Уладзімір Гасцюхін. Кадр з фільма “Дальнабойшчыкі”

У старажытнагрэчаскага байкара Эзопа ёсць байка пра селяніна, які араў зямлю і падабраў у разоры напаўжывую ад холаду змяю. Ён пашкадаваў яе, паклаў за пазуху і працягваў сваю цяжкую працу. Змяя адагрэлася, акрыяла і ўджаліла свайго выратавальніка. З тае пары выраз “прыгрэць на грудзях змяю” стаў азначаць крайнюю ступень няўдзячнасці, калі за дабро разлічваюцца злом. Калі, па-народнаму кажучы, за наша дабро ды нам у рабро.

Эзопаву байку я згадаў, прачытаўшы нядаўняе інтэрв’ю народжанага на Урале, але даўно жывучага ў Беларусі кінаакцёра Уладзіміра Гасцюхіна расійскаму Федэральнаму агенцтву навін. Многае ў тым інтэрв’ю мяне, мякка кажучы, здзівіла. Напрыклад, сцвярджэнне пра тое, што “80 процентов белорусов считают себя русскими”. Адкуль узята гэта лічба? Паводле афіцыйнага перапісу, рускіх у Беларусі трохі больш за 8 працэнтаў. 8, а не 80! Хіба Гасцюхін правёў нейкі свой патаемны перапіс, падмяніўшы сабой Дзяржаўны статыстычны камітэт?

Статыстыка заўсёды на паслугах у палітыкі, таму высмактаныя з пальца 80 працэнтаў акцёр агучыў відавочна з пэўным разлікам і інтарэсам. Ён яго і не прыхоўвае, заявіўшы ў тым самым інтэрв’ю: “Я русский и веду в Белоруссии политику русского человека”.

Калі б гэта заявіў пасол Расіі, ніхто б не запярэчыў. Але Гасцюхін, прабачце, грамадзянін Беларусі. І не проста грамадзянін, а народны артыст. І вось гэты народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, уганараваны найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай Беларусі – ордэнам Францыска Скарыны, – дэманстратыўна прызнаецца, што, жывучы ў Беларусі, служыць другой дзяржаве. Ды з любой другой краіны пасля падобных заяў ён вылецеў бы, як корак з бутэлькі!

Гасцюхін не вылеціць. Ён тут укараніўся і пачуваецца гаспадаром. Даволі звяглівым – любіць сваіх жа суграмадзян (жывых і памерлых) паліваць брудам. Вось яскравы прыклад з таго ж інтэрв’ю: “Люди, с которыми я дружил, вдруг “переобулись в воздухе” и стали нацистами. Когда Василь Быков заявил, что “воевал не на той стороне”, то перестал для меня существовать”.

Як бачым, Гасцюхін не толькі “пераабуў” Быкава, але і “пераадзеў” – у нацысцкую форму. Ледзь “шмайсера” ў рукі не даў… Касцюмер, а не акцёр. Але падобны рэквізіт яўна не для Быкава. Быкаў – на другім (нямецкім!) баку? Ды яшчэ і сам пра гэта “заяўляў”? Большай бязглуздзіцы і ўявіць немагчыма.

Мёртвым, як вядома, не баліць. Баліць жывым. Зневажаючы Быкава, хлусячы пра яго вайну “не на той стороне”, Гасцюхін зневажае ўвесь беларускі народ, чыім голасам – праўдзівым і чутным у свеце – быў народны і званнем сваім, і сутнасцю сваёй пісьменнік.

У выпадку з Быкавым праз вусны Гасцюхіна сыкала ўсё тая ж змяя з байкі. Бо менавіта дзякуючы быкаўскаму “Сотнікаву”, выканаўшы ролю Рыбака ў знакамітым фільме Ларысы Шапіцька, і ўвядоміўся малады акцёр. Той фільм і дагэтуль застаецца ці не галоўным дасягненнем Гасцюхіна ў кінематографе. Відаць, і сам ён гэта разумее, ведаючы, што на пуставатых “Дальнабойшчыках” далёка ў кіно не заедзеш, хоць сем працягаў здымі. Ведае і плявузгае пра Быкава несусветную лухту. Такое адчуванне, што акцёр так ужыўся ў ролю здрадніка Рыбака, што здрадніцтва стала для яго нормай жыцця.

У перакуленым з ног на галаву свеце Гасцюхіна ў Беларусі на пачатку незалежнасці “вырастал местечковый нацизм” і “очень опасный скрытый фашизм”, не зжыты, па яго перакананні, да нашых дзён. “Они ненавидят меня, эти нацисты!” – ваяўніча ўскліквае, нібы з акопа Другой сусветнай, акцёр-палітык. І на ўсю Расію скардзіцца на няўдзячных беларусаў-русафобаў, якія не далі яму разгарнуцца на поўную моц – не дазволілі стварыць яшчэ адзін рускі тэатр у Мінску і зняць на “Беларусьфільме” задуманыя па рускай класіцы кінашэдэўры.

Хай таго пярун спаліць, хто сам сябе хваліць – гаворыць беларуская прыказка. Гасцюхінскія самаўсхваленні мне, прызнацца, да лямпачкі. Абурае мяне тое, як паміж самаўсхваленнямі ён лепіць з сябе няшчасную ахвяру. Атрымаўшы ад Беларусі ўсе магчымыя ўзнагароды, акцёр, няйначай блытаючы рэальнае жыццё са здымачнай пляцоўкай, правёў праз усё інтэрв’ю выразны лейтматыў – як цяжка тут жывецца рускім, маўляў, дойдзе да таго, што “мне придется уезжать, меня просто убьют”.

Ніхто на жыццё Гасцюхіна не рабіў замаху і не збіраецца рабіць. Пакуль што “забівае” ён сябе сам – падобнымі антыбеларускімі інтэрв’ю. Як той японскі самурай, які не хоча служыць новаму гаспадару. Аднак на каго разлічана гэта казачка пра белага бычка? А яна зусім не бяскрыўдная, калі прыгадаць падзеі на ўсходзе Украіны, дзе ў патрэбны час з’явіліся расійскія “дабравольцы”, каб абараніць рускіх на Данбасе ад кіеўскіх “нацыстаў” і львоўскіх “бандэраўцаў”. Дарэчы, ва Украіне Гасцюхін – persona non grata – за падтрымку данецкіх сепаратыстаў. Там з такімі дзеячамі не цацкаюцца.

У нас – цацкаюцца. Можна і па Быкаву патаптацца, і ў рускія ледзь не ўвесь народ запісаць, і абзываць фашыстамі-нацыстамі ўсіх, хто не ўспрымае “русский мир”, і пры гэтым – быць народным артыстам Беларусі. Ці не пра такіх, як Гасцюхін, трапна сказана ў вядомым “Сказе пра Лысую Гару”: “Калі другі артыст народны / Не знаў і двух народных слоў, / Затое меў тут харч нязводны / І ўволю цешыўся з аслоў”.

Што ж, бываюць артысты народныя, а бываюць і няродныя. Розніца – адна літара. Расійскі горад Свярдлоўск (цяпер Екацярынбург) даў Беларусі двух народных, двух Уладзіміраў – Мулявіна і Гасцюхіна. Першы праславіў беларускую песню на ўвесь свет, за што Беларусь будзе яму ўдзячна яшчэ тысячу гадоў. А другі, фармальна народны, а насамрэч няродны, “маючы тут харч нязводны”, з усіх сіл напінаючыся, спрабуе цягнуць Беларусь у пуцінскую Расію, носячыся, як з пісанай торбай, са сваёй нібыта
пакрыўджанай і заціснутай тут рускасцю.

І няўцям народнаму-няроднаму, што, зневажаючы беларусаў, якія яго, колішняга госця здалёку, шчыра прытулілі і далі месца ва ўласнай хаце, ён прыпадабняецца да той Эзопавай змяі, што скіравала сваё джала ў сэрца аратага…

Публікацыя – з № 21 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: