Суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Сяргей Салоўскі 10 сакавіка на падставе міліцэйскага пратакола аштрафаваў былую выкладчыцу БелДУТа Валерыю Дзяцук на 580 рублёў – за недазволены пікет.

Так званы пікет ладзіўся ў лесе каля вёскі Асаўцы Гомельскага раёна 28 лютага. Дакладней, гэта быў фотаздымак у лясным масіве бел-чырвона-белых сцягоў і такога ж колеру парасонаў з надпісам: “Змагаркі ўсяго свету! Віншуем Вас са святам 8 Сакавіка!”. Здымак з’явіўся ў сацыяльных сетках. Хто ўдзельнічаў у яго пастаноўцы, невядома. Ні твараў, ні постацяў на ім не бачна.

5 сакавіка АМАП забраў 66-гадовую выкладчыцу, кандыдата хімічных навук Валерыю Дзяцук з яе ўласнай кватэры. Сын Сяргей расказаў журналістам, што амапаўцы ўварваліся ў хату ўранні з крыкам: “Усім ляжаць, працуе АМАП!”. Збілі з ног не толькі яго самога, але і бацьку з маці.

Штраф пасля сутак – выкладчыцу ўніверсітэта з Гомеля, па сутнасці, пакаралі двойчы
Валерыя Дзяцук. Калаж https://progomel.by

Валерыя Дзяцук 5 сутак знаходзілася ў ізалятары часовага ўтрымання, і толькі сёння яе судзілі. Яна пачувала сябе настолькі блага, што суддзя дазволіў ёй даваць паказанні седзячы. Жанчына не пагадзілася з тым, што ўдзельнічала ў масавым мерапрыемстве. З яе пункту гледжання, лес – гэта не грамадскае месца.

Наконт праведзенага ў ІЧУ звыш прадугледжанага заканадаўствам часу, суддзя Салоўскі адказаў выкладчыцы, што гэта была такая “папераджальная мера”. Хоць, па сутнасці, гэта двайное пакаранне па аднаму пратаколу.

Поделиться ссылкой: