Калона ўдзельнікаў пахвання Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў, Вільня, 19 лістапада 2019 года. Фота: Андрэй Шаўлюга

У апошнія месяцы зноў пачуліся заявы маскоўскіх прыхільнікаў заходнерусізму пра тое, што Кастусь Каліноўскі быў палякам і нават тэрарыстам. “Радыё Свабода” тлумачыць, чаму гэта не так.

Наіўныя або злахітрыя людзі кажуць, што нацыянальны герой Беларусі размаўляў і пісаў на польскай мове, таму быў палякам. Кажуць так, нібыта ня ведаюць розьніцы паміж нацыянальным самаўсьведамленьнем і мовай побыту і нічога ня чулі пра шматузроўневую нацыянальную сьвядомасьць жыхароў былога ВКЛ у ХІХ стагодзьдзі. Мільёны беларусаў сёньня размаўляюць па-расейску, але чамусьці ня лічаць сябе расейцамі і застаюцца палымянымі патрыётамі сваёй Бацькаўшчыны-Беларусі.

У 157-ю гадавіну сьмерці заснавальніка мадэрнай беларускай нацыі дастаткова нагадаць усяго некалькі гістарычных фактаў, якія сьведчаць пра нацыянальны выбар Кастуся Каліноўскага.

Гэта паўстанцкі пароль «Каго любіш — Люблю Беларусь — То ўзаемна», якім карысталася найперш блізкае кола Каліноўскага, у тым ліку сям’я Ямантаў, зь якой паходзіла яго каханая дзяўчына, нарачоная Марыя Ямант, і яго асабісты сакратар Язэп Ямант.

Гэта выданьне газэты «Мужыцкая праўда», праклямацый і ўлётак на беларускай мове перад і падчас паўстаньня.

Гэта стварэньне 1 лістапада 1863 году Часовага правінцыйнага ўраду Літвы і Беларусі, які вельмі хутка быў распушчаны палякамі. Галоўнай прычынай роспуску быў сэпаратызм і патрабаваньне роўнасьці ў дачыненьнях паміж Вільняй і Варшавай з боку кіраўніка гэтага ўраду — Кастуся Каліноўскага.

Гэта вяртаньне беларускай мовы ва ўрадавае справаводзтва, а менавіта факт выданьня Каліноўскім дзяржаўных дакумэнтаў (загадаў) на беларускай мове ў часы, калі ён займаў пасаду Ўрадавага камісара Горадзенскага ваяводзтва ў сакавіку 1863 году і кіраўніка другога паўстанцкага ўраду ў Вільні — «Чырвонага жонду» ў чэрвені 1863 году.

Гэта прызнаньне гістарычнай суб’ектнасьці беларусаў Нацыянальным урадам у Варшаве 3 траўня 1863 году ў форме прыняцьця адозвы «Да братоў-беларусаў», што адбылося ў выніку палітычнай дзейнасьці Кастуся Каліноўскага.

Гэта яго нацыянальны маніфэст і запавет будучым пакаленьням, выкладзены ў «Мужыцкай праўдзе» і «Лістах з-пад шыбеніцы», дзе Каліноўскі цалкам атаясамлівае сябе зь беларускім народам, фактычна, называе сябе беларусам і сьцьвярджае суб’ектнасьць беларускага народу:

«…Каб знаў сьвет Божы, як мужыкі Беларусы глядзяць на маскалёў і паўстаньне польскае».

«…Енарал Касьцюшка, што то, кажуць, каля Слоніма радзіўся і а каторым народ наш сьпявае».

«… Нам пад рондам польскім не заўсёды было добра».

У назьве і тэкстах «Мужыцкай праўды», а таксама ў «Лістах з-пад шыбеніцы» Каліноўскі выкарыстоўвае ўведзенае ім паняцьце народнай (мужыцкай) праўды — праўды беларусаў або беларускай праўды:

«…Ты, народзе вялікі і чэсны, праўдай ім [замежным народам] адкажы».

«Калі за нашу праўду Бог нас стаў караці…»

«…Но ня жаль згінуць за тваю праўду».

Беларуская праўда (ідэя, рацыя, права, справядлівасьць) выступае ў «Лістах» пад трыма фармулёўкамі — «праўда», «твая праўда», «наша праўда». Суседзтва прыналежных займеньнікаў «твая-наша» паказвае, што Каліноўскі назаўсёды залучыў сябе да ліку беларусаў, ад імя якіх і да якіх ён піша лісты.

Пасьля гэтага маніфэсту абвясьціць Каліноўскага некім іншым проста немагчыма. Гэта поўнае нацыянальнае ўсьведамленьне і атаясамленьне сябе зь беларускім народам. Ён піша ад імя мужыка-беларуса і на ягонай мове — па-беларуску.

І нарэшце, інтымнае. Няўжо паляк стаў бы перад сьмерцю пісаць верш на беларускай мове да каханай дзяўчыны-полькі і да свайго польскага народу?

«Марыська чарнаброва, галубка мая,
Гдзе ж ся падзела шчасьце і ясна доля твая?..
…Не наракай, Марыся, на сваю бяздолю,
Но прыймі цяжкую кару —
Прадвечнага волю,
А калі мяне ўспомніш, шчыра памаліся…

…Бывай здаровы, мужыцкі народзе,
Жыві ў шчасьці, жыві ў свабодзе.
І часам спамяні пра Яську твайго,
Што згінуў за праўду для дабра твайго».

І ці напісаў бы паляк у апошнім лісьце да свайго польскага народу па-беларуску:

«Горка пакінуць зямельку родную і Цябе, дарагі мой народзе…»

Адказ на гэтыя пытаньне мы ведаем. Аж непамысна робіцца ад бездапаможных спробаў нашых непрыяцеляў сьцьвярджаць адваротнае.

Каліноўскага ў беларусаў ужо ніхто ня зможа адабраць.

Поделиться ссылкой: