Юрый Губарэвіч. Фота: racyja.com

Кіраўнік руху «За свабоду» распавёў «Народнай Волі» пра тое, як ідзе падрыхтоўка да святкавання Дня Волі.

Нагадаем, што на мінулым тыдні ў Мінгарвыканкам была пададзена заяўка на правядзенне ў сталіцы масавага мерапрыемства, прысвечанага Дню Волі. Заяўка паступіла ад трох юрыдычных асоб – руху “За свабоду”, ГА БНФ “Адраджэнне” і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Мэта мерапрыемства – святкаванне 103-х угодкаў з моманту абвяшчэння БНР і ўзняцце тэмы нацыянальнага кансэнсусу па пытанні незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.

– Ніякага адказу з Мінгарвыканкама нам пакуль не паступіла, – кажа Юрась ГУБАРЭВІЧ. – Думаю, будуць цягнуць да апошняга. Як правіла, калі ў іх ёсць настрой на дазвол, то яны паведамляюць пра гэта раней. Але паводле маіх адчуванняў і тых выказванняў, якія зрабіў кіраўнік КДБ Іван Церцель, хутчэй за ўсё, будуць шукаць нагоду для адмовы. У такой сітуацыі цягнуць да апошняга – звычайная справа.

– Старшыня КДБ заявіў, што “асобамі за мяжой” распрацаваны тры сцэнарыі на Дзень Волі ў Мінску, і першы з іх прадугледжвае падачу афіцыйнай заяўкі на 25 сакавіка са зборам на плошчы Якуба Коласа. Многія адразу ж пачалі крытыкаваць заяўнікаў, бо сабраць мітынг у цэнтры горада ніхто не дазволіць. Значна больш шанцаў атрымаць афіцыйны дазвол было б, калі б заяўка падавалася на збор людзей на плошчы Бангалор…

– Мы зараз не маем права разгалошваць ні месца збору людзей, ні дату і час правядзення мерапрыемства, таму ўсе пытанні да тых прадстаўнікоў сілавых структур, якія агучылі нейкія сцэнарыі. Мы не можам з гэтай нагоды нешта каментаваць, бо дадзім нагоду для адмовы.

– Зараз ужо ідзе нейкая падрыхтоўка да Дня Волі?

– Пралічваем розныя варыянты па правядзенні мерапрыемства, але зноў-такі на падставе закона не можам весці нейкую практычную падрыхтоўку, пакуль не далі дазвол на яго правядзенне.

Па законе нам павінны даць адказ не пазней як за пяць дзён да пачатку акцыі. Думаю, пяць дзён нам будзе абсалютна дастаткова, каб у выпадку легальнага мерапрыемства можна было мабілізаваць туды ўдзельнікаў.

– Іван Церцель таксама заявіў, што трэці сцэнарый, калі дазвол на мітынг не будзе атрыманы, прадугледжвае несанкцыянаваныя акцыі і правакацыі…

– Ніякіх іншых сцэнарыяў, акрамя таго, што пазначаны ў пададзенай намі заяўцы, мы не распрацоўваем. А ў нашай заяўцы не запланавана ніякіх ні правакацый, ні сутыкненняў.

Публікацыя – з № 20 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: