённага пракурора Андрэй Аношка — ён прапаноўваў асудзіць фігурантаў справы на тры гады зняволення.

Як вынікае з матэрыялаў следства, 10 жніўня ўвечары маладыя людзі сталі ў “счэпку” і разам з іншымі “наносілі ўдары ў шчыты супрацоўнікаў міліцыі, а таксама кідалі ў іх бок камяні”.

На судзе высветлілася, што прызнанні яны давалі пад ціскам і запалохваннем. У прыватнасці, Андрэя Шаўчука збівалі, прымушалі на відэа гаварыць патрэбнае прызнанне.

Пасля агалошвання прысуду пад варту ў зале суда ўзялі Іллю Патрушава, які знаходзіўся на волі пад асабістым паручальніцтвам. Шмігельскаму і Шаўчуку залічылі “дзень за дзень” у тэрмін адбыцця пакарання знаходжанне ў СІЗА.

Раней за жнівеньскія акцыі пратэсту асуджаны Яўген Каханоўскі, Віталь Прохараў, Дзмітрый Гопта, Аляксей Кісялёў, Сяргей Бекарэвіч, Андрэй Расулаў. Шэраг гараджанаў, найперш з ліку працаўнікоў БМЗ, пазбавіліся працы, пакараны суткамі і вялікімі штрафамі.

Поделиться ссылкой: