Ігар Банцар з сям'ёй

Два тыдні рок-музыкант з Гродна трымае сухую галадоўку ў ізалятары гродзенскага СІЗА.

Ігар Банцар – рок-музыкант з Гродна. Жанаты, разам з жонкай Анжалікай гадуюць траіх дзяцей. Банцар лічыць сябе апалітычным, аднак мінулым летам хадзіў на вулічныя пратэсты, тройчы сядзеў на “сутках” па адміністрацыйных справах за ўдзел у мітынгах.

20 кастрычніка музыканта затрымалі па крымінальнай справе аб хуліганстве – за тое, што танцаваў перад міліцыяй без штаноў.

3 сакавіка суд Ленінскага раёна Гродна пачаў разглядаць справу Ігара Банцара, і на працэсе ён заявіў, што ў знак пратэсту распачынае сухую галадоўку.

– Апошні раз адвакат наведваў Ігара ў мінулую суботу, – распавяла “Народнай Волі” жонка вязня Анжаліка Арэхва. – Мужа перавялі ў іншую камеру, але ён працягвае сухую галадоўку, якая доўжыцца з 3 сакавіка. Ігар вельмі схуднеў, калі адпачывае, то яму становіцца крыху лягчэй. Прыходзіць урач, правярае ціск. Не ведаю, што яны там яшчэ робяць.

– Ён не ўжывае ні ваду, ні ежу?

– Нічога не ўжывае. Я не ведаю, як такі тэрмін чалавек можа пратрымацца, але ёсць тое, што ёсць.

– Можа быць, яго кормяць прымусова?

– Пакуль такой інфармацыі не маю. Пра гэта мне не паведамляў нічога ні Ігар, ні адвакат. Але муж слабее з кожным днём.

– Ці просіце вы яго спыніць галадоўку?

– Нічога не прашу, бо ведаю ўпарты характар Ігара. Яго маці падчас судовага пасяджэння прасіла, каб ён спыніў сваю акцыю пратэсту, і я таксама з ёй згодна. Здароўе – гэта галоўнае, што ёсць у чалавека, а даказаць усё роўна нічога не зможаш. Але гэта асабісты выбар Ігара.

***

Былы палітвязень і экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец у свой час таксама праводзіў за кратамі сухую галадоўку і распавядае, якія могуць быць наступствы для таго, хто галадае:

– Сухую галадоўку я праводзіў пяць дзён, а затым ужо стаў піць ваду. Увогуле ж мая акцыя пратэсту працягвалася каля двух месяцаў.

Чытаў на гэтую тэму розную навуковую літаратуру, і, калі не памыляюся, рэкорд сухой галадоўкі – 18 дзён. Дзесьці на 12–13-ы дзень пачынаюцца праблемы з печанню, бо забіваюцца капіляры, і чалавек аказваецца ў крытычным стане.

Падчас такой галадоўкі замаруджваюцца ўсе працэсы ў арганізме, падае ціск і зніжаецца тэмпература цела. Шлакі выводзяцця па-іншаму. Можна адзін раз схадзіць у прыбіральню і згубіць прытомнасць.

Адміністрацыя ізалятара, думаю, не зацікаўлена ў тым, каб у іх ад галадоўкі памёр чалавек. Калі Ігару прымусова не пачнуць ставіць кропельніцу з глюкозай, яго могуць і не выратаваць.

Публікацыя – з № 20 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: