“Я пайшла на гэта, каб Дзіма спыніў галадоўку...”
Вольга Каракіна сярод пратэстоўцаў трымае ў руках плакат з надпісам пра палітвязня Дзмітрыя Фурманава. На акцыі побач з беларускім пасольствам у Вільнюсе

“Вельмі хачу, каб Дзіма спыніў галадоўку”

Вольга зараз жыве і працуе ў Вільнюсе. Яна з’ехала туды летась увосень пасля таго, як адчула на сабе пераслед  праваахоўных органаў. У момант нашай размовы яна збіралася на працу і сказала, што пакуль адчувае сябе нармальна.

“Я аб’явіла галадоўку дзеля таго, каб Дзіма спыніў галадоўку ў турме, – кажа дзяўчына. – Я вельмі хачу, каб ён спыніў галадоўку і бацькі яго вельмі моцна хвалююцца ў сувязі з гэтым. Яны прасілі, каб я Дзіму ўгаварыла, але як угаварыць – я пачала галадоўку сама”.

Вольга кажа, калі Дзіма спыніць галадоўку, то гэта зробіць і яна. І вельмі жадае, каб усе беларускія палітвязні спынілі галадоўкі. Дарэчы, яна галадае ўжо другі раз. Першы раз гэта зрабіла пасля таго, як Дзіму арыштавалі і ўтрымлівалі на Акрэсціна. Дзесяць сутак Вольга праседзела перад будынкам турмы і галадала.

“Я разумею, што галадоўка – скрайння мера і Дзіму там настолькі прыдушылі, што ён пайшоў на гэта, – разважае дзяўчына. – А ён чалавек вельмі моцны, усе яго лісты, нават апошнія, поўныя годнасці. І раптам ён аб’яўляе галадоўку…”

Яна ўважліва сочыць за судом, які адбываецца ў Гродне над Дзімам, а таксама над Яўгенам Разнічэнка і Уладзімірам Кнігам. Пасля кожнага судовага паседжання да яе тэлефануюць бацькі Дзімы і распавядаюць аб тым, што было ў судзе.

Адчуваецца па размове, што Вольга шмат часу аддае інтэрнэту, паколькі арыентуецца ва ўсіх іншых судовых працэсах і ведае ўсіх, хто галадае ў Беларусі.

“Шмат інфармацыі дасылаюць знаёмыя, якіх раней не ведала, але яны ходзяць у суды і ведаюць пра мяне”, – кажа дзяўчына.

“Дзякуй літоўцам за стаўленне да нас”

Вольга працуе на прадпрыемстве па перапрацоўцы поліэтылену. Кажа, што літоўцы з разуменнем ставяцца да беларусаў, падтрымліваюць іх. З ёй разам працуюць яшчэ трое беларусаў, якія збеглі ў Літву ад пераследу.

“Я ўжо не аднойчы сутыкалася з сітуацыямі, калі літоўцы не на словах, а на справе аказвалі дапамогу. Яны добра арыентуюцца ў тым, што ў нас адбываецца”, – распавядае дзяўчына.

Праўда, яна згадвае, што працу знайшла не адразу, паколькі ў Літве быў даволі жорсткі карантын і толькі апошнім часам пачаліся ўводзіцца паслабленні.

“Як толькі прыехала, дапамаглі створаныя дзеля гэтага фонды, – распавядае яна. – А потым знайшла працу і цяпер здымаю кватэру разам з дзяўчынай, якая таксама з’ехала з Беларусі пасля жнівеньскіх падзей”.

Зарабляе  700-800 еўра, 220 з іх ідзе на кватэру, астатнія – на жыццё.

“Каб не было сумна завяла коціка, ён вельмі дапамагае псіхалагічна”, – дзеліцца Вольга. – Першы час было вельмі сумна, а цяпер, калі пайшла працаваць, стала інакш”.

Амаль кожныя выходныя яна са знаёмымі беларусамі ўдзельнічае ў акцыях каля беларускага пасольства.

“Хочацца разам з іншымі на маршы і мітынгі”

У Літве Вольга была раней разам з Дзімам. Яны на роварах праехалі па Літве больш за 300 кіламетраў. У іх засталіся сябры раварысты. І цяпер яны таксама дапамагаюць Вользе, калі ўзнікае такая патрэба.

“Я адчуваю, што тут я не адна, сябры мяне не пакідаюць”, – дзеліцца дзяўчына. – І нават ровар адзін са знаёмых мне прывёз”.

У Вольгі нават ёсць план праехаць з літоўскімі сябрамі ад Швецыі да Даніі, але гэта яна марыць зрабіць разам з Дзімам.

“Вось толькі дахаты вельмі хочацца, – прызнаецца Вольга. – Зараз вясной ізноў пачнуцца акцыі і хочацца ўдзельнічаць ва ўсім гэтым, быць на маршах на мітынгах у сваёй краіне”.

Нагадаем, што прычынамі  галадоўкі Дзмітрыя Фурманава стала змяшчэнне яго ў карцар на пяць сутак. Фурманаў таксама пратэстуе супраць змянення да яго стаўлення ў турме: на працягу апошняга месяца яго пачалі выводзіць за межы камеры, у тым ліку на шпацыр, у кайданках, як небяспечнага злачынцу. Яго абвінавачваюць на падставе артыкула 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Паводле абвінавачання, ён разам з Мікалаем Статкевічам, Паўлам Севярынцам з 2019 года рыхтаваліся да масавых беспарадкаў, распаўсюджвалі інфармацыю пра гэта, шукалі людзей, якія маглі б узяць у іх удзел. Фурманаву пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Поделиться ссылкой: