Дакрануўся да машыны ДАІ — вінаваты па трох артыкулах
Вадзім Луковіч. Фота з сямейнага архіва

Прысуд вынесены па сукупнасці віны ў трох артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • частка 1 артыкула 342 КК РБ (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак);
  • артыкул 364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў);
  • частка 1 артыкула 218 КК РБ (Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці).

Нагадаем, Вадзіма Луковіча судзілі за тое, што 9 жніўня ён апынуўся ў натоўпе людзей, якія сталі стукаць па машыне ДАІ, што праязджала міма (дзеянне адбывалася на скрыжаванні вуліц Багдановіча-Купалы-Старажоўскай у Мінску). Сам Вадзім на судзе адзначаў, што апынуўся там выпадкова, а ў натоўпе яго неспадзявана штурхнулі — таму ён ненаўмысна абапёрся на машыну ДАІ і пакінуў там адбітак сваёй правай далоні.

Абарона адзначала, што ў Луковіча не было ніякіх намераў прычыняць шкоду аўтамабілю ДАІ. На ім адбілася частка яго правай далоні — але Луковіч з’яўляецца ляўшой, і адпаведна, калі б ён наносіў ўдары па машыне, то на ёй знайшлі б адбіткі яго левай далоні.

Акрамя 2 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі, суд абавязаў Луковіча выплаціць маральную кампенсацыю пацярпелым супрацоўнікам ДАІ, Аляксею Раманоўскаму і Алегу Радкевічу, агульнай сумай у 900 беларускіх рублёў: 500 рублёў Раманоўскаму і 400 — Радкевічу.

Да таго ж, Луковіч яшчэ да прысуду выплаціў матэрыяльную кампенсацыю шкоды машыне ДАІ памерам у 2052 рублі.

Таксама дзяржаабвінаваўца ў спрэчках бакоў (15 сакавіка) запытваў абавязаць Луковіча выплаціць шкоду «Мінсктрансу» памерам у 1279 беларускіх рублёў. Аднак гэты пазоў суд пакінуў без разгляду.

Вадзім Луковіч таксама павінен аплаціць дзяржаўную пошліну памерам у 276 беларускіх рублёў.

У якасці гарантыі выплаты Луковічам усіх пазоваў суд пакінуў пад арыштам ягоны аўтамабіль маркі Land Rover.

Вадзім Луковіч — адзіны карміцель у сям’і. Яго дзецям 17 і 8 гадоў, а малодшае дзіця патрабуе пастаяннага дагляду і навучаецца індывідуальна. Падчас судовых спрэчак Вадзім прасіў суд не прызначыць яму пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, бо гэта паставіць яго сям’ю ў вельмі цяжкае становішча. Сваю віну ён не прызнаў, а прысуд намераны абскардзіць.

Поделиться ссылкой: