Фота аўтара

У суботу раніцай з’ездзіла на сталічны Камароўскі рынак і паглядзела, колькі каштуюць толькі што прывезеныя з заморскіх краін гародніна і садавіна. Ля некаторых прылаўкаў можна не спыняцца – не для беларускай кішэні, напрыклад, свежая чарэшня па 220 рублёў за кіло…

Сезон хурмы ўжо адыходзіць, а вось чарэшня і клубніцы пачынаюць набіраць абароты. Разбежка па цэнах уражальная: клубніцы – ад 14 да 32 рублёў за кілаграм, чарэшня – ад 209 да 220.

Ад прадаўцоў ледзь не на кожным кроку чую: “Ну купіце, купіце…” А я ў адказ: “Дорага!” Раз-пораз завязваецца дыялог.

– Чаго прыйшлі і толькі глядзіце? – пытаецца адна з жанчын.

– З такімі цэнамі толькі глядзець застаецца…

– Дык жывём жа не ў казцы…

– А з чым, скажыце, звязаны рост цэн?

– Я ж не міністр, не ведаю, – адказвае гандлярка. – Мая справа – прадаваць.

– А вось чула, што ў вас тут чарэшня ёсць па 220 рублёў…

– Так, была недзе. З Чылі прывезлі…

Цікаўлюся: ці можна купіць танней? Дастаю смартфон, заходжу на сайт Камароўскага рынку і даведваюся: чарэшня з Перу каштуе 209 рублёў за кілаграм.

“Тонкая і гладкая скурка пакрывае далікатную і сакавітую мякаць, – гаворыцца ў апісанні тавару на сайце. – Чарэшня ўтрымлівае досыць шмат жалеза, а значыць, ягады з’яўляюцца ідэальным сродкам пры малакроўі. Плады выкарыстоўваюцца ў якасці стымулюючага, танізуючага і агульнаўмацавальнага сродку. Даказана, што чарэшня дапамагае ачысціць арганізм ад “дрэннага” халестэрыну і ад прадуктаў распаду”.

Нягледзячы на такую прывабную рэкламу, усё ж не магу аддаць 220 рублёў за нейкі
кілаграм смачных ягад.

Спрабую знайсці садавіну па больш прымальнай цане. Вось бачу вінаград, каштуе ад 10 да 14 рублёў. Праўда, адразу ўзгадала: на акцыі ў супермаркеце вінаград прадаваўся па 8,50 за кілаграм.

Звяртаю ўвагу на свежы ананас – сярэдні кошт 12 рублёў.

– Бярыце! Вельмі смачны! – крычыць мне прадавец.

– А калі танней будзе? – цікаўлюся.

Маё пытанне застаецца без адказу.

Раптам заўважаю чаргу, падыходжу.

– За чым стаіце? – цікаўлюся.

– Хурма па рублю!

– Яна ж гнілая…

– Калі вам гнілая, то ідзіце і бярыце за пяць рублёў, – адказвае мне прадавец.

А вось і перцы – каля 10 рублёў за кілаграм. Агуркі – па 7, памідоры – ад 5 да 30 рублёў!

Зноў цікаўлюся, з чым звязаны рост цэн.

– Я на такія пытанні не адказваю. Трэба – бярыце! Не трэба – ідзіце!

Дзякую за каментарый, а ў спіну мне прылятае памідор. Што ж, і такое бывае…

Вырашаю зайсці ў малочны аддзел – раптам там напаткаю якога гаваркога пакупніка. І такі знайшоўся – Андрэй Старжынскі, юрыст адной з прыватных кампаній.

– Ці заўважылі вы скачок цэн?

– Заўважыў, але гэта тычыцца толькі асобных тавараў. Так, алей з восені падаражэў з 2,80 да 3,20. Мабыць, з прычыны неўраджаю сланечніка. Курыная грудка без скуры – з 5,75 да 5,90 рубля. Пасля Новага года мука слуцкая – з 1,80 да 2 рублёў. А вось на бананы цэны ўпалі ўжо да 2,50 за кілаграм. Завезлі, напэўна, вялікую партыю.

– Чаму купляеце прадукты на Камароўцы, а не ў супермаркеце?

– У краме і даражэй, і выбару няма…

– А наогул, ці чулі вы пра заклікі байкатаваць прадукцыю тых кампаній, якія знаходзяцца ў цеснай сувязі з уладамі?

– Вядома ж, чуў, але лічу гэта глупствам.

– А санкцыі, якія ўводзяцца супраць Беларусі, эфектыўныя?

– Яны не могуць быць эфектыўнымі, паколькі гэта штурхане Беларусь да Расіі.

Каб не паглыбляцца ў палітыку, вяртаюся да таго, што мяне больш за ўсё ўразіла тут, на Камароўскім рынку.

– А вы чарэшню бачылі па 220 рублёў?

– Не бачыў і не шукаў…

Так, ахвочых набыць дарагую ягаду няшмат. Не дазваляюць беларусам раскашэліцца іх мізэрныя даходы. Паводле афіцыйных дадзеных Белстата, намінальная сярэдняя зарплата ў беларускай сталіцы за студзень склала 1849 рублёў, а гэта нават не вялікае вядро чарэшні.

Публікацыя – з № 19 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: