Ілюстрацыйны здымак

Не трэба быць асабліва назіральным, каб заўважыць відавочнае: з жыцця беларусаў знік святочны настрой. Растаў, выпарыўся, як туман у лагчыне перад спякотным днём. Святы ў календары засталіся, а настрой святочны прапаў. Вось і нядаўняе 8 Сакавіка, нягледзячы на тры выхадныя дні, прайшло неяк нязвыкла будзённа. Паныла спяшаліся на вуліцах мужчыны з букетамі. Паныла піхалі перад сабою возікі з прадуктамі для святочнага застолля маладзіцы ў супермаркетах. Паныла віншаваў сваіх работніц па БТ дырэктар нейкага завода.

Прычына гэтай паўсюднай паныласці адна – той тэрор, які распачала дзяржава супраць свайго ж народа. Ён працягваецца месяц за месяцам, ужо больш за паўгода, і, як выглядае, ніхто з улад ашалелую рэпрэсіўную машыну спыняць не збіраецца. Людзей хапаюць на вуліцах, у працоўных кабінетах, у крамах, у электрычках, ва ўласных хатах і кватэрах. Людзей розных прафесій, розных сацыяльных становішчаў, розных узростаў. Хапаюць – напаказ – масава, публічна і жорстка. Каб застрашыць прысутных, каб тыя ведалі, што заўтра можа прыйсці іхняя чарга. Жывучы ў такім напружаным чаканні, святочнага настрою і дома не знойдзеш, і ў суседа не пазычыш. Як спрадвеку казалі ў народзе: не да каляды, калі поўна хата бяды.

7 сакавіка напоўнілася бядой хата выкладчыцы Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Валерыі Дзяцук. З самага ранку, калі сям’я яшчэ спала, у яе кватэру ўварваліся амапаўцы ў балаклавах. З крыкамі “Всем лежать! Работает ОМОН!” яны паклалі мала што цямячых спрасоння людзей на падлогу тварамі ўніз. Проста ў бялізне. Не даючы падняць галоў. Гаспадыня паспрабавала высветліць асобы нападнікаў, але, атрымаўшы ўдар па галаве, страціла прытомнасць. Правёўшы з яе мужам і сынам “прафілактычную” гутарку (“вся ваша семья у нас на крючке, всех посадим”), амапаўцы вывелі трохі акрыялую і заплаканую Валерыю Дзяцук з кватэры і звезлі з сабой.

«На падлогу тварам уніз!»
Валерыя Дзяцук. Калаж https://progomel.by

Прачытаўшы такое ў крымінальнай хроніцы, абывацель падумае, што ў Гомелі быў высачаны і схоплены сацыяльна небяспечны злачынца, злачынца-макрушнік ці наркакур’ер. Але 66-гадовая Валерыя Дзяцук – паважаны ў горадзе чалавек, законапаслухмяная грамадзянка, кандыдат хімічных навук, выкладчыца дзяржуніверсітэта! Ніколі раней яна не прыцягвалася ні да крымінальнай, ні да адміністрацыйнай адказнасці. Паводле слоў яе сына, амапаўцы адразу ж запатрабавалі матчын смартфон і там нібыта знайшлі шуканае “злачынства” – каментарый пад нейкім пастом у сацыяльных сетках.

Ступень вінаватасці ці невінаватасць жанчыны павінен вызначыць суд, але хто даў права амапаўцам біць і зневажаць чалавека (хай сабе і ў нечым падазраванага) ва ўласнай кватэры? Ці ўжо прэзумпцыя невінаватасці ў нас таксама ператварылася ў фігавы лісток? Ці начальнік Гомельскага АМАПа падпалкоўнік Міхаіл Дамарнацкі спадзяецца такім чынам зарабіць генеральскія пагоны, як яго асабліва заўзятыя падчас хапуноў мінскія калегі?

“Всем лежать!” – самая распаўсюджаная апошнім часам і любімая сілавікамі каманда. У сеціве можна напаткаць дзясяткі відэаролікаў, на якіх напалоханыя грознымі воклічамі, збітыя з панталыку людзі (у краме, на тратуары, у дворыках пастарункаў) ляжаць ніцма, а між імі, як чорныя крумкачы між палеглымі на полі бітвы, паходжваюць ап’янелыя ад уласнай зверхнасці і ўседазволенасці істоты з дубінкамі.

“Всем лежать!” – такі мэседж зранку да вечара даносяць да народа БТ і ўсе астатнія дзяржаўныя СМІ. Відаць, у разуменні мукавозчыкаў і азаронкаў ляжачы народ і ёсць вяршыняй стабільнасці ў “сильной и процветающей” Беларусі.

“Всем лежать!” – палохае небаязлівае (падазрона доўга небаязлівае) грамадства новапрыняты прававы кодэкс з яго пасуровелымі артыкуламі і фантастычнымі штрафамі.

Нават той, з-за прыхамаці якога “не отдать любимую” ўжо больш за паўгода ўсю краіну калоціць і трасе нечуваная раней калатнеча, неяк у прыпадку шчырасці заявіў, што сыдзе са сваёй пасады толькі тады, калі дарэшты ўціхамірацца пратэсты. Гэта значыць, калі ўсе бязмоўна лягуць ніцма з рукамі на патыліцы.

Але гэта чарговы блеф. Пад ляжачы камень, як вядома, і вада не цячэ. Так і “пад ляжачы народ”, як сведчыць настаўніца жыцця Гісторыя, свабода ніколі не прыходзіць.

Публікацыя – з № 18 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: