Дзяніс Чыкалёў

Суддзя Фрунзенскага раёна Мінска Алена Бушава 22 сакавіка пакарала жыхара Гомеля, палітвязня Дзяніса Чыкалёва трыма гадамі абмежавання волі з накіраванннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, на так званую “хіміяю”. 34-гадовы гамяльчанін прызнаны вінаватым ва ўдзеле ў пратэстах у Мінску 9 жніўня мінулага года.

Яго затрымалі ў Мінску 10 жніўня і да вынясення сённяшняга прысуду трымалі пад вартай, а зараз адпусцілі пад падпіску пра нявыезд да таго часу, пакуль вырак не набудзе юрыдычную моц.

Праваабаронцы паведамляюць, што спачатку мужчына быў падазраваным у масавых беспарадках (ч.2 арт.293 Крымінальнага кодэкса), але пазней яго абвінавацілі ў арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 ). Ён нібыта выкрыкваў розныя лозунгі, ігнараваў законныя патрабаванні міліцыі, рухаўся ў „счэпцы“ па вуліцах Мельнікайте, Заслаўскай, праспектах Пераможцаў і Машэрава. Тым самым у сталіцы быў заблакаваны рух грамадскага транспарту.

Следства паведаміла , што раней Дзяніс Чыкалёў як адзін лідэраў пратэстнага руху „Зубр“ больш за два дзесяткі разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці.

На пачатку бягучага тысячагоддзя Дзяніс, будучы яшчэ школьнікам, браў удзел ва ўшанаванні памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій на 9 кіламетры Чарнігаўскай шашы, ездзіў у Курапаты на вахту памяці маладафронтаўцаў, дзе хлопца затрымлівалі амапаўцы.

Незалежныя СМІ пісалі таксама, што 23 лютага 2002 гомельскія прадстаўнікі руху “Зубр” і Маладога Фронту, сярод якіх быў і Дзяніс, ўзлезлі на танк Т-34 на плошчы Паўстання і пачалі ачышчаць яго ад птушынага памёту і ўсялякага бруду. Такім чынам хацелі прыдаць “трыццацчацвёрцы” ў афіцыйны дзень абаронцаў Айчыны больш прывабны выгляд. Але маладзёнаў з танка прагнала міліцыя і людзі ў цывільным.

Увечары таго ж дня больш дзясятка маладафронтаўцаў пад сцягам сваёй арганізацыі і гістарычным бел-чырвона-белым сцягам прайшлі па вуліцай Савецкай да цэнтральнай плошчы Леніна. Тут яны раздавалі ўлёткі “Беларусь у Еўропу” і аркушы з 10 пытаннямі да жыхароў горада. Сярод іх былі і такія: дзе б гамельчане хацелі жыць? Ці давяраюць яны палітыцы Аляксандра Лукашэнкі?

Нарад міліцыі адабраў у маладафронтаўцаў іх сцягі. Чацвярых, у тым ліку і Дзяніса Чыкалёва, затрымалі, але праз некаторы час адпусцілі. На аднаго з затрыманых, якому споўнілася васемнаццаць гадоў, склалі адміністрацыйны пратакол за карыстанне незарэгістраванай сімволікай.

Поделиться ссылкой: