Анастасія Перавошчыкава

Група жыхароў Гомеля звярнулася да гарадскога пракурора Юрыя Булынкі з просьбай праверыць законнасць пакарання адміністрацыйнымі арыштамі агулам на 105 сутак прафесійнага ўрача Анастасію Перавошчыкаву. Яе судзілі ўжо сем разоў за фатаграфаванне з бел-чырвона-белай сімволікай.

У калектыўным звароце падпісанты звяртаюць увагу пракурора на факты парушэння падчас судовых разбіральніцтваў прынцыпаў адкрытасці, галоснасці, права на абарону і абскарджванне судовых рашэнняў. Толькі ў трох выпадках з сямі Анастасія магла скарыстацца паслугамі адваката.

Уяўным застаецца пацвярджэнне вінаватасці Перавошчыкавай. На здымку, дзе нейкія людзі трымаюць бчб-сцяг, немагчыма ідэнтыфікаваць асобы. Аднак суд Навабеліцкага раёна не спадобіўся запрасіць на разгляд справы мужчыну, які нібыта бачыў, што Насця фатаграфавалася са сцягам. Пісьмовыя сведчанні яго выклікаюць вялікі сумнеў.

“Калі я даведаўся пра 105 сутак для маладой, інтэлігентнай жанчыны, лекара, якая раней ніколі не прыцягвалася да адміністратыўнай адказнасці за фатаграфаванне з нашай гістарычнай сімволікай, быў проста шакаваны прававым бязмежжам. З гэтым трэба нешта рабіць, бо падобнае можа стацца з кожным з нас ”, – сказаў “Гомельскай вясне” Уладзімір, адзін з падпісантаў калектыўнага звароту ў пракуратуру.

Аўтары ліста звяртаюць таксама ўвагу пракурора, што прыведзеныя міліцыяй правапарушэнні (фатаграфаванне з нацыянальнай гістарычнай сімволікай) з’яўляюцца аднолькавымі і ўтвараюць сукупнасць правапарушэнняў. Заканадаўства прадугледжвае магчымасць аб’яднання такіх правапарушэнняў у адну справу з вынясеннем аднаго рашэння паводле некалькіх эпізодаў.

Пакаранне па кожнаму ідэнтычнаму эпізоду сведчыць пра мэтанакіраваны палітычны пераслед і прадузятасць у дачыненні да Анастасіі Перавошчыкавай з боку міліцыі і суддзяў, якія кожны раз каралі маладую жанчыну максімальным тэрмінам арышту.

За кратамі 31-гадовая ўрач Перавошчыкава знаходзіцца ўжо другі месяц. 9 сакавіка яе перавялі з Гомельскага ізалятара ў Буда-Кашалёва, дзе горшыя ўмовы ўтрымання. Па падліках самой Анастасіі, на волю яна мае выйсці толькі 9 мая, на Дзень Перамогі, калі, канешне, пракуратура ніяк не адрэагуе на яе прысуды.

Поделиться ссылкой: