Ціск на шматдзетныя сем'і
Вольга Залатар з сям'ёй

Інна Дабратвор і Вольга Залатар – шматдзетныя маці, у кожнай па пяцёра дзяцей. Але з-за праяўленне актыўнай грамадскай пазіцыі на іх сем’і аказваецца ўзмоцнены ціск: праводзяцца ператрусы, а жанчынам пагражаюць адміністрацыйнай і крымінальнай справамі.

Мы ўжо паведамлялі, што учора на журналістку-фрылансерку Інну Дабратвор, маці пяцёх дзяцей, склалі пратакол па артыкулу 24.23 частка 3 КаАП (арганізацыя і правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства). Акрамя таго, учора ў сям’і Дабратвор адбыўся ператрус у кватэры, а сёння, як паведаміў Ілля Дабратвор, вобшук ідзе ў недабудаваным доме ў Калодзішчах.

Вольга Залатар – шматдзетная маці, якую вінавацяць у «закліку да захопу ўлады».

Як паведамлялі праваабаронцы, 38-гадовая Вольга Залатар была затрыманая 18 сакавіка, калі везла 10-гадовую дачку ў музычную школу. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа развярнулі яе машыну і суправадзілі да дому, дзе правялі ператрус, пасля якога Вольгу забралі ў ізалятар.

У той жа вечар, каля 23:00, на допыт выклікалі яе мужа Сяргея Ганкевіча, але, як высветлілася, гэта была толькі фармальная падстава для выкліка Сяргея ў аддзяленне, каб яго затрымаць. На наступны дзень у межах крымінальнай справы Вольгу змясцілі ў СІЗА-1, а яе мужа арыштавалі на 10 сутак за вывешаны сцяг на акне. Іх пяцёра непаўнагадовых дзяцей засталіся пад наглядам бабулі.

Прэс-служба УУС Мінаблвыканкама паведаміла, што жанчыну затрымалі «за актыўную пратэстную дзейнасць», яна была адміністратаркай мясцовага дваровага чата і арганізоўвала несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы: чаяванні, прагулкі, канцэрты. Толькі сёння блізкія Вольгі дазналіся, што супраць жанчыны ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) — яна з’яўляецца падазраванай.

Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае да пяці гадоў пазбаўлення волі. У Беларусі па гэтаму артыкуле ўзбудзілі крымінальную справу супраць сябраў Каардынацыйнай рады. Абвінавачванні па ч. 3 арт. 361 КК прад’яўлены Марыі Калеснікавай, Максіму Знаку, Іллю Салею.

Поделиться ссылкой: