Цыганков мнение о ябатьках

Вядомы журналiст – пра ідэалогію «ябацькавых» экспэртаў.
– Нядаўна мне давялося адказваць на пытаньне аднаго маладога чалавека пра тое, якая ідэалогія ёсьць у ябацькавых экспэртаў, – пiша Вiталь Цыганкоў. – Можна было б адказаць адным словам – «Ніякай». І гэта быў бы самы вычарпальны і абгрунтаваны фактамі адказ. Проста падтрымлівай, што гаворыць і робіць улада – вось і ўся ідэалогія.

Калі ўлада кажа, што за альтэрнатыўнымі кандыдатамі лялькаводы з Газпрому – крычы, што з Газпрому. Калі праз месяц улада кажа, што лялькаводы з Захаду – яшчэ актыўней крычы, што з Захаду. Кажа ўлада пра шматвектарнасьць – праслаўляй мудрую шматвектарнасьць. Скажуць, ня трэба ніякай шматвектарнасьці – заяўляй, што заўсёды так думаў і што ты ўвогуле, як кажа пра сябе Дзермант, «рускі беларус».

Стратэгічнае партнерства з Іранам – праслаўляй. Разьвярнулся, забылі пра Іран і сябруем з іхнімі супернікамі ў рэгіёне, Арабскімі эміратамі – праслаўляй яшчэ больш.

Зьбіваюць і саджаюць людзей ні за што – правільна, так і трэба. Калі ж палітвязьняў вызваляюць, што было ў беларускай гісторыі – «мудрае і своечасовае рашэньне».

Дзяржава дае грошы з бюджэту прадпрыемствам – правільна. Забірае – яшчэ правільней. Разьвівае малы бізнэс – праслаўляй. Накідваецца на прадпрымальнікаў з пагрозамі – пішы, што ты заўсёды таксама так думаў.

Абвяшчаецца мяккая беларусізацыя – пішы, як гэта добра і правільна, бо трэба ж мову нашу родненькую падтрымліваць, і дзяржава, маўляў, усё робіць для гэтага (хаця, канешне, ты разумееш, што ўсё гэта не па-сапраўднаму, таму і асьцярожнічаеш). Але як толькі твой правадыр пачынае палохаць беларускай мовай – з радасьцю падхоплівай, і не забудзь сам канчаткова ва ўсім перайсьці на рускую мову, падалей ад крамольнай беларускай.

Адзіная нестыковачна, якая магла б парушыць іхнюю гарманічную карціну сьвету – гэта калі б адбыўся сур’ёзны, рэальны канфлікт паміж Лу і Масквой. Асабліва праблемна было для тых, хто кормяцца адначасова і з беларускага бюджэту, і з розных расейскіх фондаў. Памятаю, як бледна выглядаў Крывашееў, калі ў разгар крызісу з вагнераўцамі яго запрасіў да сябе ў праграму Салаўёў, які ў той момант быў вельмі раззлаваны на Лукашэнку за затрыманьне гэтых «расейскіх баявікоў». Крывашееў бэкаў, мэкаў («разбяруцца, усё вырашыцца»), але ў выніку перайшоў да ратавальнай фармулёўкі, што гэта ўсё прыдумала ЦРУ.

Дарэчы, рэальныя рускія нацыяналісты кшталту тэлеграм-каналу «Бульба престолов» ня маюць ніякіх ілюзіяў наконт «прарасейскасьці» шпакоўскіх і дзермантаў, называючы іх «бацькіны экспэрты» і абвінавачваючы ў «беларускім нацыяналізме»).

Ёсьць, праўда, адзін пункт, у якім усе яны, ня гледзячы на свае стылістычныя адрозьненьні, дастакова падобныя. Гэта – прыярытэт інтарэсаў улады над інтарэсамі, лёсам і нават жыцьцём канкрэтных людзей.

Улада (якую яны любяць падмяняць словам «дзяржава») – для іх ідал і абсалют, дзеля якога яны гатовыя ахвяраваць хоць паловай насельніцтва Беларусі.

А ў астатнім – няма ніводнага тэзісу, ніводнага палажэньня, па якім удзельнікі ўмоўнага «клюбу рэдактароў» не маглі б радыкальна развярнуцца на наступны ж дзень. Пры гэтым узровень паспяховасьці ацэньваецца па тым, хто бліжэй і дакладней угадае настрой і думкі першай для іх асобы. Хто угадаў – таго «хозяин» і назначае «главной женой», то бок «галоўным экспэртам».

Поделиться ссылкой: