На некаторых інтэрнэт-пляцоўках, дзе размяшчаюцца бізнес-аб’явы, не так даўно з’явілася паведамленне: “Прадаецца гарналыжны комплекс у Мінскай вобласці”.

Размова ідзе пра першы ў Беларусі гарналыжны цэнтр “Якуцкія горы” ў Дзяржынскім раёне. Заяўлены кошт – 2,6 мільёна беларускіх рублёў (каля мільёна долараў).

Нагадаем, што Парк актыўнага адпачынку (тэрыторыя складае 13,5 га) атрымаў назву ў гонар вёскі Якуты, ля якой ён быў заснаваны ў 2001 годзе.

“Комплекс мае ўсё неабходнае для актыўнага адпачынку людзей розных узроўняў спартыўнай падрыхтоўкі, – гаворыцца на сайце парка. – Тут можна не толькі актыўна і весела адпачыць з сябрамі або сям’ёй, але і арганізаваць цэлае свята. Вялікай папулярнасцю ў Мінску сталі карыстацца выязныя карпаратывы, і гарналыжны комплекс падыходзіць для гэтага як нельга лепш. Вялікая ўтульная тэрыторыя, акружаная лесам, зручнае размяшчэнне, а таксама схілы рознага ўзроўню складанасці, як для пачаткоўцаў, так і прафесійныя стромкія горы, – усё гэта дазваляе кожнаму знайсці забаву па душы”.

Зімой на тэрыторыі “Якуцкіх гор” можна было пакатацца на бегавых лыжах, спусціцца з гары на снаўбордзе альбо цюбінгу, праехацца па лесе на снегаходзе ці адпачыць у кафэ.

Гарналыжны комплекс за мільён долараў. Ці не жадаеце набыць?

У комплексе прадстаўлены 480-метровая гарналыжная траса з перападам вышынь у 60 метраў і пад’ёмнікам, цюбінгавыя трасы, рэстаран, драўляны павільён на 250 гасцей, шацёр, альтанкі, лазня з басейнам на 400 кубічных метраў.

Ёсць таксама пейнтбольная і валейбольная пляцоўкі, два палі для мініфутбола, трасы для квадрацыклаў і горных веласіпедаў.

“Цэнтр ужо не працуе, гэтай зімой мы нават не адкрываліся, – распавялі “Народнай Волі” супрацоўнікі парка адпачынку. – Комплекс закрыты, зараз у ім захоўваецца мінімальны штат работнікаў, для таго каб падтрымліваць у парадку тэрыторыю”.

У гарналыжным цэнтры пакуль не каментуюць сітуацыю, але ў бліжэйшых нумарах мы больш падрабязна распавядзём пра тое, чаму комплекс усё-такі вырашылі прадаць.

Публікацыя – з № 19 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: