Юрась Губарэвіч

Кіраўнік руху “За свабоду” распавёў “Народнай Волі” пра тое, ці можа стаць святкаванне Дня Волі агульнанацыянальным мітынгам.

Учора ў Мінгарвыканкам была пададзена заяўка на правядзенне ў сталіцы масавага мерапрыемства, прысвечанага Дню Волі. Заяўка паступіла ад трох юрыдычных асоб – руху “За свабоду”, ГАА “БНФ “Адраджэнне” і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

– Мэта мерапрыемства – святкаванне 103-х угодкаў з дня абвяшчэння БНР і ўзняцце тэмы нацыянальнага кансэнсусу па пытанні незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, – кажа Юрась ГУБАРЭВІЧ. – Мы адмыслова ставім перад сабой мэту дамагчыся афіцыйнага дазволу на правядзенне акцыі, што дазволіць яе ўдзельнікам адчуваць сябе ў бяспецы.

– Дазвол на выкарыстанне якой пляцоўкі вы просіце ў гарадскіх улад?

– Паводле заканадаўства, мы не маем права разгалошваць дату, месца і час правядзення мерапрыемства, бо гэта аўтаматычна можа пацягнуць за сабой адмову ў задавальненни заяўкі. Адзінае, што магу сказаць: у выпадку станоўчага адказу мы можам разлічваць на велізарную колькасць удзельнікаў. Нават калі рашэнне па законе агучаць за пяць дзён да пачатку святкавання.

– У заяўцы павінна быць указана прыкладная колькасць людзей, якія могуць узяць удзел у акцыі. Якую лічбу вы называеце?

– Паколькі мы разлічваем на вялікую колькасць людзей, то заяўку падалі ад юрыдычных асоб, што дазваляе збіраць больш за тысячу чалавек. Дакладную колькасць удзельнікаў назваць не змагу, але гэта дастаткова вялікая лічба.

– Ці зможаце арганізаваць сапраўды агульнанацыянальны мітынг альбо гэта будзе традыцыйная акцыя апазіцыі, якая збярэ ўсяго некалькі тысяч чалавек?

– Выхад соцень тысяч чалавек не залежыць ад той лічбы, якая ўказана ў заяўцы. Тут будуць працаваць іншыя фактары. Паўтаруся: калі мерапрыемства дазволяць, то народу будзе шмат, бо тэма незалежнасці сёння надзвычай актуальная для многіх. Гэта звязана і са знешнімі пагрозамі, і з унутранай палітыкай.

Попыт у грамадстве на тое, каб быць пачутым, застаецца дастаткова высокі. Думаю, ён не меншы, чым у жніўні мінулага года. А тое, што зараз на вуліцу выходзіць не столькі людзей, колькі было ў жніўні альбо верасні мінулага года, – гэта выключна вынік тых рэпрэсій, якія зараз адбываюцца ў Беларусі.

– Калі збярэцца мала людзей, ці ёсць сэнс наогул ладзіць такія мерапрыемствы?

– Па-першае, я перакананы, што збярэцца шмат людзей. Па-другое, нават для тысячы чалавек павінна існаваць законная магчымасць выйсці і выказаць сваё меркаванне. Хаця беларусаў і гэтага пазбаўляюць.

– Ці здольны вы арганізаваць святкаванне чарговай гадавіны БНР такім чынам, каб надаць новы моцны імпульс пратэстнай актыўнасці грамадзян?

– Пратэстная актыўнасць нікуды не падзелася. Людзі па-ранейшаму вельмі негатыўна ўспрымаюць тое, што адбываецца ў Беларусі, але наша мэта – даць людзям выказацца і не панесці за гэта беспадстаўнае пакаранне.

– Ці будзе выкарыстоўвацца на мерапрыемстве бел-чырвона-белая сімволіка?

– У заяўцы мы адзначылі, што разам з плакатамі, расцяжкамі і гукаўзмацненнем мы плануем выкарыстоўваць і нацыянальную сімволіку.

Дарэчы, фармат мерапрыемства запланаваны дастаткова шырокі – ён уключае ў сябе і шэсце, і мітынг-канцэрт.

– Што будзеце рабіць, калі вам адмовяць?

– Рашэнне на гэты конт мы яшчэ не прынялі…

Публікацыя – з № 18 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: