Уладзімір Зубрыцкі

Ён адмовіўся рамантаваць машыны сілавікоў.

Пасля жнівеньскіх падзей аўтаслесар з Белаазёрска (Брэсцкая вобласць) Уладзімір Зубрыцкі прынцыпова перастаў рамантаваць машыны міліцыянтаў. З пачатку выбарчай кампаніі на яго склалі сем пратаколаў за акцыі пратэсту. Аднак ад сваёй грамадзянскай пазіцыі ён не адмаўляецца.

«Пасля выбараў міліцыянты неаднаразова прасілі адрамантаваць машыны. Мой адказ заўсёды быў адмоўны. Не хачу дапамагаць людзям, якія не абараняюць сваіх грамадзян», – кажа 30-гадовы белаазёрскі аўтаслесар.

Ён сцвярджае, што на адмову ў рамонце супрацоўнікі праваахоўных органаў рэагавалі спакойна, пагроз яму не паступала.

«У асноўным сыходзілі моўчкі. Часам казалі: «Зразумела». Можа, сапраўды, усведамлялі, што нарабілі», – кажа малады чалавек.

Уладзімір расказаў, што быў адным з першых у горадзе, каго асудзілі паводле самага «папулярнага» адміністрацыйнага артыкула 23.34. Пасля пачатку выбарчай кампаніі на аўтаслесара склалі сем пратаколаў за несанкцыянаваныя акцыі. Затрымлівалі яго ў большасці выпадкаў раніцай, на працоўным месцы. Але былі і выключэнні.

14 кастрычніка, калі Зубрыцкі забіраў дзяцей з дзіцячага садка, (Уладзімір мае дзвюх дачок, 6 і 4 гадоў) яго спынілі прадстаўнік брэсцкага ГУБАЗіК, начальнікі крымінальнага вышуку і мясцовай міліцыі. Уладзіміра даставілі ў Белаазёрскі РАУС разам з дзецьмі. Паколькі мужчына быў адміністратарам чата тэлеграм-канала «ЯМы 97 Белаазёрск», яму загадалі выдаліць групу, пасля чаго адпусцілі. Як сам ён гаворыць, «абышлося без сур’ёзных наступстваў».

«Некалькі разоў міліцыянты прыходзілі да мяне без «папер». Тады я патрабаваў, каб адразу склалі пратакол затрымання. Казаў: «Няма паперы – ідзіце шукайце!» Такім чынам іх адваджваў. Апошнія два разы мной займалася не раённая міліцыя, а крымінальны вышук. Яны ўжо дзейнічалі больш груба і нахабна – абодва разы мяне забіралі без складання пратакола. Першы раз сілай, на другі я ўжо добраахвотна пайшоў, таму што знаёмым пачалі даваць артыкулы за супраціў».

«Мяне няма за што прыцягнуць»

Паводле слоў Уладзіміра, практычна ўсе штрафы, якія ён атрымаў (іх сумарная колькасць перавышае 3600 рублёў) выплаціў сам. Нягледзячы на тое, што гэта ўдар па сямейным бюджэце, сваякі Уладзіміра ва ўсіх рашэннях яго падтрымліваюць.

«Мяне няма за што прыцягнуць, але сілавікі спрабуюць. Калі мясцоваму міліцыянту размалявалі плот, сказалі, што гэта я зрабіў. Нада мной пастаянна вісіць пагроза крымінальнага пераследу».

Раніцай 26 лістапада на месцы працы Уладзіміра Зубрыцкага адбыўся пажар. У будынку станцыі тэхнічнага абслугоўвання былі вялікія пашкоджанні, згарэла абсталяванне.

«Ужо на наступны дзень мяне затрымаў крымінальны вышук. Першае, што сілавікі сказалі: ходзяць чуткі, і, хутчэй за ўсё, недарэмныя, што гэта ты падпаліў. Я пачаў сцвярджаць, што гэта хлусня, таму што я там прапрацаваў каля 10 гадоў. З усімі калегамі мы ў сяброўскіх стасунках, – расказвае Уладзімір. – Потым праваахоўныя органы ад мяне адчапіліся. Сітуацыя неяк вырашылася».

Праблем з пошукам новай працы Уладзімір не меў. Паводле яго слоў, пасля пажару знаёмыя адразу ж прапанавалі перайсці ў суседнюю СТА (іх у горадзе тры).

«Большасць з тых, хто са мной працуе, прытрымліваюцца такіх жа поглядаў, што і я. Выходзілі на плошчу, стаялі ў «ланцугах салідарнасці». Свае людзі, можна сказаць», – кажа Уладзімір. Гаворыць, што сёння сваю грамадзянскую пазіцыю будзе праяўляць «больш асцярожна». Аднак па-ранейшаму сцвярджае, што рамантаваць машыны сілавікоў не будзе. «Гэта мая прынцыповая пазіцыя. І яна толькі ўмацоўваецца».

Поделиться ссылкой: