Фото: static-2.akipress.org

Пра тое, што ў Сеціве з’явіцца фільм пра «палацы Лукашэнкі», здаецца, першым сказаў ён сам. І сапраўды, 8 сакавіка вечарам велізарная колькасць людзей многае ўбачыла на ютуб-канале. На ўчарашні дзень фільм цяпер усім вядомага Сцяпана Пуцілы паглядзелі больш за два мільёны чалавек (!). Няхай прафесійныя рэцэнзенты раскладаюць усё па палічках, а «Народная Воля» вырашыла звярнуцца да шэрагу вядомых асоб толькі з двума пытаннямі:

1. Колькі ўрадавых рэзідэнцый дастаткова мець Беларусі?
2. Які лёс павінен напаткаць «лішнія» рэзідэнцыі?

Андрэй ДЗМІТРЫЕЎ, адзін з кіраўнікоў кампаніі «Гавары праўду»:

– Калі я балатаваўся ў прэзідэнты, то ў маёй праграме было прапісана, што нам патрэбна пазбавіцца ад такой колькасці ўрадавых рэзідэнцый, якую маем сёння. Не можа быць у краіне, якая не ганарыцца сваімі даходамі і высокім узроўнем жыцця насельніцтва, рэзідэнцый больш, чым у англійскай каралевы. Дастаткова адной – для нейкіх дыпламатычных прыёмаў і гэтак далей.

Усё астатняе трэба выстаўляць на аўкцыён, прыватызаваць альбо рабіць дамы адпачынку. А грошы, якія атрымаюць за гэта, трэба накіроўваць у адмысловы Фонд жылля для настаўнікаў і медыкаў рэгіёна. Гэта зараз больш актуальная задача. Нам патрэбна зрабіць так, каб медыкам і педагогам было цікава ехаць у рэгіёны і працаваць там. Вось гэта была б карысць! А ад таго, што ў цябе 15 ці 20 рэзідэнцый, карысці не будзе. Іх жа трэбна не толькі пабудаваць, але і ўтрымліваць.

Радзім ГАРЭЦКІ, акадэмік:

– Ніколі не думаў над гэтым, хаця, як мне падаецца, шмат рэзідэнцый нам не патрэбна.

Тэнгіз ДУМБАДЗЭ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў:

– Я не думаю, што ў Беларусі сотні ўрадавых рэзідэнцый. Такія рэзідэнцыі – абавязковы атрыбут у кожнай краіне.

Да таго ж трэба разумець: ніхто не вечны на гэтым свеце. І ніхто за сабой у магілу рэзідэнцыі не пацягне. А можа, і дзеючая ўлада, калі будзе такая неабходнасць, аддасць іх пад нейкія дабрачынныя праекты.

Але маё меркаванне: у кіраўніка краіны павінны быць прыстойныя рэзідэнцыі. Гэта ж першая асоба краіны! Любы замежны госць высокага ўзроўню, які прыязджае ў Беларусь, павінен быць прыемна здзіўлены. Добрыя рэзідэнцыі сведчаць пра тое, што ў краіне ўсё добра. Госць прыехаў – і мы яго не ў хлеў завялі.

Так, у краіне ёсць і бедныя людзі, але ўрадавыя рэзідэнцыі – гэта не шыкаванне. Павінна быць катэгорыя людзей, якім па іх статусе дазволена карыстацца такімі рэзідэнцыямі. Праўда, усё гэта павінна перадавацца нашчадкам. Новыя людзі, якія будуць кіраваць краінай, будуць таксама карыстацца гэтымі рэзідэнцыямі.

Таццяна ПРОЦЬКА, гісторык, кандыдат філасофскіх навук:

– Маё меркаванне такое: сёння абмяркоўваць урадавыя рэзідэнцыі заўчасна. Гэта выглядае так, як быццам дзеляць шкуру незабітага мядзведзя.

А тое, што такія ўрадавыя рэзідэнцыі ў краіне маюцца, гэта ж ні для кога не сакрэт. Яны ў Беларусі былі, ёсць і застануцца. І калі ўлада ў краіне зменіцца, вось тады ім можна будзе знайсці вельмі добрае прымяненне.

Адным словам, тое, што пабудавана, у адзін дзень не знікне.

Мікалай ЛЫСЕНКАЎ, экскіраўнік СПК «Жоўты бераг» (Стаўбцоўскі раён):

– Толькі адна ўрадавая рэзідэнцыя павінна быць. Там кіраўнік краіны павінен і жыць, і працаваць. Можа быць, і ўрад варта вывезці за межы горада.

А лішнім рэзідэнцыям лёгка можна знайсці добрае прымяненне – аддаць пад санаторыі, бальніцы, магчыма, нешта перавесці ў камерцыйную частку. Памяшканні не павінны стаяць пустыя і чакаць, калі туды раз у некалькі месяцаў прыедзе высокі госць. Яны штодзень павінны быць карыснымі і працаваць для краіны і людзей. А асабліва дарагую рэзідэнцыю можна і прадаць, а за гэтыя грошы пабудаваць пяць невялікіх бальніц для дзетак.

Вячаслаў ОРГІШ, доктар філасофскіх навук, прафесар:

– Я не глядзеў фільм і, шчыра кажучы, нават не ведаю, колькі ў Беларусі сёння ўрадавых рэзідэнцый. Гэтая тэма – не мая кампетэнцыя.

Ганна КАНЮС, доктар палітычных навук:

– На мой погляд, хапіла б адной альбо дзвюх урадавых рэзідэнцый, каб працаваць там і прымаць ганаровых гасцей.

Што ў такім выпадку можна было б зрабіць з астатнімі рэзідэнцыямі? Гэта добрыя месцы, каб аддаць іх пад дзіцячыя прытулкі, для жанчын, якія пацярпелі ад гвалту ў сям’і, для “чарнобыльцаў” альбо для тых, хто пацярпеў ад рэпрэсій пасля выбараў мінулаго года.

Можна было б зрабіць цудоўныя сацыяльныя аб’екты. На пабудову рэзідэнцый пайшлі вялізныя бюджэтныя грошы, але столькі такіх аб’ектаў нам не патрэбна. Трэба ж нерухомасць выкарыстоўваць з максімальным прыбыткам.

Алег ГАЙДУКЕВІЧ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў:

– Мяне наогул не цікавіць, колькі ў Беларусі ўрадавых рэзідэнцый, бо яны ўсе дзяржаўныя. Пяць, дзесяць, пятнаццаць… Якая розніца? Там не можа кіраўнік краіны
жыць, яны выкарыстоўваюцца для нейкіх міжнародных сустрэч, яшчэ для нечага.

Мяне цікавіць, як краіна развіваецца, а не тое, колькі ў ёй рэзідэнцый. І фільм Пуцілы
мяне зусім не ўразіў. Нічога я там сенсацыйнага не ўбачыў. Гэтак жа, як і ў фільме Аляксея Навальнага пра Уладзіміра Пуціна. Яны што, хочуць, каб прэзідэнт Расіі ў лапцях хадзіў, як абадранец? Пакажыце мне такога прэзідэнта! Усе прэзідэнты ў свеце – мільянеры. А хто кажа, што ён не мільянер, той прыкідваецца.

У нашага кіраўніка краіны насамрэч усё дзяржаўнае. Дзе ў яго асабістыя рэзідэнцыі? Паказалі тыя, якія належаць дзяржаве. Рана ці позна, але ўлада змяняецца, а рэзідэнцыі застануцца.

Таму я не бачу тут аніякай праблемы, якая хвалюе людзей. Ды, мяркую, і не хвалюе яна іх наогул. Народ хвалююць заробкі, пенсіі і тое, як ён будзе жыць далей.

Анатоль ЛЯЎКОВІЧ, дацэнт, экс-кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада):

– Дзяржава павінна мець рэзідэнцыі, але тут павінна быць пачуццё меры. Каб быць сціплым, дастаткова і двух-трох рэзідэнцый. Што, у Беларусь высокія госці штодзень прыязджаюць, чарга стаіць і немагчыма ўсіх пасяліць у дзвюх рэзідэнцыях? Не, няма такога. Дык навошта, каб у гэтых памяшканнях паветра гуляла? Лепш аддаць іх тым, каму яны насамрэч патрэбны. Тым жа хворым дзецям.

Зоя ІВАНОВА, пенсіянерка (г.Смалявічы):

– Беларусь – не такая вялікая краіна, каб будаваць тут шмат урадавых рэзідэнцый. Дастаткова было б і адной, ну максімум дзвюх.

А астатнія рэзідэнцыі спатрэбіліся б у сацыяльнай сферы, дзе праблем у нас хапае. Варта было б аддаць іх пад санаторыі і прафілакторыі. Гэта асабліва актуальна зараз, калі людзі масава хварэюць на каранавірус, і пасля хваробы ім патрэбна рэабілітацыя. Дык дайце людзям магчымасць прывесці ў парадак здароўе ў нармальных чалавечых умовах!

Алена ЗОЛАВА, салістка Вялікага тэатра:

– Думаю, для нашай дзесяцімільённай краіны дастаткова дзве-тры ўрадавыя рэзідэнцыі. «Лішнія» рэзідэнцыі зараз варта было б аддаць пад дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. А таксама пад санаторыі – пажадана з мінімальнай аплатай.

Аляксандр САЛАДУХА, спявак:

– У нас іх тры – і гэтага цалкам дастаткова! У прэзідэнта Лукашэнкі, у Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы і ў Аляксандра Саладухi на Пцічы. А пра астатнія рэзідэнцыі першы раз чую!

Раіса БАРАВІКОВА, пісьменніца і паэтка:

– Не ведаю… Мне здаецца, і адной дастаткова. Вось у мяне адна дача, і добра. А лішнія рэзідэнцыі трэба аддаць пад дзіцячыя дамы – як калісьці забіралі лішнюю ўласнасць у памешчыкаў, калі ўсталёўвалі Савецкую ўладу.

Аляксей ДУДАРАЎ, драматург:

– Мяне гэта не хвалюе – 5, 15 або 27… Можа, патрэбны ўсе 27. Каму цікава, хай лічыць.

Станіслаў ШУШКЕВІЧ, экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі:

– Шчыра кажучы, дакладна не ведаю, колькі на сёння ў Беларусі ўрадавых рэзідэнцый і як яны выкарыстоўваюцца. Але, на мой погляд, дзве-тры нам патрэбны, а больш – ужо залішняе. Таму што не зусім зразумела, што ў іх рабіць. Гэта марнатраўства!

І не праблема знайсці прымяненне астатнім рэзідэнцыям. Гэта былі б цудоўныя гатэлі, прывабныя для турыстаў. Такой праблемы наогул не было б. Увогуле, калі рэзідэнцыі пабудаваны на народныя грошы, то трэба іх гэтаму народу і аддаць.

Апытвалі Алесь СІВЫ, Алена МАЛОЧКА.

Публікацыя – з № 19 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: