Раман Улан

Гродзенскі абласны суд пакінуў без змен рашэнне Смаргонскага раённага суда ў дачыненні да смаргонскага прадпрымальніка Рамана Улана. Ён быў асуджаны на 2,5 года так званай “хіміі” паводле артыкула 188 КК за паклёп на міліцыянераў. Абласная калегія суддзяў не прыняла да ўвагі і 220 подпісаў, якія ў абарону Улана сабралі яго землякі.

Пасляжнівеньскі сіндром

Крымінальная справа супраць Улана была ўзбуджана на пачатку восені. Пасля жнівеньскіх падзей у Смаргоні нехта расклеіў на платах улёткі з асабістымі дадзенымі мясцовых міліцыянераў, аб якіх гаварылася, што яны ілжэсведчылі ў судах.

Улан сфатаграфаваў гэтыя ўлёткі і змясціў здымкі ў “ВКонтакте” пад каментарыямі ў гарадскім чаце “Чуткі Смаргоняў”. Сямёра міліцыянераў, прозвішчы якіх былі на ўлётках, падалі ў суд. Па слядах фотаздымка прыйшлі да Улана.

Правялі ператрус, канфіскавалі больш за дзясятак адзінак тэхнікі і паралізавалі працу яго офіса. А ён, дарэчы, адзіны ў Смаргоні зараджаў картрыджы прынтараў, раздрукоўваў фотаздымкі, наносіў прынты на майкі і посуд, рэалізоўваў канцылярскія прылады і сувеніры з нацыянальнай сімволікай. Праўда, смаргонцы яго ў бядзе не пакінулі: нехта прынёс прынтар, нехта – камп’ютар, іншую тэхніку, каб не спынялася яго праца. І большасць людзей прыходзіла да Рамана рабіць заказы, нават калі ў іх не было патрэбы, каб такім чынам падтрымаць яго грашова.

Адрэагавалі і гарадскія службы: Улана пачалі цягаць у падатковую, прыйшлі пажарнікі і прадстаўнікі санэпідэмстанцыі. Выпісвалі ўсё новыя штрафы.

Тады Раман згадваў, што нешта падобнае перажываў у 2005 годзе, калі закрылі “Новую газету Смаргоні”, якую ён выдаваў. Газета, дарэчы, за некалькі гадоў існавання ў тры разы перавысіла наклад мясцовай раёнкі і не паддавалася кантролю мясцовых улад. Тады не толькі знішчылі газету, але і пазбавілі Улана паўнамоцтваў дэпутата раённага Савета.

Гэтым разам ніхто не мог нават уявіць, да чаго можа дайсці справа. Раман згадвае, што блізкія сябры і знаёмыя суцяшалі і супакойвалі: маўляў, дадуць штраф, і на гэтым усё скончыцца.

Рашэнне суда было нечаканым

Раённы пракурор Андрэй Клышэвіч запрасіў для Улана максімальную санкцыю – 3 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову. Суддзя Сяргей Боландзь сваім рашэннем зменшыў пакаранне на паўгода. Раман быў у шоку.

Віну сваю ў судзе не прызнаў, перакананы ў тым, што такім чынам яму помсцяць за яго актыўную грамадзянскую пазіцыю.

“Я, канешне, нічога падобнага не чакаў, – казаў тады Улан “Народнай Волі”. – Я гэтых улётак не пісаў і не развешваў, а толькі сфатаграфаваў і гэтага не адмяўляў. З мяне папросту зрабілі крайняга. А спадзявацца на правасуддзе цяпер наогул не выпадае – у краіне прававы дэфолт”.

Акрамя гэтага, яму прысудзілі сплаціць пацярпелым буйныя сумы за «маральныя пакуты» і значную судовую пошліну: міліцыянерам – пад 3 тысячы рублёў, судовая пошліна – больш за 600 рублёў. У даход дзяржавы канфіскавалі камп’ютар, манітор, іншую тэхніку, арыштавалі аўтамабіль пад гарантыі выплаты штрафаў.

«Калі б не нашы смаргонцы…»

“Калі б не нашы смаргонцы, я не ведаў бы, што рабіць з гэтым усім, – прызнаецца
Раман. – Мясцовыя людзі сабралі мне больш за 70 працэнтаў ад усёй сумы штрафаў”. Раман згадвае, што нават плакаў, калі людзі, што працуюць у дзяржаўных установах і маюць малыя заробкі, прыносілі яму грошы: маўляў, бяры, ты за ўсіх нас цярпіш.

“Народная Воля” пагутарыла з некаторымі смаргонцамі, якія падпісаліся пад петыцыяй у абласны суд з патрабаваннем адмяніць пакаранне Улану. Да прыкладу, Яўген Мацкевіч сказаў, што Раман вядомы у Смаргоні яшчэ з тых часоў, калі ён выдаваў “Незалежную газету Смаргоні”, гэта чалавек, які ніводнага разу не скампраметаваў свайго імя. “Гэта чэсны і прыстойны чалавек. А яшчэ ён ніколі не адмовіў таму, каму патрэбна дапамога”, – падсумаваў Яўген Мацкевіч.

Прадпрымальніца Рыта Навумава заўважыла, што да Улана заўсёды цягнуліся людзі і ў яго офісе ў цэнтры Смаргоні заўсёды было шмат народу. “Ведаеце, да Рамана людзі прыходзілі, не толькі каб заказаць нешта, з ім раіліся па розных пытаннях, – гаворыць жанчына. – Ён ніколі чалавеку не адмаўляў, дапамагаў чым мог”.

А Сяргей Трай кажа, што Раман ніколі не скупіўся, заўсёды разумеў становішча заказчыка: “Не імкнуўся пабольш сарваць з чалавека, у яго заўсёды былі зніжкі на заказы, стараўся, каб было добра не толькі яму, а і кліенту”.

Дарэчы, паводле слоў Рамана Улана, нават некаторыя з тых міліцыянераў, каму ён павінен сплаціць “за маральныя пакуты”, перадавалі яму праз знаёмых, што гэта не іх жаданне, а загад начальства.

“У Смаргоні ўсяго каля 40 тысяч жыхароў, людзі ведаюць адзін аднаго, – заўважае Раман. – А як яны будуць глядзець у вочы сваім суседзям, то гэта ўжо іх справа, калі загады начальства для іх важнейшыя за Закон і сумленне”.

Надзея памірае апошняй, але памірае…

Скаргу Улана ў абласным судзе разглядала калегія суддзяў на чале з Андрэем Ліхачом. Даклад па справе рабіў суддзя Раманоўскі.

Перад пачаткам разгляду скаргі Раман ніякіх спадзяванняў на змену прысуду не меў. “Рыхтуюся да “хіміі”, – сумна заўважыў ён, перад тым як зайсці ў залу суда. – Бо хто тут што зменіць? Нейкая надзея, канешне, ёсць, але гэта як нешта апошняе”.

Дарэчы, Раману Улану 56 гадоў, і ў такім узросце ехаць на “хімію” – зусім не вясёлы варыянт. Пазней, падчас свайго выступлення перад абласнымі суддзямі, ён скажа і пра гэта, але аргумент застанецца па-за ўвагай.

Перад калегіяй суддзяў ён казаў, што раённы суд не захаваў аб’ектыўнасць пры разглядзе справы. У прыватнасці, у ходзе судовага следства, нягледзячы на неаднаразовыя хадайніцтвы, факт пэўнасці інфармацыі пра міліцыянераў, якая была змешчана ва ўлётках, адносна таго, што яны ілжэсведчылі на судах, не спраўджваўся. Але ў той самы час Улан прывёў факты, што Смаргонскі суд апраўдаў на пяці працэсах абвінавачаных, супраць якіх сведчылі гэтыя самыя міліцыянеры.

Указаў ён і на тое, што злачынства, якое караецца паводле артыкула 188 КК, зводзіцца да наяўнасці “наўмыснага паклёпу” ў момант распаўсюджвання звестак.

“Я ж не вырабляў і не расклейваў гэтых улётак, – канстатаваў Улан. – Я зрабіў здымкі для гісторыі, каб людзі памяталі, што такія падзеі адбываліся ў нашым горадзе”.

Прасіў Улан улічыць і тое, што ў яго на ўтрыманні маці, якая мае 1-ю групу інваліднасці. Урэшце далучыў да справы 220 подпісаў смаргонцаў, якія патрабуюць адмяніць яго прысуд.

Пракурор Горбач папрасіла калегію суддзяў не мяняць рашэння Смаргонскага суда і спаслалася на тое, што факты дакладнасці інфармацыі пра міліцыянераў, якая была змешчана на ўлётках, не пацвердзіліся.

“І ўсе яны характарызуюцца на працы са станоўчага боку”, – канстатавала пракурор. Цікава, што ў Смаргоні так і не знайшлі таго, хто надрукаваў і расклеіў улёткі па горадзе. Нібыта некага затрымлівалі, дапытвалі, але далей справа не пайшла.

Калегія суддзяў Гродзенскага абласнога суда аб’явіла вердыкт: рашэнне Смаргонскага раённага суда ў дачыненні да Рамана Улана пакінуць без змен.

“У мяне няма слоў, каб гэта каментаваць, – з горыччу ў голасе заўважыў Улан. – Проста пераследуюць актыўных людзей, і не толькі мяне. Самыя горшыя якасці ўлады цяпер вылазяць вонкі…”

Публікацыя – з № 19 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: