Нарэшце ў Беларусі з’явіўся свой прадстаўнік у Нацыянальнай хакейнай лізе.

На гэтым тыдні 22-гадовы беларускі хакеіст Ягор Шаранговіч, які зараз выступае ў НХЛ за клуб “Нью Джэрсі Дэвілз”, закінуў у матчы з “Бафала” сваю шостую шайбу ў сезоне і заслужыў станоўчую ацэнку не толькі балельшчыкаў, але і спецыялістаў. Што варта ведаць пра Ягора?

Сваю хакейную кар’еру Шаранговіч пачаў у Мінску ў спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе, а ў 2013 годзе апынуўся ў сістэме мінскага “Дынама”. У 2014 годзе перайшоў па ўзросце ў каманду “Дынама- Раўбічы”, якая выступала ў той момант у вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі, і правёў у ёй два сезоны. Летам 2016 года Ягор папоўніў склад маладзёжнай зборнай Беларусі для ўдзелу ў беларускай Экстралізе, дзе за 38 матчаў набраў 28 ачкоў.

Беларускі нападаючы з’яўляўся ўдзельнікам драфту НХЛ 2016 года, але так і не быў абраны ніводнай з каманд. Пазней хакеіст падпісаў кантракт з асноўнай камандай “Зуброў”, і ў 2017 годзе дэбютаваў у КХЛ.

І ўсё-такі хлопец не пакідаў мары патрапіць у НХЛ. У рэшце рэшт на драфце НХЛ-2018 беларускі хакеіст быў абраны клубам “Нью-Джэрсі Девілз” пад 141-м нумарам, гуляў у АХЛ. Затым у Амерыцы ў хакейных лігах аб’явілі з-за пандэміі паўзу, якую Ягор выкарыстаў яе напоўніцу – вярнуўся ў Мінск і працягваў выступаць у КХЛ за мінскае “Дынама”. Але пасля таго, як у Амерыцы аднавілі сезон, паляцеў за якіян, і 14 студзеня гэтага года адбыўся дэбют Шаранговіча ў НХЛ.

“Сезон Ягора Шаранговіча ў КХЛ паказаў, што патэнцыял 22- гадовага беларуса дае яму ўсе шанцы замацавацца ў “Нью-Джэрсі”, – пісаў pressball.by. – І тым самым закончыць нарэшце без малога пяцігадовы перыяд, на працягу якога ніводны наш суайчыннік не ступаў на лёд наймацнейшай лігі свету”.

“Два гады ў Штатах дакладна пайшлі ў плюс, – казаў сам Ягор. – Паўночнаамерыканскія пляцоўкі нядрэнна выхоўваюць і хуткасныя якасці, і тую самую здаровую агрэсіўнасць. Думаць навучыўся ўдвая хутчэй, чым прызвычаіўся ў Еўропе… За акіянам усё-такі іншы хакей, іншыя пляцоўкі. І заяўляць пра сябе трэба па-новаму”.

У мінулым годзе Ягор Шаранговіч перахварэў на каранавірус, але спадзяецца, што “яго абміне доля захварэць паўторна”.

Дарэчы, асвойваць Амерыку беларус адправіўся разам са сваёй жонкай Дар’яй. Тая працавала ў Мінску фітнес-трэнерам, Ягор хадзіў да яе на трэніроўкі. Там пазнаёміліся, пазней ажаніліся.

Беларус Ягор Шаранговіч працягвае асвойваць Амерыку…
Фота: instagram.com/dasha_gero

“Ён не падкатваўся да мяне, ды і я не была ў гэтым зацікаўлена, – распавяла Дар’я. – Але яго ідэальная тэхніка выканання практыкаванняў, спакой, прымірэнне, ветлівасць, мужнасць, абыходлівасць ў спалучэнні з ідэальным пачуццём гумару, своеасаблівым характарам і пяшчотай мне адразу ж спадабаліся.

Не разумею, як у ім могуць дзве такія розныя асобы спалучацца: на лёдзе – жорсткі, дома – кот.

А ўвогуле лічу, што, калі б каманда складалася толькі з Ягораў Шаранговічаў, то шанцаў ні ў кога не было б”.

Як бачым, Ягор у Амерыцы мае добрую падтрымку ў тыле. Ці ўдасца беларусу замацавацца ў КХЛ? Усё будзе залежаць толькі ад яго.

Публікацыя – з № 21 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: