Алена Леўчанка

Пасля 9 жніўня мінулага года многія беларускія спартсмены выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю і выступілі за правядзенне справядлівых выбараў і супраць гвалту. Некаторыя затым патрапілі пад ціск чыноўнікаў і нават былі вымушаны з’ехаць за межы краіны…

Андрэй Краўчанка трэніруецца, але не плануе ехаць на Алімпіяду

Чым займаюцца спартсмены, якія пацярпелі за сваю пазіцыю?
Андрэй Краўчанка

Сярэбраны прызёр Алімпіяды пасля падпісання ліста спартсменаў з патрабаваннямі да ўлады вымушаны быў зрабіць выбар. Ён 15 гадоў адслужыў у КДБ, даслужыўся да звання маёра, але пасля таго, як патрапіў у спіс “ненадзейных”, з Міністэрства спорту яго адкамандзіравалі ў КДБ, пасля чаго Краўчанка напісаў рапарт на звальненне.

Андрэй нават трапіў у ізалятар на “суткі”, а сёння тытулаваны атлет застаўся без працы.

“У асноўным прысвячаю час сям’і, у нас жа маленькая дачка, – кажа Андрэй Краўчанка. – І, безумоўна, трэніруюся, набіраю форму, хаця пра ўдзел у нейкіх стартах казаць, мабыць, заўчасна. Тым больш пра выступленне на Алімпіядзе. Справа ў тым, што зараз я далечваю нагу, яна яшчэ баліць. Таму пра паўнавартасныя трэніроўкі казаць не даводзіцца. У мяне пасля аперацыі ў назе стаяць шрубы, і яны да канца не рассмакталіся. Урач казаў, што праз дзевяць месяцаў іх не будзе, але ўжо год прайшоў, а праблема застаецца”.

Спартсмен адзначае, што працягвае сачыць за тым, што адбываецца ў краіне.

“У галаве не ўкладваецца, што такое можа здарыцца ў краіне, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, – дадае Андрэй Краўчанка. – Але мы жывём у гэтых рэаліях…”

Алена Леўчанка з’ехала ў Грэцыю

Адна з лепшых баскетбалістак у гісторыі Беларусі, якая выступала за зборную з 2001 года і двойчы гуляла ў складзе нацыянальнай каманды на Алімпійскіх гульнях, таксама падтрымала рух спартсменаў супраць гвалту і фальсіфікацый на выбарах.

У кастрычніку яе арыштавалі ў аэрапорце, калі яна збіралася вылецець у іншую краіну, і яна адсядзела 15 сутак на Акрэсціна.

Зараз Алена Леўчанка стала іграком вядомага грэчаскага клуба “Панацінаікас” і знаходзіцца ў Грэцыі, дзе трэніруецца разам з новай камандай.

“Боль, страх, сумневы, расчараванне, стомленасць, здрада, адчуванне, што здаюся, падзенне і новы ўздым, – напісала Леўчанка на сваёй старонцы ў Instagram. – Турма, каранавірус – я ўсё гэта перажыла. Гэта мая праўда і мая гісторыя, якую я працягваю пісаць. Але без гэтых пачуццяў я не пазнала б, хто такі Бог, што такое сапраўдная вера, што значаць любоў, дараванне, цярпенне і падзяка. Што значыць сустрэцца са страхам, калі ўсе дзверы зачынены і ты не можаш уцячы. Калі быць моцнай – гэта адзіная магчымасць.

Калі людзі сумняваліся ўва мне, я працавала яшчэ больш старанна. Калі казалі, што я больш не буду гуляць у баскетбол, я іх не слухала. Калі раілі забыць і ісці далей, я прыслухоўвалася да свайго сэрца і не губляла веры.

Гэта было доўгае падарожжа, але цяпер я тут. Шчаслівая стаць часткай сям’і “Панацінаікаса” – клуба з вялікай гісторыяй і неверагоднай падтрымкай. Дзякуй, што запрасілі мяне!” 

Валянціна Зелянкевіч асвойвае Маскву

Чым займаюцца спартсмены, якія пацярпелі за сваю пазіцыю?
Валянціна Зелянкевіч

Чэмпіёнка Беларусі па трыятлоне вымушана была з’ехаць у расійскую сталіцу пасля таго, як яе папярэдзілі пра магчымы арышт. Спачатку Валяціна Зелянкевіч распавядала, што было вельмі складана адаптавацца да новых умоў жыцця і працы, бо ўсё даводзілася пачынаць з нуля. Тым больш што ў Маскве спартсменка сур’ёзна захварэла на каранавірус і нават ляжала ў шпіталі.

Але зараз яна працуе інструктарам у адным са спртыўных клубаў і кажа, што праца яе задавальняе.

“Прайшло паўгода з таго часу, як я з’ехала з Мінска ў Маскву, – паведаміла Валянціна. – Паводле маіх суб’ектыўных адчуванняў, я прайшла доўгі і вельмі няпросты, але такі патрэбны для мяне шлях.

Я перажыла і справілася з многімі праблемамі, стала разумнейшай, мудрэйшай і мацнейшай. Адчуваю магчымасць і сілы зноў расправіць плечы!”

З Кацярынай Сныцінай не працягнуць кантракт?

Кацярына Сныціна
Кацярына Сныціна

Днямі стала вядома, што жаночая зборная Беларусі па баскетболе на чэмпіянаце Еўропы-2021 згуляе ў групе з камандамі Іспаніі, Славакіі і Швецыі.

Фінальная частка першынства пройдзе з 17 па 27 чэрвеня ў Іспаніі і Францыі, але да канца не зразумела, ці згуляе там капітан беларускай зборнай Кацярына Сныціна, якая таксама вядома сваёй грамадзянскай пазіцыяй.

31 сакавіка ў спартсменкі заканчваецца кантракт з федэрацыяй, а новы варыянт могуць і не падпісаць.

“Я пацвярджаю, што мне даслалі новы кантракт, бо папярэдняе пагадненне заканчваецца, – кажа Кацярына. – У кантракце ёсць пункт 2.25, які гучыць так: “не дапускаць публікацый і выступленняў у сродках масавай інфармацыі без узгаднення з Наймальнікам”.

Я азнаёмілася з кантрактам, распісалася на кожнай старонцы, адправіла назад. Але пункт 2.25 закрэсліла з рэмаркай “не згодна з гэтым пунктам”. Лічу, што маю права на свабоду выказвання і зносін з усімі СМІ па любых пытаннях”.

Паводле слоў старшыні Беларускай федэрацыі баскетбола Максіма Рыжанкова, “Міністэрства спорту не можа адысці ад афіцыйна зацверджанага тэксту кантракта, а таму ў дадзенай сітуацыі разглядае пазіцыю Сныцінай як адмову ад прапановы”.

Таму не вядома, ці будзе падпісаны кантракт з Кацярынай Сныцінай і ці выступіць яна на чэмпіянаце Еўропы.

Публікацыя – з № 19 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: