Арцыбіскуп Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій. Фота: pokrovgrodno.org

Арцыбіскуп Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій зноў выказаўся наконт сітуацыі ў краіне. Ён гаварыў з людзьмі ў Свята-Пакроўскім саборы Гродна з нагоды Дараванай нядзелі, якую напярэдадні адзначалі праваслаўныя, — казаў пра Бога і пра тое, што чалавек павінен рабіць, каб быць бліжэйшым да яго.

Як паведамляе Еўрарадыё, закрануў Арцемій і абставіны, у якіх цяпер жывуць беларускія праваслаўныя, — каранавірус і агульную сітуацыю ў краіне.

“Цяпер, вядома, вельмі складаныя часы. Пануюць заганы, пануе зло. Гэта ўсё раз’ядноўвае людзей. І грамадскае раз’яднанне, як мы ўсе ведаем, адбываецца. Прычына ў тым, што царства свету гэтага жадае бачыць у царкве толькі ідэалагічна-палітычны апарат, падуладны яе механізму”, — сказаў арцыбіскуп.

Але царква, адзначыў ён, — гэта перш за ўсё “Царства Божае на зямлі”.

“Ісці шляхам прыстасавальніцтва — гэта шлях самазнішчэння. Уваходзіць у палітыку, уваходзіць у нейкія іншыя праблемы таксама не ўласціва царкве. Але царква не павінная быць абыякавая да ўсяго таго, што адбываецца. Навамучанікі і праведнікі нашага часу заўсёды казалі: “Маўчаннем прадаецца Бог”. Быць хрысціянінам — гэта значыць быць крыжаносцам”, — падкрэсліў ён.

Змагацца трэба са сваімі заганамі, сваім грахом, але таксама і з грамадскімі настроямі, і з царкоўнымі праблемамі. “Гэта цяжкі крыж, які трэба несці, часам ахвяруючы сабой”, — сказаў арцыбіскуп Арцемій.

У жніўні мінулага года арцыбіскуп Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій аказаўся ледзь не адзіным з ліку найвышэйшых іерархаў БПЦ, хто публічна асудзіў дзеянні сілавікоў. Падчас адной з казаняў ён заявіў, што “мы не гаворым, якая там палітыка, які палітык, якая ўлада. Мы гаворым пра тое, што чыніцца беззаконне. Нашы людзі проста звярэюць і раздзіраюць сваіх жа братоў”.

У канцы лістапада мінулага года БПЦ атрымала папярэджанне ад упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. За што было вынесенае папярэджанне, не паведамлялася. Вядома толькі, што мітрапаліт Веніямін у лісце да арцыбіскупа Арцемія прасіў яго ўлічыць, што “ў тэксце атрыманага папярэджання ўказваецца на няўхільны абавязак рэлігійных арганізацый выконваць патрабаванні заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якое рэгулюе іх дзейнасць”.

Поделиться ссылкой: