Сябры Народнага Сакратарыята: Сябры Народнага Сакратарыята. Сядзяць – Алесь Бурбіс, Янка Серада, Язэп Варонка (старшыня НС), Васіль Захарка; стаяць – Аркадзь Смоліч, Пётр Крачэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц.

103 гады таму, 9 сакавіка 1918 года, у акупаваным кайзераўскімі войскамі Мінску была прынята Другая Устаўная грамата, што абвяшчала БНР. А праз два тыдні, 25 сакавіка, была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.

За тыдзень да гэтага паміж немцамі і бальшавікамі быў заключаны Брэсцкі мір. За немцамі заставалася паўночна-заходняя частка Беларусі, а бальшавікі мусілі атрымаць цэнтральныя і ўсходнія тэрыторыі. Апроч таго, немцы паабяцалі бальшавікам не прызнаваць ніякіх дзяржаў на акупаваных тэрыторыях, якія пасля 3 сакавіка 1918 года абвясцілі пра сваю незалежнасць. Народны Сакратарыят і Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда нямецкія ўлады, што сядзелі ў Мінску, таксама не прызнавалі.

У такіх умовах беларускія палітыкі вырашылі абвясціць Другую Устаўную грамату. Першая грамата была апублікавана 21 лютага.

Тэкст Другой граматы складаўся з васьмі пунктаў. У межах рассялення беларускага народа сімвалічна абвяшчалася Беларуская Народная Рэспубліка. Часова заканадаўчую ўладу ў БНР брала на сябе Рада І Усебеларускага з’езда.

Абвяшчаліся правы і вольнасці грамадзян і народаў Беларусі: свабода слова‚ друку‚ сходаў. Была скасавана прыватная ўласнасць на зямлю, устаноўлена працягласць рабочага дня 8 гадзін, абвяшчалася роўнасць усіх моў і права ўсіх народаў на аўтаномію.

18 сакавіка Рада Усебеларускага з’езда была перайменавана ў Раду БНР, 23 сакавіка ў яе склад была ўключана Віленская Беларуская Рада, а раніцай 25 сакавіка была прынята Трэцяя Устаўная грамата, якая сімвалічна абвяшчала незалежнасць БНР.

103 гады таму была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка
Устаўная грамата

Поделиться ссылкой: