У Брэсце асудзілі яшчэ восем чалавек па
Скрыншот з відэа з гарадскіх камер відэаназірання 13 верасня ў Брэсце

Гэта другі суд па “справе карагодаў”. Суддзя Дзмітрый Шурын асудзіў адразу восем чалавек, прызначыўшы ім пакаранне ад 1,5 года “хатняй хіміі” да 1 года і 8 месяцаў калоніі. Гэта ўжо другая “партыя” асуджаных, але пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі было прызначана ўпершыню.

Колькасць абвінавачаных па “справе карагодаў” дасягае паўсотні — гэта адна з самых масавых “палітычных справаў” у Беларусі.

Суд палічыў даказанай віну васьмі чалавек па ч. 1 арт. 342 КК і прызначыў наступныя пакаранні:

  • Дзмітрый Буневіч – 1 год і 8 месяцаў калоніі агульнага рэжыму;
  • Аляксей Арцецкі – 1,5 гады калоніі агульнага рэжыму;
  • Дзмітрый Абрамук і Віталь Брух – 2 гады “хіміі”;
  • Аляксей Бараноўскі, Дзмітрый Качурка і Уладзімір Талатыннік – 1,5 гады “хіміі”;
  • Генадзь Місюта – 1,5 гады хатняй хіміі.

Менавіта такое пакаранне прасілі дзяржаўныя абвінаваўцы пракуроры Юшчук і Ляшок. Яшчэ для двух абвінавачаных – Валянціны Жукоўскай і Сяргея Наліўкі – прысуд будзе вынесены пазней.

Дзмітрыя Буневіча затрымалі яшчэ да вынясення прысуда – 12 сакавіка. Да яго прыехалі дадому і сказалі, што трэба ў Следчы камітэт.

У чым іх вінавацяць?

Паводле абвінавачвання, кожны з 10 падсудных у групе з іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці, з-за прастою тралейбуснаму парку быў нанесены ўрон 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму – 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчавання. Пацярпелым бокам у справе выступае КУТП “Тралейбусны парк” і ААТ “Брэсцкі Аўтобусны парк”.

Першы прысуд па крымінальнай “справе карагодаў” быў вынесены Cудом Ленінскага раёна Брэста 25 лютага.

У суд паступілі справы па “трэцяй” партыі. У гэты раз абвінавачаных адзінаццаць чалавек: 63-гадовая актывістка Алена Гнаук, Алена і Вікторыя Лысковічы, Юрый Чубрык, Даніла Чамаданаў, Віктар Лобка, Васіль Чарнецкі, Кіріл Луда, Радзіон Кандрацюк, Уладзіслаў Навіцкі, Людміла Луцкая. Хутка над імі таксама адбудуцца суды, яны ўжо знаёмяцца з матэрыяламі справы.

 

Поделиться ссылкой: