Энтані Блінкен. Фота: editorials

Адбылася віртуальная цырымонія ўручэння Міжнароднай жаночай прэміі за адвагу. Гэтую прэмію з 2007 года штогод уручае Дзяржаўны дэпартамент ЗША. Сярод сёлетніх лаўрэатак – палітзняволеная Марыя Калеснікава.

На цырымоніі выступілі дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен і першая лэдзі Злучаных Штатаў Джыл Байдэн. Дзяржсакратар Блінкен падкрэсліў, што ЗША працягнуць дабівацца вызвалення ўсіх палітычных вязняў у Беларусі, у тым ліку Марыі Калеснікавай.

Джыл Байдэн сказала, што справядлівыя выбары ў Беларусі паспрыяюць узмацненню дэмакратыі ў ЗША. Яна адзначыла, што ў сучасным свеце праблемы не спыняюцца дзяржаўнымі межамі. «Ваша змаганне – гэта наша змаганне», – сказала першая лэдзі ЗША, звяртаючыся да лаўрэатак прэміі.

«Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года беларускія жанчыны сталі дамінантнай палітычнай сілай і рухальнай сілай грамадскіх перамен у Беларусі, у немалой ступені дзякуючы Марыі Калеснікавай, – гаварылася ў ранейшым паведамленні Дзярждэпартамента ЗША. – Пасля таго як улады пасадзілі ў турму або выслалі трох самых папулярных апазіцыйных кандыдатаў-мужчын, Марыя і яе партнёры кінулі гістарычны выклік 26-гадоваму праўленню Аляксандра Лукашэнкі. Марыя, працягваючы заставацца тварам апазіцыі ўнутры Беларусі, мужна перажывае турэмнае зняволенне пасля спрэчных выбараў. Нягледзячы на сваё затрыманне, Марыя працягвае падтрымліваць дэмакратычны рух унутры Беларусі і служыць крыніцай натхнення для ўсіх тых, хто імкнецца заваяваць свабоду для сябе і сваіх краін».

Акрамя Марыі Калеснікавай лаўрэатамі прэміі сталі грамадзянскія актывісткі з М’янмы, Камеруна, Кітая, Калумбіі, Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, Гватэмалы, Ірана, Непала, Самалі, Іспаніі, Шры-Ланкі, Турцыі, Венесуэлы, а таксама пасмяротна сем актывістак з Афганістана, забітыя ў 2020 годзе.

Поделиться ссылкой: