Анлайн-зала нескаронага СХТ прадстаўляе спектакль “ДРАКОН”
Афіша анлайн-спектакля "ДРАКОН"

Спектакль “Дракон” паводле знакамітай п’есы Яўгена Шварца для кожнага гледача гучыць па-свойму: як антыфашысцкі памфлет або сацыяльная сатыра, рамантычная драма або філасофская прыпавесць. Сучасны мастацкі тэатр (СХТ​) вызначыў яго жанр як “неказка“​, бо з самага пачатку ў сюжэце, героях і дэкарацыях мы назіраем рэальнае, занадта рэальнае жыццё.

Дракон / Цмок кіруе горадам чатырыста гадоў, штогод забіраючы адну прыгожую дзяўчыну. Аднойчы ў горад прыходзіць вандроўны рыцар Ланцэлот. Ён гатовы вызваліць людзей, але жыхары супраць – яны прывыклі да парадку, устаноўленаму цмокам.

Фінал ”Дракона” трагічней, чым пачатак. Забіць Цмока – паўсправы. А вось вярнуць да жыцця душы, скалечаныя крывадушнасцю, хлуснёй і страхам – задача няпростая. І якім будзе фінал залежыць толькі ад нас.

Сучасны мастацкі тэатр (СХТ) адкрыўся ў Мінску ў 2004 годзе і заваяваў сэрцы публікі сваімі яскравымі, гратэскнымі, шчырымі пастаноўкамі на актуальныя тэмы. Але восенню 2020 года, за смелы выступ супраць гвалту ў краіне і некалькі страйкаў, тэатр сутыкнуўся з забаронай на сваю дзейнасць.  Спачатку прыйшлося развітацца са сваёй пляцоўкай на малой сцэне КЗ “Мінск”. Затым, за паўгады змяніць яшчэ тры пляцоўкі. Але тэатр не здаецца! Шукае новую пляцоўку і анансаваў новы спектакль – паводле рамана «Былы сын» Сашы Філіпенкі.

Відэаверсія спектакля створана Беларускім фондам культурнай салідарнасці. Прагляд будзе даступны ў анлайн-зале 18 сакавіка, а 20.00.

Поделиться ссылкой: