Вольга Брыцікава. Фота gazetaby.com

Старшыня пярвічнай арганізацыі незалежнага прафсаюза наваполацкага ААТ «Нафтан» распавяла «Народнай Волі» пра сітуацыю на прадпрыемстве і настроі рабочых людзей.

– Я працавала на «Нафтане» з 2004 года і апошнім часам узначальвала аддзел рэалізацыі нафтапрадуктаў, – кажа наша суразмоўца. – На жаль, шматтысячны калектыў не мае радаснай перспектывы.

– Але ж на «Нафтане», напэўна, ледзь не самыя высокія заробкі ў горадзе?

– Так, бо «Нафтан» і «Палімір» – гэта прадпрыемствы, на якіх і трымаецца горад. У лепшыя часы каля тысячы долараў людзі атрымлівалі, хаця, магчыма, і зараз нехта столькі мае. Усё залежыць ад таго, якую пасаду займаеш, ад стажу работы.

Дарэчы, не так даўно генеральны дырэктар агучыў сярэдні заробак на прадпрыемстве – ён складае каля 2 тысяч рублёў.

– Ведаю, што раней вы былі на «Нафтане» сябрам афіцыйнага прафсаюза…

– Так, да 20 жніўня мінулага года я была сябрам «Белхімпрафсаюза». Шчыра кажучы, гэта быў такі неасэнсаваны выбар. Калі ўладкоўваешся на працу, запаўняеш заяву і аўтаматычна ўступаеш у афіцыйны прафсаюз, калі не адмаўляешся ад гэтага. Я не адмаўлялася, бо лічыла, што гэта мне калі і не дапамагае, то не шкодзіць.

– А насамрэч якія «пернікі» мае сябра афіцыйнага прафсаюза?

– Асабіста я да пэўнага часу наогул пра гэта не думала. Згодна з Калектыўнай дамовай, асноўныя выплаты на прадпрыемстве не залежаць ад сяброўства ў прафсаюзе, і гэта норма распаўсюджваецца практычна на ўсіх работнікаў.

Калектыўныя дамовы заключаюцца ад імя прафсаюзаў, і сёння на «Нафтане» прадстаўлены дзве прафсаюзныя арганізацыі – «Белхімпрафсаюз» і Беларускі незалежны прафсаюз. Натуральна, што афіцыйны прафсаюз значна большы по колькасці.

– Як здарылася, што вы пакінулі афіцыйны прафсаюз і ўзначалілі на прадпрыемстве пярвічную арганізацыю Беларускага незалежнага прафсаюза?

– Пярвічка Беларускага незалежнага прафсаюза на «Нафтане» была зарэгістравана ў 2003 годзе. У лепшыя часы яна мела да 1500 сябраў, а ў жніўні мінулага года ў склад пярвічнай арганізацыі ўваходзіла ўсяго 60 дзеючых работнікаў і 80 чалавек з тых, хто ўжо знаходзіцца на пенсіі.

– Чаму такая малая колькасць работнікаў «Нафтана» аддае перавагу незалежнаму прафсаюзу?

– Таму што на людзей аказваецца пастаянны ціск, і многія палічылі за лепшае пакінуць арганізацыю. Ім перашкаджалі рабіць кар’еру, іншым чынам устаўялі палкі ў колы…

Па вялікім рахунку, ціск на незалежныя прафсаюзы быў заўсёды, але гэты працэс таксама ішоў хвалямі. Рэпрэсіі то ўзмацняліся, то была пэўная лібералізацыя. Але сёння большасць рабочых баіцца ўступаць у незалежны прафсаюз, каб не мець дадатковых праблем.

Пасля жнівеньскіх падзей, якія мяне надзвычай узрушылі, мне прапанавалі ўзначаліць пярвічку Беларускага незалежнага прафсаюза ААТ «Нафтан», і я не адмовілася.

Я бачыла пасля выбараў той жах, які пачаў адбывацца ў краіне. Многія людзі, у тым ліку і рабочыя нашага прадпрыемства, пыталіся: «А што, так можна – не ўлічваць падчас выбараў меркаванне народа, які прагаласаваў, не лічыцца з гэтым самым народам?» Таму я ў тыя дні зрабіла свой выбар.

– Што ў жніўні 2020 года адбывалася на «Нафтане»?

– Тое самае, што і ва ўсёй краіне. Была незадаволенасць тым, што людзям плюнулі ў твар падчас выбараў, тым беспрэцэдэнтным гвалтам, які распачаўся ў дачыненні да людзей, якія проста адстойвалі свае правы і свае галасы.

На «Нафтане» рабочыя два разы выходзілі да заводаўпраўлення – 14 і 17 жніўня. Мы прад’явілі адміністрацыі і ўладам патрабаванні работнікаў, якія так і не былі выкананы.

Спачатку кіраўніцтва «Нафтана» спрабавала зрабіць выгляд, што ў краіне наогул нічога не адбылося, а на прадпрыемстве сярод рабочых ўсё ціха і спакойна. Затым яно актывізавалася – на тых працоўных, якія выказалі незадаволенасць дзеяннямі рэжыму, пачаўся ціск.

Трэба адзначыць, што пасля выбараў даволі шмат рабочых пакінулі афіцыйны прафсаюз, і частка з іх уступіла ў незалежны. Тады колькасць сябраў незалежнага прафсаюза павялічылася амаль у дзесяць разоў – з 60 да 550. Праўда, праз нейкі час 120 чалавек выйшлі з нашага прафсаюза. Не вытрымалі ціску, які пачаўся. І ён, дарэчы, не спыняецца да гэтага часу. Таму на сёння колькасць сябраў незалежнага прафсаюза зменшылася да 430 чалавек.

– А колькі «нафтанаўцаў» пачалі страйкаваць?

– Сёння такіх налічваецца каля 30 чалавек. Хаця наш прафсаюз да страйку ніякага дачынення не мае – людзі самі робяць свой выбар.

– У вашай пярвічкі ёсць свой офіс на прадпрыемстве?

– На жаль, няма, хаця «Белхімпрафсаюз» мае допуск на прадпрыемства. Пасля таго як у снежні мяне звольнілі з «Нафтана», пропуск мне не даюць, і я не магу сустрэцца з рабочымі непасрэдна на прадпрыемстве. І гэта вельмі перашкаджае справе, бо не можам сустрэцца з працоўным калектывам, пагутарыць з начальнікамі структурных падраздзяленняў.

Хаця ў горадзе офіс маем – у памяшканні, якое належыць ААТ «Нафтан», арандуем два пакоі.

– Якую дапамогу вы аказваеце рабочым – сябрам незалежнага прафсаюза? І ці можаце вы ім рэальна дапамагчы?

– Па-першае, мы прадастаўляем людзям магчымасць знайсці аднадумцаў – тых, хто гатовы выказваць сваё меркаванне і абараняць адзін аднаго.

І, натуральна, спрабуем супрацьдзейнічаць жаданню адміністрацыі выціснуць з прадпрыемства «ненадзейных». Удзельнічаем у разглядах судовых спрэчак, бо людзям выносяць часам абсалютна незразумелыя дысцыплінарныя спагнанні.

Ёсць таксама, як мы лічым, несправядлівае размеркаванне прэмій, бо з гэтага працэсу выключаюць сябраў Беларускага незалежнага прафсаюза. Таму пытанняў шмат – імі і займаемся.

– Якім чынам ціснуць на рабочых?

– Робяць усё, каб чалавек выйшаў з незалежнага прафсаюза. Практычна з кожным нашым сябрам прайшлі такія гутаркі. Недвухсэнсоўна даюць зразумець, што ў адваротным выпадку чалавек можа не здаць экзамен на допуск да самастойнай працы, могуць не працягнуць кантракт і гэтак далей. Некаторых выключылі з рэестра кіруючых кадраў, камусьці зрэзалі прэмію за высокае прафесійнае майстэрства. Служба бяспекі таксама праверыла сябраў незалежнага прафсаюза ў плане выканання працоўнай дысцыпліны. Ідзе сапраўдная масіраваная атака.

– Якія зараз настроі ў працоўных на прадпрыемстве?

– Мяркую, такія ж самыя, як і на астатніх заводах. Людзі ўсё бачаць і разумеюць, але маўчаць, таму што баяцца згубіць працу. Тым больш што ў такіх невялкіх гарадках, як Наваполацк, даволі складана знайсці іншую з добрым заробкам. Тут жа ўсе адзін аднаго ведаюць.

Таму нехта становіцца больш рашучым, а іншыя проста пайшлі ў цень. Не ўсе гатовы бегаць па барыкадах, калі патрэбна карміць сям’ю.

– На сабе вы нейкі ціск таксама адчуваеце?

– Мяне ўжо звольнілі. 17 жніўня мы збіралі подпісы з патрабаваннямі да ўлад і адміністрацыі «Нафтана», а 20 жніўня я лічыла гэтыя подпісы. Мне паабяцалі, што ў гэты дзень я буду вольная ад працы. Але ў выніку залічылі прагул, аб’явілі першую за ўвесь час працы вымову, а ў снежні звольнілі.

Таму зараз наймальнік на мяне націснуць не можа. Іншая справа, што кіраўніцтва «Нафтана» спрабуе ўхіліцца ад узаемадзеяння з нашым прафсаюзам. Многія нашы звароты заканчваюцца простымі адпіскамі. І пастаянна адчуваюцца перашкоды на шляху працы. Вось у гэтым плане адчуваецца ціск.

– Не спрабавалі абмеркаваць гэтыя пытанні з генеральным дырэктарам «Нафтана»?

– Пачынаючы са студзеня ўсе мае спробы сустрэцца з ім ні да чога не прывялі. Звярталася пісьмова, прасіла выдаць мне пропуск, але вынік нулявы. Хацела запісацца на прыём, але сустрэча не адбылася. Мне паведамілі, што генеральны дырэктар Андрэй Сойка з’ехаў у камандзіроўку, а пра наступную сустрэчу паведамяць дадаткова. Чакаю…

– Не спрабавалі знайсці новае месца працы?

– На гэты момант я ўзначальваю пярвічную арганізацыю Беларускага незалежнага прафсаюза на ААТ «Нафтан» і знаходжуся на вызваленай выбарнай пасадзе.

Пакуль жыве прафсаюз і людзі мне давяраюць, я не магу шукаць іншую працу.

Публікацыя – з № 20 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: