Уладзімір Няпомняшчых. Фота аўтара.

Грамадскага актывіста і палітыка, былога афіцэра міліцыі Уладзіміра Няпомняшчых з Гомеля будуць судзіць у закрытым рэжыме, непасрэдна ў СІЗА-3. Суд прызначаны на 29 сакавіка. Пра гэта паведаміла жонка Уладзіміра.

Раней валанцёры мелі інфармацыю, што крымінальную справу ў дачыненні да апазіцыйнага актывіста мае разглядаць адзін з раённых судоў абласнога цэнтра. І адбудзецца гэта менавіта 25 сакавіка, калі дэмакратычная супольнасць адзначае нацыянальнае свята – Дзень Волі.

Уладзімір Няпомняшчых амаль тры месяцы знаходзіцца ў следчым ізалятары Гомеля. Яго затрымалі 23 снежня пасля наведвання Гомельскага раённага аддзела СК, дзе на актывіста завялі крымінальную справу на падставе артыкула 366 – пагроза ці гвалт у дачыненні да службовай асобы пры выкананні службовых абавязкаў. У той жа дзень у кватэры Няпомняшчых прайшоў вобшук, у яго забралі камп’ютар ды іншыя носьбіты інфармацыі.

Наколькі вядома, абвінавачванне супраць Уладзіміра выглядае досыць анекдатычна. А здарылася вось што. У лістападзе былы афіцэр міліцыі прысутнічаў на судзе Георгія Васіленкі, які падчас пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў замяніў на цэнтральнай плошчы афіцыйны сцяг на бел-чырвона-белы.

Крымінальную справу ў дачыненні Васіленкі за злоснае хуліганства разглядаў суддзя Сяргей Салоўскі, а абвінавачванне падтрымлівала прадстаўніца пракуратуры Алеся Жураўлёва. Калізія ў тым, што следчыя на пачатку распачалі справу за здзек над дзяржаўнымі сімваламі, а пасля перакваліфікавалі на злоснае хуліганства. Санкцыі паводле гэтага артыкула больш суворыя.

У судзе памочніца пракурора горада Алеся Жураўлёва як дзяржаўны абвінаваўца падтрымала кваліфікацыю дзеянняў Васіленкі і прапанавала асудзіць 25-гадовага гамяльчаніна менавіта на 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую калонію адкрытага тыпу. У выніку суд і пакараў Васіленку 2 гадамі “хіміі”.

На толькі што абвешчаны прысуд адрэагаваў прысутны ў зале Уладзімір Няпомняшчых. Казаў, што справу сфальсіфікавалі, і за гэта ўрэшце будуць адказваць усе – пракуроры, следчыя, суддзі, міліцыянеры. Апошнія з іх бачылі замену сцяга на флагштоку, але не рэагавалі на такія дзеянні.

Выглядае, што рэакцыя Уладзіміра Няпомняшчых на прысуд прадстаўніца пракуратуры Жураўлёва і ўспрыняла як пагрозу на свой адрас. Да пагрозы следства дадало яшчэ адзін крымінальны артыкул – абразу прадстаўніка ўлады. Відаць таму, што актывіст адносіў сілавікоў да “арганізаванай злачыннай групоўкі”.

Уладзімір Няпомняшчых з’яўляецца пенсіянерам МУС. Пасля службы ў міліцыі ён займаўся працяглы час прадпрымальніцтвам. У горадзе актывіста ведаюць як чалавека, які ўлетку часцяком ходзіць у майцы “За Беларусь без Лукашэнкі”. Ён яшчэ і сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У 2016 і 2019 гадах на парламенцкіх выбарах Няпомняшчых балатаваўся кандыдатам у дэпутаты, а на мінулагодніх прэзідэнцкіх выбарах вылучаўся “кандыдатам пратэсту” ў спісе Мікалая Статкевіча.

Выбарчую кампанію актывіст скарыстаў, каб сабраць ахвочых гамельчан для назірання за галасаваннем непасрэдна на выбарчых участках. Калі назіральнікаў не дапусцілі на ўчасткі, Няпомняшчых з паплечнікамі стаў назіраць за галасаваннем каля выбарчага ўчастка праз акно.

Уладзіміра неаднаразова арыштоўвалі і штрафавалі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.

Поделиться ссылкой: