Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў распавёў “Народнай Волі”, чаму іх арганізацыя выступае за тое, каб нарвежцы заключылі кантракт з “Беларуськаліем”, пра канфлікт з “некаторымі асобамі” і абвінавачанні ў свой адрас.

Нагадаем, што нарвежская кампанія Yara – адзін з буйнейшых сусветных пастаўшчыкоў мінеральных угнаенняў і адзін з ключавых кліентаў Беларускай калійнай кампаніі.

Yara падкрэслівала, што з’яўляецца прыхільнікам ўсеагульных правоў чалавека і падтрымлівае Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека ў яе асуджэнні парушэння правоў чалавека ў Беларусі. Апошнім часам кампанія з Нарвегіі імкнулася дасягнуць пазітыўных змен праз дыялог з кіраўніцтвам Беларускай калійнай кампаніі і “Беларуськалія”.

Не так даўно страйкам “Беларуськалія” зноў звярнуўся да нарвежскай кампаніі з просьбай не падпісваць кантракт да выканання кіраўніцтвам прадпрыемства вылучаных страйкамаўцамі патрабаванняў.

А днямі стала вядома, што Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) зацікаўлены ў дзейнасці Yara International на беларускім рынку, бо кампанія з’яўляецца “ўзорам паводзін сацыяльна адказнай кампаніі”. Некаторыя адразу ж назвалі БКДП “памагатымі рэжыму”, якія здрадзілі інтарэсам страйкамаўцаў…

– Асобныя людзі ад імя страйкама “Беларуськалія” насамрэч дасылаюць крытычныя стрэлы ў наш бок, хаця, на вялікі жаль, не ўлічваецца меркаванне ўсіх страйкамаўцаў, – кажа Аляксандр ЯРАШУК. – Мы спакойна да гэтага ставімся і ведаем: альтэрнатывы таму, што мы прапанавалі, няма і быць не можа. Трэба разумець: пакуль нарвежская кампанія прысутнічае на рынку Беларусі, страйкамаўцы знаходзяцца ў бяспецы.

Мая асабістая адказнасць палягае ў тым, каб заўтра страйкамаўцаў не арыштавалі і не кінулі за краты за тое, што яны заклікалі да скасавання кантракта. У такім выпадку ўсіх сабак могуць павесіць на іх.

Дарэчы, мы атрымлівалі не толькі абвінавачанні ў свой адрас у тым, што сталі “памагатымі рэжыму”, але і мноства слоў падтрымкі ад розных міжнародных арганізацый і структур.

– Нарвежцы пакуль не вызначыліся з падпісаннем новага кантракта?

– Дзякуй Богу, што Yara вытрымала ціск, які ідзе на яе. На гэтым тыдні на “Беларуськалій” прыязджае з нарвежскай кампаніі група экспертаў па бяспецы працы, яны падрыхтуюць прыезд на прадпрыемства сур’ёзных прадстаўнікоў з Глабальнага саюза IndustriALL.

У такім выпадку мы маем гарантыю, што страйкамаўцаў не арыштуюць і яны будуць у сваіх сем’ях. Акрамя таго, разам з нарвежцамі мы прымусім кіраўніцтва “Беларуськалія” аднавіць на працы тых, хто хоча гэтага.

Напэўна, ні для кога не сакрэт, у якім цяжкім стане знаходзіцца страйк: людзі не працуюць, фонды, якія дапамагаюць звольненым рабочым, таксама абмежаваны ў сродках. Таму, як мне падаецца, страйк знаходзіцца ў тупіковым становішчы, і трэба рабіць нейкія захады, каб выйсці з яго.

Адзін з такіх захадаў – аднаўленне рабочых на працы, выплата імкампенсацый і прызнанне таго, што рабочыя ў Беларусі маюць права на страйк. У тым ліку і на палітычны.

Таму, калі намі прымалася заява, мы ведалі, на што ішлі. Нехта павінен быў гэта зрабіць. Нельга было пакідаць без наступстваў той ціск, які пайшоў апошнім часам на нарвежскую кампанію, які пачаўся ў СМІ, з боку ў тым ліку і асобных структур апазіцыі, якія знаходзяцца ў бяспецы за мяжой.

Нагадаю, што Yara – адзіная замежная кампанія, якая працуе ў Беларусі і ставіць перад беларускімі партнёрамі ў якасці умоў, неабходных для далейшага працягу супрацоўніцтва, захаванне імі правоў чалавека і правоў працоўных. І за гэта яшчэ напоўніцу атрымала. Нарвежцам нават ішлі пагрозы, пасля чаго служба аховы Yara вымушана была выставіць ахову для кіраўнікоў кампаніі і іх сем’яў. Хіба гэта нармальна, калі адна дыктатура змяняе другую? Хтосьці павінен быў спыніць гэтае паляванне на ведзьмакоў. І гэта зрабілі мы.

– А як у такім выпадку быць з патрабаваннямі страйкамаўцаў “Беларуськалія” да кіраўніцтва прадпрыемства? Вы іх не падтрымліваеце?

– Мы цудоўна ведаем пра галоўнае патрабаванне ўсіх тых, хто са жніўня ўдзельнічае ў пратэстах, – каб Лукашэнка пакінуў сваю пасаду. Няўжо нарвежская кампанія вырашыць гэта пытанне?

І яшчэ. Я двойчы за апошні час быў у Салігорску, сустракаўся з прадстаўнікамі страйкама. Каля 60 чалавек былі на сустрэчы. Мы лічым сябе адным з ініцыятараў страйку, там шмат сябраў незалежнага прафсаюза. І менавіта нашы сябры стаяць на ўзважанай пазіцыі – што трэба падтрымліваць кампанію Yara.

Паўтаруся: як толькі сарвецца кантракт, адразу абвінавацяць у гэтым страйкамаўцаў, і ім свеціць рэальны арышт. Зараз людзі атрымліваюць суткі арышту і штрафы, але ж, дзякуй Богу, пакуль надоўга нікога не пасадзілі. У гэтым і палягае наша адказнасць.

– Тады сам па сабе страйк можна лічыць бессэнсоўным?

– Са страйкам трэба працаваць. Там, безумоўна, розныя людзі, і мы з павагай і захапленнем назіралі за тымі, хто ўваходзіў у страйк. Кожны такі ўчынак ўзрывае падмурак рэжыму.

Але што далей? У страйку ўдзельнічае каля 130 чалавек, і на працу “Беларуськалія” гэта ніякім чынам не ўплывае. Прадпрыемства як працавала, так і працуе. Як утрымліваць страйк? Хто будзе гэта рабіць? Тыя, хто заклікае нарвежскую кампанію не падпісваць кантракт? Падбухторваць – самае лёгкае рашэнне. А хто возьме на сябе адказнасць за лёсы людзей, якія застануцца без працы?

Таму трэба разумець, што і Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, і страйкамаўцы знаходзяцца на адным баку барыкад. Але рашэнні трэба прымаць разумныя.

– Лідар страйкама “Беларуськалія” Анатоль Бокун таксама выступае за тое, каб Yara не падпісвала кантракт з беларускім прадпрыемствам. Вам вядома яго пазіцыя?

– Хачу сказаць, што я да Анатоля стаўлюся з выключнай павагай. Гэта вельмі прынцыповы чалавек, але, як мне падаецца, ён таксама знаходзіцца пад уплывам пэўных эмоцый.

Падчас нашых апошніх сустрэч я казаў яму: “Толя, мы на адным баку, ты не павінен у нас сумнявацца”. Я ведаю, былі планы, што Yara пакіне Беларусь, страйкамаўцаў арыштуюць і можна будзе цалкам зачысціць на “Беларуськаліі” пляцоўку.

Таму я хацеў бы папрасіць Анатоля Бокуна, каб страйкам не быў марыянетачным і не ўдзельнічаў у чужых сцэнарыях. Імі, здаецца, маніпулююць. Разумееце, калі доўга глядзець у люстэрка таталітарызму, то з часам і сам становішся носьбітам таталітарнага мыслення.

Калі нарвежцы не падпішуць кантракт, то што, гэта вырашыць праблемы страйкамаўцаў? Ніякім чынам.

Публікацыя – з № 18 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: