Футбольны клуб “Крумкачы” апынуўся ў сітуацыі, калі кажуць: не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло.

Спачатку пра непрыемнае. Пасля таго як збанкрутаваў клуб “Гарадзея” (а дакладней – ад яго адмовіліся спонсары. – Аўт.), стала вакантным адно месца ў вышэйшай лізе. У мінулым сезоне “Крумкачы” фінішавалі трэцімі ў першай лізе і справядліва разлічвалі на месца пад сонцам, але дзе там! Яны нават не былі дапушчаны да працэдуры ліцэнзавання.

Пазіцыя чыноўнікаў такая: маўляў, “Крумкачы” на працягу двух гадоў не з’яўляюцца сябрам федэрацыі. У той жа час атрымаў ліцэнзію рэчыцкі “Спутнік”, які быў у такім жа становішчы – ён два гады запар не быў сябрам федэрацыі, але замяніў “Гарадзею” ў вышэйшай лізе. У спартыўных чыноўнікаў і тут знайшоўся аргумент: маўляў, “Спутнік” звярнуўся да іх, каб ім зрабілі выключэнне, а “Крумкачы” не звярталіся.

Магчыма, і так. Але мне падаецца, што справа тут не толькі ў нейкіх юрыдычных нюансах, на якія спасылаюцца чыноўнікі, а больш у іх нежаданні бачыць у элітным дывізіёне каманду, якая пасля выбараў адкрытым тэкстам выказалася пра тое, што адбываецца ў краіне.

Клуб самастойны, не прывязаны да бюджэтнай кармушкі, а таму вольны ад нейкіх абавязальніцтваў. Такім не пакамандуеш. Практычна ўсе астатнія футбольныя клубы жорстка ўманціраваны ў дзяржаўную сістэму пры дапамозе фінансавання з боку прадпрыемстваў альбо з гарадскіх бюджэтаў. Такія маўчалі і будуць маўчаць.
І яны больш пажаданы ў вышэйшай лізе, чым нейкія
ідэалагічна ненадзейныя “Крумкачы”.

Былы кіраўнік “Крумкачоў” Дзяніс Шунто з гэтай нагоды выказаўся так: “Федэрацыя гатова ісці на любыя хітрыкі, каб толькі вышэйшая ліга была без “Крумкачоў”. Ну што ж, такім аказаўся кошт гонару, годнасці, шчырасці, эмоцый. Для мяне ўсё роўна лепшае, што нарадзіў наш футбол у 2020-м годзе, – гэта перамога “Крумкачоў” над мінскім “Дынама” ў Кубку Беларусі і неверагодная Маша Калеснікава ў апранальні. Хлопцы, гэта каштавала месца ў такой вышэйшай лізе. А за футбол сумна…”

Дарэчы, фанаты многіх футбольных клубаў адмовіліся падтрымліваць свае каманды ў гэтым сезоне за іх страусіную пазіцыю, але гэта не пра балельшчыкаў “Крумак”.

“У самы адказны момант у гісторыі краіны нашы хлопцы паказалі, што яны на баку народа, на баку праўды, – заявілі балельшчыкі “Крумкачоў”. – Каманда ўжо моцна пацярпела за сваю цвёрдую пазіцыю. А таму мы не можам кінуць нашых хлопцаў у гэты складаны для ў сёй каманды час. Мы будзем падтрымліваць іх на стадыёне. Кожная гульня нашай каманды цяпер – гэта барацьба дабра са злом. І мы верым, што дабро хутка пераможа”.

Ёсць і яшчэ адна добрая навіна для “Крумкачоў”. У мінулым месяцы стала вядома, што італьянскі мільярдэр Маўрыцыа Міян гатовы ўкласці грошы ў адзін з беларускіх футбольных клубаў. Партнёрам італьянец назваў былога іграка нацыянальнай зборнай Беларусі Віталя Кутузава, які ў свой час гуляў за розныя італьянскія клубы.

Пэўны час была інтрыга, Кутузаў не раскрываў назву клуба, і гэта толькі падагравала інтарэс да сенсацыі. Праўда, праз нейкі час карты раскрылі – выбар мільярдэра выпаў на “Крумкачоў”.

“Прынцыпова важна было, каб каманда не залежала ад дзяржавы, каб уладальнік быў прыватны, – патлумачыў Віталь Кутузаў. – Мы не адзін раз абмяркоўвалі гэта з Міянам, вырашылі не проста паспрабаваць, а даказаць, што можна абыходзіцца без бюджэтных уліванняў. Менавіта такім шляхам ідзе абсалютная большасць краін свету. Упэўнены, мы выбралі правільную тактыку”.

Пабачым, як будзе развівацца гэты праект, бо ў беларускіх рэаліях нават самыя аптымістычныя інвестары ў хуткім часе аказваліся ў лепшым выпадку ля разбітага карыта. А за “Крумкачоў” можна проста парадавацца. І сумленне не прадалі, і падтрымку адчулі.

Публікацыя – з № 18 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: