Валянцін Сукала. Фота: БелТА

Учора, 15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі, улады прэзентавалі тых, хто будзе працаваць над абноўленым варыянтам Асноўнага закона краіны.

Тэлеграм-канал «Пул Першага» апублікаваў персанальны склад камісіі, у якую ўвайшлі 34 чалавекі.

Сярод іх не толькі прафесійныя юрысты, але і людзі, вельмі далёкія ад заканатворчай дзейнасці – напрыклад, вядомы доктар Алег Румо, паралімпіец Аляксей Талай, рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў і іншыя. Нельга выключаць, што для некаторых запрашэнне ўвайсці ў Канстытуцыйную камісію стала сюрпрызам.

Сярод тых, хто ўвайшоў у камісію, – прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергеенка, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, экс-генпракурор Рыгор Васілевіч, палітолагі Аляксандр Шпакоўскі і Юрый Васкрасенскі, першая намесніца міністра аховы здароўя Алена Богдан і іншыя.

Пры гэтым у складзе камісіі няма ніводнага прадстаўніка апазіцыі і дэмакратычнай супольнасці. Не запрасілі туды нават Мечыслава Грыба, які паставіў подпіс пад дакументам аб прыняцці першай Канстытуцыі незалежнай Беларусі.

Напрыканцы жніўня, сустракаючыся са старшынёй Вярхоўнага суда, Лукашэнка папрасіў Валянціна Сукалу далучыцца да працы над абноўленай Канстытуцыяй: “Я хачу, каб вы ўсё ж такі як дасведчаны чалавек сваё слова сказалі…” Але Сукалы не было сярод тых, хто ўчора быў запрошаны на нараду да Лукашэнкі. А можа, адмовіўся?

Дакладна не вядома, ці пачне гэтая новаўтвораная камісія сваю працу толькі зараз альбо гэтыя людзі ўжо некаторы час працавалі над праектам Канстытуцыі. Бо А.Лукашэнка яшчэ некалькі месяцаў таму распавядаў, што яму ўжо прадставілі ажно тры варыянты змен у Канстытуцыю, але ён іх усе забракаваў, бо яны былі “занадта мяккімі”.

Грамадскасці не паказалі ніводны з прапанаваных праектаў.

А вось альтэрнатыўная камісія па падрыхтоўцы новага варыянта Канстытуцыі ўжо прэзентавала свой праект новага Асноўнага закона. Азнаёміцца з ім можна ў інтэрнэце. Старшыня рабочай групы па распрацоўцы канстытуцыйнай рэформы, упаўнаважаны Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька называе гэты праект народным. Праца над ім пачалася з 13 сакавіка 2019 года. Асновай для стварэння Асноўнага закона новай Беларусі стала Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года і Малая Канстытуцыя 2006 года, прынятая на Кангрэсе дэмакратычных сіл. Праект прадугледжвае пераход з прэзідэнцкай на парламенцкую форму праўлення. Менавіта парламент будзе выбіраць прэм’ер-міністра і зацвярджаць урад. А ўрад у сваю чаргу будзе справаздачыцца перад парламентам.

Учора А.Лукашэнка сказаў: “Мы імкнуліся ахапіць усе сферы жыцця і грамадства, каб максімальна ўлічыць інтарэсы і голас кожнага беларуса”. Але калі б гэта было праўдай, то Лябедзьку дакладна ўключылі б у склад гэтай афіцыйнай Канстытуцыйнай камісіі і запрасілі б на ўчарашнюю нараду.

Публікацыя – з № 20 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: