Ігара Банцара асудзілі на паўтары гады
Ігар Банцэр у судзе. Фота: hrodna.life

Cуд Ленінскага раёна Гродна 19 сакавіка вынес прысуд па крымінальнай справе музыканта і шоўмена Ігара Банцара – паўтары гады “хіміі”. Лідара гурта Mister X асудзілі паводле часткі першай артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу (хуліганства).

Беларускай праваабарончай супольнасцю Ігар Банцар прызнаны палітычным зняволеным.

Працэс вяла суддзя Наталля Козел. Пракурор – Віктар Нічыпарук.

Лідара гурта Mister X Ігара Банцара судзілі за вулічны перформанс, які ён здзейсніў у ноч з 4 на 5 верасня, танцуючы ў ружовых шортах перад міліцэйскай машынай, а потым скінуўшы шорты і застаўся ў стрынгах. Пазней яму інкрымінавалі артыкул 339 Крымінальнага кодэксу.

Пад вартай Ігар Банцар знаходзіўся з 20 кастрычніка. На самым пачатку судовага працэсу, трэцяга сакавіка, ён абвесціў сухую галадоўку.

Таксама суд пастанавіў залічыць у адбыты тэрмін пяць месяцаў знаходжання пад арыштам, якія лічацца як дзень за два.

Поделиться ссылкой: