Анастасія Перавошчыкава. Фота: Сяргей Лісенка, flagshtok.info (архіў)

Звязана гэта са святам 8 Сакавіка ці не, але выглядае, што міліцыянеры Навабеліцкага РАУС Гомеля маюць асаблівыя пачуцці да жанчын як прыгожай паловы чалавецтва.

Некаторых з іх, напрыклад, Анастасію Перавошчыкаву, міліцыянеры ўзяліся, можна сказаць, увекавечваць у сваёй кіпучай дзейнасці. З пэнзлямі і палітрай у міліцыі так сабе, а вось з адміністрацыйнымі пратаколамі і ізалятарамі – поўны парадак. Праз суд міліцыянеры ўжо шосты раз вызначылі Насці 15 сутак, і нядаўняе жаночае свята яна сустрэла за кратамі ў ізалятары часовага ўтрымання УУС Гомельскага аблвыканкама, што на вуліцы Міжгародняй, 26 з паштовым індэксам 246144.

Маці Насці, Алена Леанідаўна, сцвярджае, што ў аддзеле аховы правапарадку Навабеліцкага РАУС ёсць супрацоўнік Дзмітрый Кротаў, і ён адкрытым тэкстам казаў жанчыне, што раней ужо даваў камусьці 85 сутак арышту, а дачка гэты “рэкорд” паб’е, бо ў яе набярэцца пасля адсідкі 90 сутак. У гэтага Кротава нібыта маюцца нейкія сведкі, каб пакараць Насцю нават дзесяць разоў. Адміністрацыйныя пратаколы звычайна афармляе яшчэ адзін Дзмітрый – участковы міліцыянер Прахарэнка.

Жанчына абураецца, што суды паводле міліцэйскіх пратаколаў праходзяць дэкаратыўна і пад завесай неверагоднай сакрэтнасці. 6 лютага Анастасія выйшла з першых сёлета 15 сутак, а 8 лютага яе зноў забралі ў ізалятар.

На наступны дзень суддзя Навабеліцкага раёна Аляксандр Зінчук пакараў Насцю чарговымі 15-цю суткамі, як сказана ў пастанове, за “актыўны ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні без атрымання адпаведнага дазволу Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэта”. Пікет той нібыта праходзіў 14 студзеня паблізу дома 286-А на вуліцы Ільіча ў “перыяд часу з 21.00 да 22.00 (дакладны час не ўстаноўлены)”, то бок у цемры позна ўвечары на стары Новы год. Пасля таго суда Насці толькі дадаюць чарговыя “суткі”!

Анастасія Перавошчыкава скончыла Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, патрэбныя гады пасля вучобы адпрацавала ў Светлагорску судмедэкспертам. Вярнулася ў Гомель.

Першы раз Насцю пакаралі паводле “народнага артыкула” 23.34 КаАП за нейкія здымкі на фоне бел-чырвона-белага сцяга, імаверна, і за фота з плакатам “Вярнуў Кандрусевіча? Вярні выбары!”.

Анастасія Перавошчыкава – галоўны жаночы вобраз у міліцэйскіх пратаколах
Пікет у Навабеліцы. Фота “Моцныя навіны”.

Міліцыя пільна шукала пратэстны сцяг Навабеліцы, макет якога, па словах маці, распрацавала Анастасія. Вобыскі былі ў іх дома, а таксама ў 89-гадовага Насцінага дзядулі, узнагароджанага медалём “За самаадданую працу ў Вялікай Айчыннай вайне”. Забралі ўсю тэхніку.

Ад Насці міліцыя патрабуе выдаць сцяг Навабеліцкага раёна, а яна не ведае, дзе той сцяг, і хто побач з ім фатаграфаваўся. Міліцыянты злуюцца і “накідваюць” мужнай дзяўчыне чарговыя “суткі”. Больш ім “партызанку” няма на каго вешаць, бо ў некаторых дзеці, а іншыя з’ехалі за мяжу.

“Я кожны раз сутыкаюся з цяжкасцямі, калі вязу дачцы перадачу ў ізалятар. То яблыкаў не бяруць, то пернікаў, то кніг. Перадавала чыстыя аркушы і сшытак для пісьмаў, а дачка прысылае пісьмы на палове аркуша альбо нават чвэрці”, – скрушна дадае Алена Леанідаўна.

Пра пераслед Насці напярэдадні Дня салідарнасці і змагання за правы жанчын праваабаронцы праіфармавалі спецдакладчыкаў ААН. У паведамленні, у прыватнасці, гаворыцца: “З 8 лютага і па сённяшні дзень Анастасія Перавошчыкава знаходзіцца пад арыштам за рэалізацыю сваіх правоў і выказванне меркавання”.

Па звестках той жа “Вясны”, у Беларусі заведзена прынамсі 141 палітычна матываваная крымінальная справа супраць жанчын ад пачатку леташняй выбарчай кампаніі. Як мінімум 49 жанчын знаходзяцца ў месцах зняволення ці пад хатнім арыштам. 10 з іх ужо асуджаныя на рэальныя тэрміны пазбаўлення волі, астатнія чакаюць судоў.

Сотні жанчын пакараны штрафамі і арыштамі, многія, як і Анастасія Перавошчыкава, на некалькі разоў.

“Адразу пасля так званага жаночага свята я атрымала два пісьма ад Насці. Яна паведамляе, што 4 сакавіка яе зноў судзілі – “накінулі” яшчэ 15 сутак. Гэта ўжо сёмы прысуд, – з плачам дадае маці Анастасіі Алена Леанідаўна.– Цяпер дачка будзе за кратамі да 9 мая, Дня Перамогі”.

Учора ўвечары Алене патэлефанавалі з Буда-Кашалёва, паведамілі, што дачку з Гомельскага ІЧУ перавялі туды адбываць “суткі”. Актывісты адзначаюць, што ўмовы ў ізалятары пры Буда-Кашалёўскім РАУС больш жорсткія.

Поделиться ссылкой: