Затрыманы Юрый Чыж. Падрабязнасці
Юрый Чыж. Фота: racyja.com

Разам з Чыжом былі затрыманыя кіраўнікі некалькіх кампаній, якія засталіся ў бізнэсмена пасля разгрому яго імперыі.

Прэтэнзіі ў сілавікоў узніклі да топ-менеджмента «Кварцкрэйдапрам» — прадпрыемства ў Маларыцкім раёне, якое забяспечвала крэйдай бярозаўскі завод па вырабе будматэрыялаў (таксама належыць Чыжу). Таксама нібыта затрыманы хтосьці з кіраўнікоў «Данпрад» — прадпрыемства на Валожыншчыне, якое вырабляла свініну.

Нарэшце, прыйшлі і ў «НафтаХімТрэйдынг» — адзін з апошніх бізнэсаў Чыжа, які паспяхова працягваў працаваць. У сеткі з 11 заправак, тры з якіх знаходзяцца ў Мінску, месяц таму забралі ліцэнзію на продаж паліва.

Як вядома «Нашай Ніве», сэнс справы перагукаецца з ранейшай крымінальнай справай супраць Чыжа ў 2016-м — калі яго затрымлівалі па падазрэнні ва ўхіленні ад сплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры.

Тады справа да суда не дайшла, бо Чыж прызнаў віну і кампенсаваў шкоду. Але як можна меркаваць, рахунак яму выставілі не малы і расцягнуты ў часе. Станам на 2021 год ён нібыта заставаўся вінны і дзяржаве, і бізнэс-партнёрам, якія спаганялі з Чыжа даўгі праз суд.

Але Чыж па абавязацельствах нібыта не плаціў, хаця асобныя яшчэ «жывыя» яго бізнесы прыносілі грошы.

Справы Чыжа за апошнія годы моцна пагоршалі, у рэйтынгу ўплывовых бізнэсменаў ён скаціўся на 88 месца, хоць у канцы 2000-ых узначальваў топ.

Цікавы момант: катэдж у Драздах, які некалі належаў мільянеру, а потым перайшоў яго сыну Сяргею Чыжу, тры дні таму змяніў уласніка. Элітную нерухомасць раптоўна падарылі Паліне Чыж, жонцы Сяргея.

Справа ў тым, што падчас папярэдняй крымінальнай справы супраць Юрыя Чыжа КДБ наклаў арышт не толькі на яго маёмасць, але і на маёмасць дзяцей.

Поделиться ссылкой: