Школьніку — 3 гады калоніі. У Брэсце асудзілі дзевяць чалавек па справе аб масавых беспарадках
Пратэсты ў Брэсце 10-11 жніўня. Фота: Sputnik

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 10 сакавіка агучылі прысуд па справе аб масавых беспарадках 10 жніўня на вуліцах абласнога цэнтра. Суддзя Вера Філонік асудзіла адразу дзевяць чалавек на тэрміны ад 3 да 4,5 гадоў калоніі. Такое пакаранне прасілі пракуроры.

На абвяшчэнне прысуду па беспарадках не пусцілі каля 20 чалавек. Пацярпелымі па справе прызнаныя 29 чалавек, большасць з іх – міліцыянты, шкоду ацанілі ў 27 тысяч беларускіх рублёў.

Як піша тэлеграм-канал брэсцкай “Вясны”, суддзя палічыла, што віна ўсіх абвінавачаных ва ўдзеле ў масавых беспарадках 10 жніўня па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса даказаная і прызначыла наступныя тэрміны:

  • палітзняволены таксіст Цімур Рызапур — 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • палітвязень Аляксандр Драздоў — 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • палітзняволены студэнт Ілля Мігно — 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • палітзняволеныя сын і бацька Ягор і Віталь Пракапчукі — па 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • палізняволены Сяргей Салоха (30-гадовы ІП) — 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • палітвязень Сяргей Крыўчэня — 3,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Сяргей Гацкевіч (непаўнагадовы 11-класнік) — 3 гады выхаваўчай калоніі;
  • Дзяніс Хазей (непаўнагадовы другакурснік каледжа) — 3 гады выхаваўчай калоніі.

Двое з фігурантаў справы — непаўналетнія, да суда яны знаходзіліся пад наглядам, а ў залі суда іх узялі пад варту. Яшчэ сем абвінавачаных знаходзіліся пад вартай.

Прысуд дзесятай абінавачанай — 18-гадовай Віталіі Бандарэнкі, пакуль не абвешчаны. Яна не з’яўлялася на судовыя працэсы, бо з’ехала за мяжу. Але да прысуда, 27 лютага, вярнулася на радзіму і была затрыманая. Яе змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, а затым перавялі ў СІЗА-7 да суда. Праваабаронцы прызналі яе палітычнай зняволенай.

У чым іх абвінавацілі?

Згодна са справамі, 10 жніўня 2020 года, падчас несанкцыянаванага масавага мерапрыемства ў цэнтры Брэста – на вуліцах Савецкай і Нафтавай, бульварах Шаўчэнкі і Касманаўтаў, праспекце Машэрава — асуджаныя «груба парушылі грамадскі парадак і здзейснілі пагромы. Пасля чаго ўжылі гвалт — нанеслі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі і нагамі, рознымі прадметамі. У ход для гэтага ішлі дошкі, палкі, вулічныя скрыні для смецця, фрагменты лавак, тратуарнай пліткі і асфальту, бутэлькі, камяні, металічныя балты, ёмістасці з фарбай, піратэхнічныя вырабы. Затым абвінавачаныя наўмысна знішчылі і пашкодзілі транспартныя сродкі і іншае маёмасць, якое належала АУС, фізічным і юрыдычным асобам».

Агульная сума прычыненай шкоды, згодна з матэрыяламі справы, перавысіла 27 тысяч беларускіх рублёў. Прычыненая злачынствам шкода да суда не была кампенсаваная – пракуратура прад’явіла пазоў да абвінавачаных аб яго спагнанні ў салідарным парадку.

Па абвінавачванні, супрацоўніку органаў унутраных спраў прычыненыя цялесныя пашкоджанні ў выглядзе двух ран на руцэ, якія адносяцца да катэгорыі лёгкіх цялесных пашкоджанняў, і нанесеныя пабоі. Яшчэ ў аднаго супрацоўніка сарвалі рацыю і адарвалі пагоны. Усяго пацярпелымі прызнаны 29 міліцыянтаў.

Поделиться ссылкой: