Сям’я Стральцовых у Доме творчасці “Каралішчавічы”. 1980 год.

Пісьменнік Міхась Стральцоў стаў класікам яшчэ пры жыцці, але сапраўднае прызнанне прыйшло да яго пасля сыходу з гэтага свету. Пасмяротна ён стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы. Пасмяротна выйшаў яго (пакуль далёка няпоўны) збор твораў. І на Міжнародны паэтычны фестываль свайго імя ён таксама паглядае з нябёсаў. А на зямлі агмень памяці па мужу падтрымлівае Алена СТРАЛЬЦОВА, з якой мы сустрэліся і пагутарылі напярэдадні 8 Сакавіка.

– Алена Дзмітрыеўна, з вясновым святам вас! Неяк мне адна калялітаратурная дама з веданнем справы сказала, што ў жыцці з паэтам адзін дзень жанчыне павінен залічвацца за два, як на фронце. А колькі часу вы пражылі разам?

– Сямнаццаць гадоў. Сышліся ў 1970-м, не стала Міхася ў 1987-м. Але згаданы вамі “франтавы” расклад не пра мяне: жыццё з паэтам мне не было цяжарам. Хоць, як і ў кожнай сям’і, здаралася рознае.

– Помніце сваю першую сустрэчу са Стральцовым?

– А як жа. Мы ўпершыню сустрэліся ў кватэры Міхасёвага сябра. Мне адчыніў дзверы прыгожы малады чалавек, які стаяў у сонечным святле, і было такое ўражанне, што ў яго над галавой – німб. Уся кампанія размаўляла па-беларуску, і я далучылася да размовы. Міхасю мая мова спадабалася, і ён заўважыў, што, відаць, дзяўчына вырасла ў вёсцы, у настаўніцкай сям’і. Якім жа было яго здзіўленне, калі я прызналася, што нарадзілася на Волзе, у Яраслаўлі!

– Гэта яго не адпалохала?

– Хутчэй наадварот – яшчэ больш зацікавіла. Ён праводзіў мяне дамоў і папрасіў тэлефон. Мы сталі сустракацца. Наша любімае месца было ў парку Янкі Купалы. Там у нас была свая лавачка, каля якой звычайна скакалі вераб’і. Дамаўляючыся пра чарговую сустрэчу, Міхась казаў: “Прыходзь туды, дзе верабейкі скачуць”.

– І як доўга сустракаліся? Калі ён вам прапанаваў руку і сэрца?

– Гады тры. А з рукой і сэрцам было так. На адным са спатканняў я сказала Міхасю: “Хай бы знайшлася жанчына, якая ўзяла б цябе ў рукі. Бо адзінокаму мужчыну жыць складана, адзін ты прападзеш”. На гэта ён адрэагаваў нечакана: “Дык ты і вазьмі!” І мы сталі жыць разам – у кватэры маёй мамы.

– Прымачы хлеб сабачы – гаворыць народная прыказка. Ці быў лад у адносінах цешчы і зяця?

– Спачатку мама была не вельмі задаволена нашым шлюбам. І гэта зразумела – зяць раней ужо быў жанаты, меў дваіх дзяцей. А потым дзе што падзелася! Толькі і чуваць было ад яе: разумнейшага за Міхася няма! Міхась самы прыгожы! Калі ў нас нарадзілася Алеся, вельмі ганарылася ўнучкай. А Міхасёва маці пры мне сыну так і заявіла: “Калі б ты адразу жаніўся з Ленай, то тваіх непрыемнасцяў жыццёвых ніколі не было б”. Але ў той час, калі ён жаніўся, я хадзіла ў другі клас…

– Вам прысвечаны стральцоўскі верш-шэдэўр: “Ізноў цябе заву, / Маленькую, малую, / Схіляю галаву / І холад воч цалую… / Я зведаў больш, чым ты, / І ў часе адцвітання / Мне як дакор квяты / Нясмелага кахання…” Прыемна было атрымліваць такія знакі ўвагі?

– Не проста прыемна – кранальна да слёз! Бо гэта сведчыла пра яго стаўленне да мяне.

– Валянціна Міхайлаўна Барадуліна летась на старонках “Народнай Волі” прызналася, што Рыгор Іванавіч прыносіў ёй кветкі толькі з уласных выступленняў… А Стральцоў?

– Кветкі Міхась мне часта дарыў. Вясной заўсёды купляў у бабулек пралескі. Калі былі грошы, прыносіў букеты руж. А не было, дык хоць адну сціплую ружачку.

– А ці раўнівы быў?

– Вельмі! Часам проста на пустым месцы. Па некалькі разоў на дзень званіў мне на працу ў выдавецтва і цікавіўся: “А там да цябе ніхто не падкраўся?” І абавязкова ўдакладняў: “А ты мяне кахаеш?” Пачуўшы сцвярджальны адказ прыцішаным голасам, не сунімаўся: “А чаму ты шэпчаш? Уголас скажы! Прызнавацца ў каханні трэба на ўвесь свет!” Урэшце мае супрацоўніцы звалі мяне да тэлефона словамі: “Лена, ідзі пацвердзі мужу, што ты яго кахаеш”. Ну, я ішла і пацвярджала.

– Міхась Стральцоў не мог не падабацца жанчынам. Вы яго таксама раўнавалі?

– Я ўсе сямнаццаць гадоў пражыла з перакананнем, што ў мяне не было сур’ёзных падстаў яго раўнаваць. Праўда, потым, пасля яго сыходу, высветлілася, што пэўныя падставы ўсё ж былі… Але Міхась умела маскіраваўся – своечасова прыходзіў дадому, заўсёды тэлефанаваў, калі затрымліваўся. У такія моманты мая мама, тонкі псіхолаг, хадзіла па кватэры і напявала, пазіраючы на мяне: “Зачем вы, девушки, красивых любите? / Непостоянная у них любовь”.

– А якім бацькам быў Стральцоў?

– Вельмі клапатлівым і пяшчотным. Над Алесяй ён аж дрыжаў, вазіў у вазку на прагулкі, забіраў з дзіцячага садка. Бацька і дачка любілі бавіць час разам, у іх былі свае сакрэты. Алеся адказвала бацьку ўзаемнасцю. І пасля смерці бараніла, як магла, яго гонар. Неяк у “Советской Белоруссии” з’явіўся артыкул аднаго нахабнага і беспардоннага чалавека, зневажальны ў адносінах да Стральцова. Я прачытала і проста разрыдалася. Алеся раздабыла адрас таго чалавека і паехала да яго. Зайшла ў кватэру і спыталася: “Вы мяне не пазнаяце? Паглядзіце ўважліва. Кажуць, што я вельмі падобная на свайго бацьку. А вось вам за ваш артыкул ганарар!” Заляпіла аўтару аплявуху і пайшла.

– Нічога не скажаш, баявая дачка ў вас. У любога таленту заўсёды знойдуцца незычліўцы. Але ў Стральцова ўсё ж было больш шанавальнікаў, спрыяльнікаў і сяброў. З кім ён сябраваў найбліжэй?

– Самым блізкім Міхасёвым сябрам быў Рыгор Барадулін. Ён нам тэлефанаваў часам па пяць-шэсць разоў за дзень. Калі раніцай, то першым яго пытаннем было: а што ў цябе на сняданак? І калі Міхась пералічваў, Рыгор Іванавіч цешыўся: “Ну, дык ты жывеш, як пан”. Часта слухаўку брала Алеся і адразу крычала на ўсю кватэру: “Мішачкін! Цябе Грышачкін да тэлефона кліча!” Вельмі цаніў Стральцова-пісьменніка і шмат дапамагаў нам Алесь Адамовіч. Каб падтрымаць матэрыяльна, прасіў Міхася перакладаць яго кнігі на беларускую мову. Помніцца, за адну з іх Адамовіч атрымаў ганарар (800 рублёў – на той час вялізныя грошы!) і ўвесь аддаў Міхасю. Блізкімі сябрамі былі Віктар Карамазаў, Анатоль Кудравец, Карлас Шэрман, асабліва – Таццяна Арлова і Аляксей Зарыцкі, з імі мы сябравалі сем’ямі. Неяк цэлае лета мы пражылі ў Арловых на лецішчы ў Зялёным.

– Гадоў дзесяць таму, пасля вечарыны памяці Алеся Адамовіча ў Маскве, у застоллі мы апынуліся поплеч з крытыкам Валянцінам Аскоцкім. Ён так старанна падцягваў беларускія песні, што я пацікавіўся: “Адкуль вы іх ведаеце?” І пачуў у адказ: “Ад Мішы Стральцова”.

– Так, яны сябравалі. Чыста па-маскоўску Аскоцкі звычайна звяртаўся: “Мишенька, голубчик”. Каб падтрымаць матэрыяльна беспрацоўнага Стральцова, заказваў яму рэцэнзіі для часопіса “Дружба народов”, прапаноўваў выгадныя камандзіроўкі па ўсім СССР. Усе пісьменнікі за іх хапаліся, а Міхась адмаўляўся.

– Ён быў дамаседам?

– Так, яму дома было добра. Калі я хацела паехаць з дачкой да якіх- небудзь сябровак, Міхась казаў: “Хай лепш усе яны прыедуць да нас”. Ён любіў, калі ўсе дома, калі святочна прыбраны стол, калі прыходзілі сябры.

– Вы згадалі стральцоўскае беспрацоўе, якое цягнулася, калі не памыляюся, гадоў восем. Як вы жылі на адзін сталы заробак?

– Міхась усё ж нярэдка друкаваўся, а тады ганарары былі даволі шчодрыя. У мяне заробак быў невялікі, часам ледзь зводзілі канцы з канцамі. Але я ўмела ашчадна весці гаспадарку. Пачынаючы з вясны і да канца восені мы ездзілі ў лес. Салілі, сушылі і марынавалі грыбы, нарыхтоўвалі журавіны, варылі шмат сунічнага варэння. У нас і бярозавік настойваўся – Міхась любіў ім частаваць сяброў.

– Некалькі гадоў таму ў друку з’яўляліся ўспаміны першай жонкі Стральцова Галіны. Чыталі?

– Мяне здзівіў сам факт публікацыі. Калі рэдакцыя газеты друкуе такі суб’ектыўны тэкст, варта было б папрасіць у чалавека пашпарт. Таму што шмат гадоў яе прозвішча не Стральцова. Разумееце, гэта прозвішча сёння стала своеасаблівым брэндам, і карыстацца ім проста так, ад няма чаго рабіць, нельга. Гэта парушэнне ўсіх законаў. Але “разборы палётаў” вакол асобы Стральцова я ўчыняць не хачу і не буду.

– Творчы працэс – загадкавы і таямнічы. Адным творцам патрэбна цішыня, другія і ў кавярні пісаць могуць. А як з гэтым было ў Міхася Лявонавіча?

– Калі Міхась пісаў, то не цярпеў, каб яму перашкаджалі. Але адначасова не любіў, каб мы з дачкой сыходзілі з кватэры. Казаў: “Вы мне не замінаеце”. А сам працэс пісання выглядаў так. Машынка стаяла ў кабінеце, я займалася сваімі справамі на кухні. І вось бачу: Міхась подбегам ляціць на кухню да акна, стаіць, курыць, пра нешта думае. Раптам, не дакурыўшы цыгарэту, подбегам у кабінет да машынкі, і я чую, як яна стракоча, як кулямёт! Гэта ён так артыкулы пісаў. А калі ішла проза, то таксама бегаў з кабінета на кухню, але пісаў ад рукі. Дома ён хадзіў у тоненькай кашульцы, і я бачыла, як у яго па спіне пазначалася палоска поту, быццам ён дровы сек. Проза яму цяжка давалася. Нават фізічна.

– У вас на сценах развешаны павялічаныя ілюстрацыі са стральцоўскай кнігі “Мой свеце ясны”. Ад іх сапраўды ажно яснее на душы.

– Калі ў 1986 годзе выйшла гэта кніга з надзвычай прыгожымі малюнкамі Аляксандра Шэверава, Міхась любіў узяць яе ў рукі, часта пераглядваў, задаволена ўсміхаючыся. І калі яго не стала, я папрасіла адну сваю сяброўку адзін асобнік разабраць па старонках і зрабіць нешта накшталт паспарту, каб у рамках павесіць каля Міхасёвага партрэта. Вы паглядзіце, які цуд:і бусліныя крылы, і маладзік, і абрусы саматканыя.

– Штогод у лютым праходзіць Міжнародны паэтычны фестываль імя Міхася Стральцова, на якім пры вашым удзеле ўручаецца Стральцоўская прэмія. Вы з лаўрэатамі сябруеце?

– Так. І кожнага з іх люблю. А сам фестываль заўсёды чакаю, як вялікае свята.

– Беларусь цяпер перажывае вельмі няпросты час. Па які бок барыкад апынуўся б Стральцоў, калі б дажыў да нашых дзён?

– Усе сябры і равеснікі Стральцова (Барадулін, Бураўкін, Вярцінскі Някляеў) былі і ёсць у апазіцыі да Лукашэнкі. Тое, што яго падручныя вытвараюць з народам, для Міхася было б непрымальным. Адназначна. Бо ён быў сумленны і надта чуйны да несправядлівасці чалавек. І на шэсці ён хадзіў бы абавязкова. Гэта нават не абмяркоўваецца!

Публікацыя – з № 20 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: