Аляксандр Мурашоў

З прафесарам кафедры журналістыкі Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксандрам Мурашовым, які адпрацаваў у ВНУ 12 гадоў, не працягнулі кантракт. 25 сакавіка ён, бадай, папоўніць шэрагі беспрацоўных. Студэнты аб’явілі збор подпісаў за яго аднаўленне на працы. Прафесар у роздуме.

«Беларусь стала маёй духоўнай Радзімай»

Аляксандр Мурашоў – грамадзянін Расіі, у Беларусі мае від на жыхарства. У Гродна ён прыехаў 12 гадоў таму. Спачатку выкладаў у ГрДУ ў якасці запрошанага прафесара, а ў 2008-м пераехаў у горад над Нёманам на сталае жыхарства.

Ён абсалютна адкрыты чалавек, не хаваючы эмоцый, распавядае, як палюбіў Гродна, чаму яму падабаюцца беларускія студэнты – цікаўныя, дасціпныя, неверагодна разумныя і талковыя. Ён добра арыентуецца не толькі ў ваколіцах Гродна, аб’ездзіў усю Беларусь і нават праводзіў экскурсіі ў Нясвіжы; ведае грыбныя мясціны, у яго тут шмат сяброў і знаёмых.

– Беларусь без перабольшвання стала маёй духоўнай Радзімай, – кажа Мурашоў. – Я напісаў тут кніжак больш, чым у Расіі. Прыехаўшы ў Беларусь, я ўбачыў новую цывілізацыю, іншую культуру. Для мяне гэта было нешта кшталту шоку.

«Я вас абвінавачваю…»

Тое, што ў нашай краіне многае адбываецца зусім не так, як паказваюць па тэлевізары, Аляксандр Мурашоў пачаў заўважаць падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў.

– Я ўжо ведаў пра справу прафесара Шведа і іншых гісторыкаў, якія зніклі з універсітэта, – сумна заўважае выкладчык. – І з гэтай нагоды пачаў губляць натхненне.

Два гады таму А.Мурашоў напісаў ліст Лукашэнку, які, праўда, не адаслаў, а паклаў у шафу. Ліст праляжаў паўтара года, прафесар спадзяваўся, што ўсё яшчэ зменіцца, але надзеі не спраўдзіліся.

– У маі 2020 года я дапісаў свой ліст Лукашэнку і змясціў яго ў “Фэйсбуку”, – распавядае выкладчык.

У лісце гучала адкрытая крытыка палітыкі беларускага прэзідэнта. Дарэчы, ліст пачынаўся так: “Грамадзянін Лукашэнка! Некалі найбольш гарачы і адданы ваш прыхільнік і па-ранейшаму чалавек, закаханы ў Беларусь, я вас абвінавачваю…”

Абвінавачанняў было дзесяць: “ва ўсталяванні рэжыму асабістага адзінаўладдзя, непадкантрольнага народу, у сістэматычным парушэнні правоў і свабод грамадзян, у пастаяннай хлусні, ва ўтойванні лічбаў і фактаў, якія характарызуюць сапраўднае становішча спраў у краіне” і г.д.

Пасля гэтага пасыпаліся характэрныя тэлефанаванні, выкладчыку напорыста тлумачылі, што “так думаеце толькі вы, а беларусы так не думаюць”. Пазней Мурашоў выдаліў свае запісы з сеціва, бо баяўся, каб праз гэты зварот не пацярпелі яго калегі і студэнты. Аднак ад сваёй грамадзянскай пазіцыі не адмаўляецца.

– Так, некалі я захапляўся Лукашэнкам, быў адданы яму, а цяпер, лічу, здраджаны ім, – упэўнена кажа прафесар.

Жнівень мінулага года пацвердзіў, што так думае не толькі Мурашоў. Тэлефанавалі яго студэнты і расказвалі, як уцякалі ад АМАПа з выбарчых участкаў, дзе працавалі назіральнікамі. Сам удзельнічаў у дэманстрацыях, бачыў усё тое, што адбывалася на гродзенскіх вуліцах…

– Я асабіста ведаю настаўнікаў, якія былі членамі выбарчых камісій і якія цяпер адчуваюць сябе абсалютна нікчэмнымі людзьмі з-за таго, што не змаглі супрацьстаяць фальсіфікацыям, ім прыкра глядзець у вочы дзецям, – з горыччу кажа прафесар.

«Не з тым ухілам працуеце, прафесар»

Месяц таму Мурашову намякнулі, што яму варта зняць сваю кандыдатуру з конкурсу на пасаду прафесара: “Есть мнение, что вы этот конкурс не пройдете”. Цікава, што напярэдадні абмяркоўвалі яго адкрытую лекцыю, і, як кажа спадар Аляксандр, столькі добрых слоў у свой адрас ён не чуў ніколі ў жыцці.

Затым прафесару адкрыта сказалі забраць заяву і не ўдзельнічаць у конкурсе, але ён адмовіўся. На чарговым пасяджэнні кафедры адміністрацыя факультэта ў колерах распісвала, наколькі важны і патрэбны другі кандыдат на пасаду прафесара, а пра Мурашова казалі толькі яго калегі.

Затым адбылося пасяджэнне кадравай камісіі, і, паводле слоў прафесара, ён пачуў пра сябе столькі, колькі не ведаў і сам. Даведаўся, што ў яго адсутнічае навуковая школа, не ўстаноўлены сувязі з вышэйшымі ўстановамі іншых краін, няма аспірантаў, якія абараніліся.

– А адзін з членаў кадравай камісіі запытаўся, як я бачу сваю работу па патрыятычным выхаванні студэнтаў, – згадвае Мурашоў. – Я адказаў адным словам: ніяк.

Прафесар Мурашоў быў шчыра здзіўлены такому пытанню, бо, паводле яго пераканання, выкладчык ВНУ павінен перш-наперш даваць студэнтам веды па сваім прадмеце.

– Выкладчык – гэта прыклад для студэнтаў, – упэўнены спадар Аляксандр. – Калі ён любіць краіну, у якой знаходзіцца, і перыядычна ўзгадвае аб гэтым у сваіх курсах, то такім чынам і падае прыклад патрыятызму.

Калі стала вядома, што кантракт з Аляксандрам Мурашовым не будзе працягнуты, яго студэнты аб’явілі збор подпісаў з патрабаваннем пакінуць на кафедры любімага выкладчыка. Але ж вядома, як кіраўніцтва ўніверсітэта ставіцца да іх меркавання…

Публікацыя – з № 18 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: