
Як вядома, лідар АГП Мікалай Казлоў быў асуджаны на 15 сутак за адмову даваць у Следчым камітэце падпіску аб неразгалошванні. Суд адбыўся 18 лютага.
Кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі выклікалі да следчых яшчэ ў снежні 2020 года, каб ён даў тлумачэнні аб дзейнасці Каардынацыйнай рады. Пратакол склалі пасля таго, як Казлоў трэці раз запар адмовіўся даваць падпіску аб неразгалошванні. Забралі яго адбываць суткі толькі 1 сакавіка, але ўчора нечакана адпусцілі.
“Народная Воля” пацікавілася, як партыя абараняла свайго лідара, пакуль той быў за кратамі. Найперш з гэтым пытаннем мы звярнуліся да намесніка старшыні АГП Вольгі Беляўцовай.
– Ужо каторы месяц улады прэсуюць Мікалая Казлова. Чаму з гэтай нагоды маўчыць партыя? Што вы зараз прадпрымаеце?
– Нельга сказаць, што партыя зусім нічога не робіць з гэтай нагоды і не бачыць, што адбываецца. Пытанне незаконнага асуджэння Мікалая Казлова абмяркоўвалася на Палітрадзе.
– Можа быць, была з гэтай нагоды прынята нейкая афіцыйная заява?
– Не, заява не прымалася, але гэтае пытанне абмяркоўвалі…
– Чаму партыйцы з нагоды арышту Казлова не ладзілі нейкія пікеты альбо мітынгі не толькі ў Мінску, але і па ўсёй краіне? Ці падавалі заяўкі на правядзенне акцый у абарону лідара партыі?
– На Палітрадзе абмяркоўвалася пытанне наконт падачы заяўкі на святкаванне Дня Волі, і большасць сябраў рады выказаліся за тое, каб не падаваць заяўку. Як вядома, падчас любой акцыі трэба аплачваць працу праваахоўнікаў, а ў нас няма жадання іх фінансаваць.
Гэта, дарэчы, і пазіцыя Мікалая Казлова. Таму мы наогул не падаём заяўкі на правядзенне любых масавых мерапрыемстваў.
Але мы ўсе ў партыі вельмі перажываем за Мікалая Казлова. Яму аказвалася юрыдычая падтрымка і гэтак далей.
Пракаментаваў сітуацыю таксама і адзін з ветэранаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін:
– Пасля арышту Мікалая Казлова мы, безумоўна, праінфармавалі міжнародную супольнасць. У прыватнасці, звярталіся ў Еўрапейскую народную партыю, назіральнікамі якой мы з’яўляемся, у Савет Еўропы і некаторыя іншыя структуры.
А што тычыцца прыняцця нейкіх гучных заяў з гэтай нагоды ў Беларусі, то каму будуць такія заявы накіраваны? Да ўлады, чыю легітымнасць мы не прызнаём? Які сэнс?
Заклікаць да справядлівасці? Сёння, прабачце, бел-чырвона-белыя трусы, якія вісяць на балконе тваёй кватэры, могуць прызнаць (і прызнаюць) несанкцыянаваным пікетаваннем і за гэта адпраўляюць на “суткі”. Закона ў краіне няма, права не працуе, і мы не лічым неабходным да некага звяртацца з заявамі. Яны нічога не зменяць, і да іх ніхто не прыслухаецца.
– Чаму партыя не падавала заяўкі на правядзенне акцый у падтрымку Мікалая?
– Адказ той жа самы. Якія могуць быць заяўкі да тых, каго мы не прызнаём легітымнымі? Плаціць грошы тым, хто нас затым будзе за гэтыя ж грошы біць? Няма сэнсу.
Хаця ўсе мы і так бачым абсурднасць справы Мікалая Казлова. Хачу таксама адзначыць, што Мікалай ведаў, на што ён ідзе і чым усё можа закончыцца. Ён не скарыстаўся самацэнзурай, бо мае пэўныя перакананні, і за гэта яго прэсуюць.
***
АД РЭДАКЦЫІ
Заўважце, шаноўныя чытачы: нейкія няўцямныя адказы пачуў наш журналіст ад паплечнікаў Мікалая Казлова. Атрымліваецца, што ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі няма ніякіх магчымасцяў абараніць свайго кіраўніка. Ці не ранавата вы, шаноўныя, распісваецеся ў бяссіллі? Скажыце лепш, што ў партыі няма той згуртаванасці, якая надала б ёй магутнасць у адстойванні правоў сваіх сяброў. А змагацца за справядлівасць ёсць маса сродкаў. Было б жаданне. Шкада, што яго ў партыйцаў не хапае…
Публікацыя – з № 17 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.











