Наталля Шавейка

Як вядома, да забастоўкі на ААТ «Гродна Азот» далучылася інжынер-хімік з 20 гадовым стажам Наталля Шавейка. Яна распавяла «Народнай Волі», чаму пайшла на гэты крок.

Наталля Шавейка стала 38-м работнікам «Гродна Азот», які далучыўся да забастоўкі. Гэтае рашэнне яна прыняла 15 сакавіка. Свой учынак тлумачыць проста: «Я не магу больш там працаваць».

– Напісала заяву, што далучаюся да страйкоўцаў, і аднесла ў адміністрацыю прадпрыемства. А там пачула: гэта палітычны крок. А я ў адказ: проста не магу выконваць свае службовыя абавязкі, бо не разумею, дзеля чаго я працую, – расказвает жанчына.

Калі інфармацыя аб далучэнні Наталлі да стайку распаўсюдзілася на прадпрыемстве, многія сталі выказваць ёй падтрымку. Але браць прыклад з яе пакуль не адважваюцца.

– Мне гэта цяжка патлумачыць, – кажа спадарыня Шавейка. – З аднаго боку, падтрымліваюць, а з другога – нічога не робяць дзеля таго, каб змяніць сітуацыю.

Спадарыня Наталля працавала ў лабараторыі, дзе праводзіцца кантроль над прамежкавым і канчатковым прадуктам вытворчасці. У 2019 годзе яна распрацавала новую методыку вымярэння працэнта кантактавання ў вытворчасці сернай кіслаты. Гэта распрацоўка была прадстаўлена на конкурс «Ідэя года», які праводзіўся на прадпрыемстве. У параўнанні з ручным метадам вымярэння яе прапанова значна павялічвае прадукцыйнасць працы і паляпшае ўмовы работы.

У 2020 годзе Шавейка пачала рэалізоўваць сваю ідэю непасрэдна на вытворчасці, але жнівеньскія падзеі спынілі важную працу.

– У мяне быў шок, я не магла нічога рабіць, – згадвае спадарыня Наталля. – Не было жадання нават падыходзіць да газааналізатара. Усё валілася з рук, калі стала вядома, што людзей забіваюць, кідаюць у турмы.

Наталля з сумам заўважае, што яе ідэю будзе ўкараняць ужо нехта іншы. Яна засмучана тым, што настроі ў людзей змрочныя:

– Усе толькі скардзяцца на ціск з боку начальства, але па сутнасці нічога не прадпрымаюць для адстойвання сваіх правоў.

Жанчына са шкадаваннем заўважае, што рабочыя не разумеюць сваёй ролі ў набліжэнні тых станоўчых перамен, без якіх жыццё беларусаў не палепшыцца.

Публікацыя – з № 21 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: